Рэня паскорыла крок, але тут падышоў тралейбус, Зоя падбегла і ўскочыла ў яго. Рэні не трэба было ехаць на тралейбусе, яна жыла недалёка, у інтэрнаце. «Скажу Валі і Любе, калі будуць браць білеты ў кіно, хай возьмуць і на Зою»,— падумала яна.
Чым бліжэй падыходзіла Рэня да інтэрната, тым менш думала пра завод, пра Зою. Перад вачыма ўсплываў столік — маленькі жоўты падрапаны столік, які стаіць пры ўваходзе ў інтэрнат і ля якога заўсёды сядзіць цётка Феня.
Рэні так і ўяўляўся белы канверт на гэтым століку — ліст ад Юры. Можа, ліст ужо ляжыць там, і на яго ўсе абыякава пазіраюць. I толькі Рэня аж засвеціцца з радасці, убачыўшы гэты канверт і адразу пазнаўшы яго, нават не разгледзеўшы яшчэ на ім свайго прозвішча.
Рэня зноў паскарае хаду, адным рыўком адчыняе дзверы.
Ляжыць… Вядома, ляжыць! Ах, Юра, як добра… Каб ты ведаў, якая гзта радасць — атрымаць ад цябе ліст! Схапіць яго і бегчы па лесвіцы ў пакой, прымасціцца ў куточку, нецярпліва распячатаць, дастаць некалькі лісткоў, спісаных тваім прыгожым, дробным почыркам, і чытаць іх. Прачытаць раз — скарэй, скарэй, каб хутчэй ведаць усё, пра што ты напісаў, а пасля перачытаць другі раз, ужо больш спакойна, думаючы над кожным словам. А потым перачытаць і трэці раз і, нарэшце, позна вечарам зноў дастаць твой ліст і яшчэ перачытаць яго, каб заснуць, ужо на памяць ведаючы кожны радок.
«Родная мая, любая,— пісаў Юра.— Лічу дні да нашай сустрэчы, хоць іх яшчэ вельмі і вельмі многа. Аж да зімовых канікул. Каб хутчэй ішоў час, імкнуся запоўніць яго з раніцы да вечара. А гэта мне няцяжка, бо работы багата. 3 самага пачатку года, як і казаў табе, узяўся за дыплом. Матэр’ялу ў мяне ўжо вельмі многа, так што хлопцы жартуюць, што я адразу хачу кандыдацкую дысертацыю напісаць.
Каб ты ведала, як хочацца хутчэй скончыць інстытут і паехаць працаваць. Калі я паступаў у інстытут, то тады яшчэ не разумеў, якая гэта паважаная, высакародная спецыяльнасць — быць інжынерам-мостабудаўніком. Я нават не ведаю, як табе растлумачыць, чаму я лічу гэту спецыяльнасць такою высакароднаю. Скарачаць адлегласць… падаваць руку людзям… не, не тое, не тое я адчуваю, калі думаю аб сваёй будучай спецыяльнасці, нейкія асаблівыя пачуцці поўнілі мяне, калі я сёлета быў на практыцы і ўжо нечым памагаў на будаўніцтве.
Але я ўсё пра сябе пішу. А як там твае справы? Ці думаеш ты так пра мяне, як я пра цябе? Я, ведаеш, цяпер гляджу на ўсе жаночыя гадзіннікі. А можа каторы — мінскі? Нядаўна ў нас тут, у інтэрнаце, збіралася кампанія і ў адной дзяўчыны я ўбачыў ваш гадзіннік. Паверыш, нібы прывітанне ад цябе атрымаў.
Часта думаю, як нялёгка табе і працаваць і вучыцца. Але ты вучобы не кідай. Час ідзе хутка. Я вось і не агледзеўся, як інстытут канчаю. Хоць ты і вельмі занятая, я буду прасіць, каб ты пісала мне і больш, і часцей. А пакуль усяго табе найлепшага, самы блізкі мой, самы дарагі чалавек. Цалую цябе моцна-моцна.
Твой Юра».
Рэня некалькі разоў перачытала ліст і толькі тады пачала распранацца. Паволі скідала паліто, берэт, вешала ўсё ў шафу, а сама ўсміхалася. «Ці думаю я пра яго так, як ён пра мяне… Дурненькі… Ды ці бывае хвіліна, каб я пра цябе не думала… Пачую па радыё песню, якую ты так любіш —
Пока я ходить умею,
Пока глядеть я умею,
Пока я дышать умею —
Я буду идти вперед…—
і мне здаецца, што гэта ты спяваеш. А каб ты ведаў, як часта гляджу я на каляндар, лічу дні, колькі іх да студзеня… Бо і ты ж для мяне самы блізкі, самы дарагі на свеце чалавек».
Яна пачала рыхтаваць вячэру, напяваючы:
И снег, и ветер,
И звезд ночной полет
Меня мое сердце
В тревожную даль зовет.
Пасля памешвала ў каструльцы кашу і гартала старонкі кнігі — праглядала заданне сённяшняга семінара.
3
Рэня вырасла ў дзіцячым доме. Бацька яе загінуў на фронце. Маці забілі паліцэйскія. Бацька, спешна адыходзячы на вайну, забыўся дома пашпарт. Пайшоў толькі з вайсковым білетам. I маці вельмі берагла гэты пашпарт, хавала яго, а калі куды хадзіла, дык брала яго з сабою. Аднойчы яна пайшла ў вёску мяняць на харчы запалкі, соль і мыла. Бацькаў пашпарт узяла з сабою. Яна вярталася ўжо назад, калі ў лесе яе затрымалі паліцэйскія. Пачалі абшукваць і знайшлі пашпарт. Вырашылі, што жанчына несла яго партызанам. Тут жа, пры дарозе, і застрэлілі яе, забраўшы дзесятак яек і кавалачак сала, якія маці несла пяцігадовай Рэні.