Выбрать главу

— А масты старой Расіі? — гаварыў Юра. — Яны, як і ўся старая Русь, былі драўляныя. А якія геніяльныя праекты мастоў стваралі рускія вучоныя! Узяць хаця б мост Кулібіна, спраектаваны яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі. Праектам Кулібіна захапляліся вучоныя ўсяго свету. Яны называлі Кулібіна вялікім артыстам. Дарэчы, Рэнечка, — павярнуўся ён да Рэні. — Кулібін мае дачыненне і да тваёй спецыяльнасці.

— Ведаю, — хітра прыжмурыла вочы Рэня. — Кулібін зрабіў і цуда-гадзіннік, велічынёю з качынае яйка. Кожную гадзіну ён званіў, у ім адчыняліся дзверцы, і маленькія артысты паказвалі прадстаўленне, — як вучаніца ўрок, адказала Рэня.

Юра і Рэня не хавалі сваіх адносін ад Антаніны Іванаўны і Міхала Паўлавіча, ад Зоі. Юра заўсёды з нецярпеннем чакаў, калі прыйдзе з работы Рэня. А Рэня, як толькі ўбягала ў хату, адразу пыталася: «А Юра дзе?»

Аднойчы Антаніна Іванаўна завяла Юру ў спальню, зачыніла за ім дзверы, пасадзіла ў крэсла. Юра зразумеў, што маці хоча нешта сказаць яму.

Антаніна Іванаўна падышла да Юры, пагладзіла яго светлыя валасы, пацалавала ў шчаку.

— Шурачка, — загаварыла яна. — А як у вас з Рэняю? Што вы думаеце рабіць… Вы ўжо аб усім дамовіліся ці яшчэ не?

— А яна табе падабаецца, мама? — спытаўся Юра.

— Ды яна мне ўжо як дачка.

— Праўда? — усміхнуўся Юра. — Ну, тады я вельмі рады.

Антаніна Іванаўна расчулілася, у вачах яе бліснулі слёзы.

— Дык, сыночак, — сказала яна, — узялі б вы тады ды зарэгістраваліся… Пакуль твае канікулы, і вяселле згулялі б.

Юра хвіліну сядзеў, збянтэжаны. Пасля падняўся, падышоў да акна. Стаў ля яго і некаторы час пазіраў, заклаўшы за спіну рукі, пасля павярнуўся да маці.

— Дзякуй табе, мамачка, за тое, што ты сказала. Але, ведаеш, — усміхнуўся ён. — Вось скончу інстытут — яшчэ ж усяго паўгода засталося і тады… Тады мы з Рэняй і пажэнімся.

— Што ж, табе відней, сынок,— уздыхнула Антаніна Іванаўна. — Толькі вось паедзеш жа ты зноў. Хай бы Рэня ўжо ў нас жыла. Гэта ж так добра, калі сям’я вялікая.

— Дык яна ў нас і будзе, мама.

23

Зіма прыбрала горад на свой лад. Дахі дамоў былі белыя. Галіны дрэў страсалі іней на плечы і на капелюшы прахожых. Звонка гучалі галасы і смех дзяцей, што гулялі ў скверыку. Хлапчукі, выкачаныя ў снезе, на каньках з’язджалі з горкі. Падалі, збіваліся ў кучу і зноў карабкаліся на гару. Юра з Зояй пастаялі, паглядзелі на дзяцей.

— Ведаеш што, давай пойдзем сустракаць Рэню, — сказаў Юра.

— Давай, — згадзілася Зоя.

Калі яны пад’ехалі да завода, з прахадной пачалі выходзіць работніцы. Замільгалі сінія, зялёныя, чырвоныя капелюшы і хусткі. На белым снезе, які прасціраўся вакол, усе колеры здаваліся асабліва яркімі.

У Зоі раптам моцна забілася сэрца. Яна і не думала, што так расхвалюецца тут. 3 нейкім жалем пазірала на дзверы прахадной. Гэта ж нядаўна вось так канчала рабочы дзень і яна. А цяпер яна тут чужая: стаіць збоку і пазірае, як разыходзяцца дзяўчаты, рассыпаюцца, як пацеркі з ніткі. А заўтра зноў збяруцца разам…

Праходзілі знаёмыя дзяўчаты. Многіх з іх Зоя ведала толькі ў твар. Але кожную хвіліну маглі паказацца з іх цэха, з іх брыгады. I хацелася Зоі ўбачыць каго, і было боязна, і яна то адыходзіла ад Юры, то бліжэй падступала да яго, нібы нават хавалася за яго спіну. А Юра пільна сачыў за дзяўчатамі, выглядваючы Рэню.

— Мы тут яе, чаго добрага, прапусцім, — сказаў ён нарэшце і ўзяў Зою за руку. — Хадзем бліжэй да прахадной.

А вось і Рэня. Русыя кудзеркі выбіліся з-пад невялічкай футравай шапачкі. Густыя бровы на белым ілбе, як крылы чорнай птушкі. I сама Рэня, як птушка — лёгкая, шчаслівая. Вось ўбачыла Юру з Зояй, падбегла да іх.

— Ты не стамілася? — пазірае ў Рэніны вочы Юра і страсае з яе пляча сняжынкі. — Калі не, то давайце пагуляем.

— Давайце, — ахвотна згадзілася Рэня.

— Але можа ты есці хочаш? Ты ж з работы, — схамянуўся Юра.

— Пакуль што не, — усміхаецца яна, — а вось як пагуляем, то і апетыт разгуляецца.

— Дык ведаеце што, давайце паедзем у горад, пакажыце мне ваш славуты пуцеправод, што каля Дома ўрада.

Былі так званыя «гадзіны пік». На прыпынку тралейбуса стаяла доўгая чарга, але яны неяк селі. Юра з Рэняю пасля прасунуліся наперад, а Зою скора адціснулі на заднюю пляцоўку, у самы канец тралейбуса. Але Зоя не адчувала цеснаты, не звяртала ўвагі на штуршкі і на тое, што стаяць нязручна.

Ёй раптам вельмі захацелася, каб і яна ехала цяпер з работы. Хай бы кожны дзень была вось такая цесната. Гэта ж такое шчасце — быць разам з усімі. Ты, як і ўсе, едзеш з работы, як і ўсе, заўтра пойдзеш зноў. I паслязаўтра…

На прыпынку каля Дома ўрада выходзіла вельмі многа пасажыраў.