Яна апусціла газету на стол. Успомніла, як яшчэ ў дзесятым класе хадзілі яны на экскурсію на завод імя Кірава. Стук і грукат тады напалохалі Зою. Яна баялася падысці блізка да станка. Ёй здавалася, што зараз нешта зваліцца на яе і заб’е. Дык як жа яна пойдзе вучыцца на токара, слесара або шліфоўшчыка, калі баіцца станкоў, баіцца вялізнага цэха?
Вечарам Зоя не знаходзіла месца і зусім нечакана для сябе вырашыла схадзіць да дзяўчат у інтэрнат.
Калі яна адчыніла дзверы іхняга пакоя, ёй спачатку здалося, што не туды трапіла. Каб не Валя, якая, убачыўшы Зою, як на спружынах, падскочыла з канапы, Зоя павярнулася б і пайшла.
— Зойка! — кінулася да яе Валя.— Якім цябе ветрам сюды занесла? Хадзі, хадзі,— цягнула яна Зою за руку.
— Што гэта ў вас, перамены нейкія? — аглядаючы пакой, спыталася Зоя.— Яшчэ адзін ложак. I шафа раней, здаецца, не тут стаяла.
— I не кажы,— махнула рукою Валя.— Перамена дэкарацыі. Ведаеш, хто цяпер з намі жыве? Інка Горбач.
Гэта сапраўды было дзіўна.
— Чаму так? У яе ж бацькі ў Мінску.
— Распранайся, распранайся,— тузала Валя Зою за рукаў.— Ну, у нас тут такія перамены… ты ж нічога не ведаеш… Дурніца, чаму ты раптам кінула завод?
Яны селі на канапе. Зоя азіралася. Хоць цяпер стаяў тут чацвёрты ложак, у пакоі, як і раней, было ўтульна, чыста. Прыемна пахла антонаўкамі. Валя падкурчыла пад сябе ногі, зручней умасцілася і пачала расказваць Зоі пра навіны.
— Гэта ўсё з таго сходу пачалося, яшчэ як ты была. Помніш? Тады Інку Горбач і Вольга Мікалаеўна лаяла, і Ігар Барысавіч. Дык вось з таго сходу за яе і ўзяліся. Сам дырэктар выклікаў да сябе. I што ты думаеш, тут, аказваецца, і мы ўсе былі вінаватыя. Не ведалі, як яна жыве. А ў яе айчым — п’яніца. I маці не лепшая… Айчым з маткаю ў Інкі грошы ўсе адбіралі, нават білі. Цэлыя ночы гарэлку п’юць ды гуляюць. Інка спаць не магла. Яны і яе гарэлку піць прымушалі… Адным словам, пастанавіў камітэт камсамола перавесці Інку ў інтэрнат. А мы вырашылі ўзяць яе ў свой пакой. Яна так узрадавалася. I цяпер, ведаеш, зусім другая дзяўчына. Праўда, бывае яшчэ і ложак не прыбярэ, і пасуду не памые… Дык мы так далікатна, ала сурова,— і Валя сціснула свой маленькі кулачок, — напамінаем ёй… I на рабоце яна цяпер зусім іншая. Не спіць ужо за канвеерам. Ой, а ты не ведаеш, што ў нас на канвееры робіцца! — пляснула рукамі Валя.— Пензенцы нас на спаборніцтва выклікалі змагацца за званне брыгады камуністычнай працы. Ігар Барысавіч смяецца: «Куды вам, хоць брак перастаньце выпускаць». Але дарэмна ён так пра нас гаворыць, бо ў апошні час мы брак звялі да мінімуму, — з крыўдаю на Ігара Барысавіча сказала Валя.— Дык вось, ён кажа «куды вам», а Вольга Мікалаеўна — сваё: «Нам туды, куды і ўсім… Да камунізма…» I што ты думаеш? Прынялі мы выклік, і цяпер ужо так стараемся, так стараемся… I ведаеш, колькі мы даем гадзіннікаў? Сто дзевяноста за змену! Во! I яшчэ ў нас устанаўліваюць аўтаматыку. Гэта так цікава! Ты ж ведаеш, ва ўсім свеце зборка гадзіннікаў ідзе ўручную. Такіх аўтаматаў яшчэ не прыдумалі, а ў нас пачынаюць устанаўліваць. Але табе, можа, усё гэта не цікава? — насцярожылася раптам Валя.
— Не, не, цікава, расказвай,— адказала Зоя.
Ёй сапраўды было цікава. Яна нават зайздросціла Валі. У тае няма ніякага гора. Ёй весела. I жыць ёй так цікава. Ды не адной Валі, а ўсім дзяўчатам. Зоя цяпер зайздросціла нават Іне Горбач. Вунь, яна разам з дзяўчатамі жыве, працуе. Няўжо ж яна, Зоя, горшая за ўсіх?
— Чакай, я цябе яблыкамі пачастую,— ускочыла з канапы Валя. Яна падбегла да Любінага ложка, выцягнула з-пад яго скрынку. Там у тонкіх белых стружках ляжалі вялікія жоўтыя антоны. Валя дастала некалькі яблык, паклала на стол.
— Бяры, частуйся,— сказала яна. Гэта Любе бацькі з калгаса прыслалі, але ў нас тут усё агульнае. Еш.
Зоя ўзяла яблык, выцерла далоняй, адкусіла.
— А дзе Рэня?— спыталася яна.
— Рэня сёння ў інстытуце,— засоўваючы скрынку з яблыкамі пад ложак, адказала Валя.— Ты падумай, вось ужо на другім курсе! Летам пяройдзе на трэці. А я такая дурніца. У медыцынскі не папала і на вячэрняе аддзяленне паступаць не захацела. А час так ляціць. Вось і я ўжо на трэці курс пераходзіла б.— Яна зноў села на канапу, з хрустам адкусіла яблык. — На лета і я паступаць буду. I Люба таксама. Абавязкова, вось убачыш,— з поўным ротам гаварыла яна.— Ну, а ты як жывеш? Нешта пахудзела. — I, не чакаючы адказу, зноў загаварыла:— А ведаеш, да Жэні жонка прыязджала. Цяжарная. Пабыла тут дзён пяць і паехала. I Жэня з ёю. Узяў адпачынак і паехаў.
Валя-гаварыла пра гэта нібы між іншым, нібы і не думала яна, што гэта цікавіць Зою. Яна прыкінулася, што не заўважыла і таго, як пачырванела Зоя. А тая таксама старалася зрабіць выгляд, што гэта яе зусім не цікавіць.