Як толькі Юра расплюшчыў вочы, Антаніна Іванаўна прыбегла да яго з талеркаю, на якой стаяў вялікі белы кубак, поўны пахучай свежай кавы, і ляжала нядаўна спечаная ружовая булачка.
— На, сыночак, выпі. Раніцою гэта добра. Ды не ўставай яшчэ.
Для Юры гэта было нечакана. Ён сеў на ложку, нялоўка ўсміхнуўся.
— Мамачка, нашто гэта ты? — сказаў ён.— Я да такога не прывык.
— А ты прывыкай, прывыкай, сынок,— ставячы талерку на крэсла, што стаяла ля ложка, гаварыла Антаніна Іванаўна.— Гэта толькі на здароўе. Выпі, выпі,— узяла яна яго за плечы.
— Ну, добра,— сказаў Юра.— Вып’ю, але болей ты так не рабі. Мне нават сорамна.
Калі ўсе паснедалі і Антаніна Іванаўна ўзялася прыбіраць са стала, Юра спыніў яе.
— Мы з Зояй пасуду прыбяром. А ты адпачні ідзі. Ты сёння ўстала рана.
— Што ты, сынок,— пляснула рукамі Антаніна Іванаўна.— Хіба я табе дазволю з пасудай займацца? Ды і не стамілася я. А што ўстала рана, то ці магу я спаць, калі радасць у нас такая.
Але Юра ўжо збіраў талеркі. Зоя кінулася яму памагаць.
— А што ж я буду рабіць, дзеткі,— пляскала рукамі Антаніна Іванаўна.
Міхал Паўлавіч весела пазіраў на дзяцей.
— Што, маці? Выходзіць, дзеці работу адабралі? Нічога, не бядуй.
Калі пасля Антаніна Іванаўна ўзялася прыбіраць у хаце і, сабраўшы палавікі, паклала іх ля дзвярэй, каб вынесці на двор і выбіць, Юра схапіў іх і знік за дзвярыма. Не паспела Антаніна Іванаўна агледзецца, як ён ужо што сілы трос іх на двары.
I зноў Антаніна Іванаўна, склаўшы рукі, пазірала на сына.
А Юра бачыў, як тупае маці па кватэры, гатуе, мые, прыбірае, і яму рабілася шкада яе. Яму было нават няёмка, што яна для яго так стараецца, і ён усё шукаў, чым бы памагчы ёй. Калі назаўтра Антаніна Іванаўна, надумалася мыць падлогу, ён не даў ёй гэтага рабіць.
У Антаніны Іванаўны ўжо не было сілы спрачацца, а Міхал Паўлавіч ціхенька кпіў:
— Во, можа Юра навучыць нашу Зою падлогу мыць, бо яна ж не ўмее.
Яшчэ зусім нядаўна Зоя любіла падоўгу прастойваць перад люстэркам, і так і гэтак зачэсваць валасы, мераць новыя сукенкі. Зоя лічыла, што яна прыгожая, а гэта — галоўнае, гэта — важней за ўсё.
Але ў апошні час яна пачала абмінаць люстэрка. Ужо каторы раз спрабавала яна зірнуць на сябе не звонку, а знутры, паглядзець на сябе вачыма старонняга чалавека. I яна пачынала адчуваць, што страціла ў жыцці нешта вельмі важнае. Зоя больш не падабалася сама сабе.
Яна вельмі баялася, каб не даведаўся Юра пра тое, што было ў яе з Жэнем. Яна вельмі прасіла Рэню, каб тая нічога не гаварыла Юру пра яе. Рэня абяцала. Але ці стрымае яна слова? У іх жа з Юрам вунь якія адносіны. Яны, мусіць, усё-ўсё адзін аднаму расказваюць.
I Зоі зноў зрабілася крыўдна…
Рэня цяпер амаль кожны вечар бывала ў Булатаў. 3 работы адразу ішла да іх. Тут чакалі Рэнінага прыходу і без яе не садзіліся абедаць. А пасля абеду ўсе збіраліся разам. Антаніна Іванаўна садзілася ў крэсла, складвала на каленях рукі і глядзела на Юру. Рэня і Зоя ўмошчваліся на канапе, прыхіляліся адна да адкой і слухалі, пра што гаварылі Юра і Міхал Паўлавіч. А Міхал Паўлавіч заводзіў з Юрам доўгія размовы пра міжнародныя падзеі, пра Юраву прафесію. Юра расказваў яму пра масты. Аб іх ён гаварыў з захапленнем.
— Ты разумееш, што такое мост? Гэта твор мастацтва. Як і кожны твор мастацтва, ён мае свой нацыянальны характар_ з’яўляецца як бы комплексам, неад’емнай часткаю архітэктуры, уласцівай той альбо другой краіне. Адзін выгляд маюць масты Італіі — яны лёгкія і далікатныя. Ну, як лірычныя вершы. I зусім іншыя масты сярэдневяковай Іспаніі. Гэта ўжо эпічная паэма. Альбо масты Францыі, Парыжа. Колькі ў іх элегантнасці! А ёсць масты-вуліцы, масты-базары…
Міхал Паўлавіч слухаў сына, не зводзячы з яго позірку. Усё, што расказваў сын, было цікава, але самае галоўнае было тое, што гэта расказваў яго сын, што яго сын — дарослы чалавек і такі разумны, харошы.
«Масты, масты»_ — уздыхае Міхал Паўлавіч. Для яго масты часцей за ўсё былі сродкамі камунікацыі. Ён узрываў тыя масты, па якіх мог прайсці вораг, і спешна наладжваў масты-пераправы для сваіх часцей. Колькі іх, мастоў, прыйшлося ўзарваць за час Айчыннай вайны! Ён тады не думаў, што масты, якія ён узрываў, былі творамі мастацтва. Проста іх было вельмі шкада ўзрываць.