Выбрать главу

Зоі захацелася сесці або прыхіліцца да чаго-небудзь. Яна адышла ад акна і пабегла з двара.

Ён пацалаваў яе, значыцца, ён яе кахае… I яна кахае яго, бо вунь якімі вачыма на яго пазірала… I цяжарная… У яе скора будзе дзіця… I як жа мог ён, Жэня, гаварыць Зоі, каб яна яго пачакала… Яна, Зоя, не ведала, што яго жонка цяжарная, а ён жа ведаў!

I раптам Зоя адчула агіду да сябе. Нібы ўвесь час яна рабіла нешта вельмі брыдкае.

Змучаная, разбітая прыйшла яна дахаты. Антаніна Іванаўна ўжо спала. Міхал Паўлавіч хадзіў узад-уперад па пакоі і курыў. Ён нічога не сказаў Зоі, і яна хутчэй прайшла ў другі пакой, распранулася, кінула адзежу абы-дзе і лягла ў ложак. Толькі тут дала яна волю свайму жалю. Плакала ціха, каб не пачуў бацька, каб не прачнулася маці.

17

— Дачушка, ну што ж ты ўсё ў хаце сядзіш, ты ж бы хоць на вуліцу пайшла пагуляла,—угаварвала Антаніна Іванаўна Зою, якая ляжала на канапе і, паклаўшы рукі пад галаву, пазірала некуды перад сабою. Антаніна Іванаўна села ля яе. Зоя глянула на маці, і сэрца Антаніны Іванаўны сціснулася — столькі суму ўбачыла яна ў доччыных вачах.

Зоя нічога не адказала.

— I што гэта робіцца ў хаце? — сашчапіла рукі Антаніна Іванаўна.— I бацька нейкі сам не свой. Вунь, зноў пайшоў недзе. I цябе нешта точыць. Ні з яго, ні з цябе слова не выцягнеш. Ці я вам чужая, што вы мне нічога не гаворыце? Не шкадуеце вы мяне зусім,— уздыхнула Антаніна Іванаўна.

— Мамачка, я не ведаю, што ў таты, а ў мяне нічога не здарылася,— адказала Зоя.

— Ну як жа нічога не здарылася, калі ты вунь як змізарнела… Я думала, кінеш работу, дык адразу паправішся, папаўнееш, а ты яшчэ больш высахла.

— Гэта табе здаецца, мамачка, я такая, як і была.

— Ох, дачушка, не абманеш ты матку. Але не хочаш гаварыць, не трэба,— і Антаніна Іванаўна цяжка паднялася, пайшла ў кухню. Зоя чула, як застукала яна там пасудаю.

Зоя заплюшчыла вочы. Яна гнала ад сябе думкі пра Жэню. Хацела выкрэсліць яго з свайго сэрца назаўсёды. Старалася больш нават не ўспамінаць яго. Але гэта было не так проста. Туга тачыла яе, і часам Зоі здавалася, што яна нават хоча сустрэцца з Жэнем, каб усё сказаць яму, каб хоць чым аблегчыць душу. Яна сказала б яму, што ён нядобры чалавек, сказала б, што і яна была дурная. Ды Жэня знік, і Зоя цяпер зусім адна. Каму раскажаш пра ўсё гэта? 3 кім параішся? 3 мамаю? Толькі расхвалюеш яе, напалохаеш.

Няхай бы дзяўчаты прыйшлі. Пабыць з кім-небудзь, пагаварыць абы пра што, каб толькі ўвесь час не думаць пра адно і тое ж. Ды ніхто да яе не прыходзіць. I Рэня больш не паказваецца. Праўда, у Рэні скора сесія, Рэні няма часу. А Валя з Любаю?

Зоя ўстала, пахадзіла па кватэры, падышла да акна. Ёй раптам захацелася на вуліцу, на сонца, на мароз. Яна апранула паліто, завязала пуховую шэрую хустку і выйшла на двор.

У двары гулялі дзеці. Бегалі, крычалі, даганялі адно аднаго. Па прымерзлай зямлі, мала дзе прысыпанай снегам, хлопчык цягаў санкі. Двое другіх валтузіліся пасярод двара, адбіраючы адзін у другога ржавае кола. Каля іх стаяла дзяўчынка ў белым футры, падвязанай чырвоным паскам. Пад футрам у дзяўчынкі, мусіць, было апранута яшчэ многа адзежын, бо яна была тоўстая, як кулёк.

— Ідзі, пагуляй з імі, — пачула раптам за сабою крыху насмешлівы голас Зоя. Яна азірнулася. На лавачцы ля пад’езда ў паліто з чорным коцікавым каўняром сядзела цётка Маша, нянька з чацвёртай кватэры. Цётка Маша трымала на руках дзіця, загорнутае ў ватовую коўдру, і з насмешкаю пазірала на Зою. Каля цёткі Машы сядзела жанчына ў ватоўцы і чырвонай невялікай хустачцы, завязанай пад бараду.

Зоя адвярнулася, нічога не адказаўшы на кпіны. I тут яна пачула за сабою шэпт. Цётка Маша гаварыла жанчыне, якая сядзела з ёю: «Такая дзяўчына, а не працуе, не вучыцца… На гадзіннікавым заводзе працавала, дык звольнілі…»

Як варам абдало Зою. Яна павярнулася і пабегла дамоў. Распранулася, кінула паліто і хустку.

— Чаго ж так скора? — здзівілася Антаніна Іванаўна. Яна стаяла перад Зояю з закасанымі рукавамі, рукі яе былі ў муцэ. I на твары ў яе была мука, але Зоя нават не сказала, каб яна выцерла твар.

Зоя зноў лягла на канапу, але хутка паднялася, узяла газету і пачала чытаць аб’явы.

«Патрабуюцца: бухгалтары… старшыя бухгалтары… інжынеры-электрыкі… тэхнікі па ацяпленню», — чытала Зоя.— «Завод імя Кірава набірае вучняў па спецыяльнасцях… токары, слесары, шліфоўшчыкі».