Выбрать главу

Гэта было ўжо ў 1944 годзе. Скора Савецкая Армія выгнала захопнікаў, і дзяўчынку ўзялі ў дзіцячы дом.

Там былі дзеці, якіх вайна зрабіла сіротамі. Але час ішоў, і ў некаторых з іх аб’яўляліся бацькі. У Мані Ражковай, худзенькай дзяўчынкі з тонкімі белымі коскамі, бацька, як выявілася, не загіцуў. Праз пяць год пасля вайны ён знайшоў дачку і забраў яе з дзіцячага дома. Рэня сябравала з Маняю, і калі сяброўку забіралі, яна з зайздрасцю пазірала, як ішла Маня, трымаючыся за бацькаву руку. У Валодзі Кажухова знайшлася маці. Гэта была не маладая, бедна апранутая жанчына. Адзін рукаў яе паношанай світкі быў запіхнуты ў кішэню — у жанчыны не было рукі. Яна ўвесь час плакала, выціраючы вочы рогам вялікай чорнай хусткі. Плакала і ўсміхалася, і пакуль збіраўся Валодзя, хадзіла за ім следам, як прывязаная. А Рэня пазірала на яе і думала: «Ну, хай бы і мая мама была жывая… Хай бы знайшла мяне тут…»

Многа год самым гарачым жаданнем было ў Рэні — каб у яе аб’явіліся бацькі. Яна не верыла ў смерць маці, не верыла, што бацька загінуў. Яна чакала, што нехта знойдзе яе, забярэ з Калінаўкі. Не таму, што дрэнна было ёй у дзіцячым доме. Не. Тут былі сябры. Тут была Разалія Сямёнаўна, да якой бегла Рэня, калі хто крыўдзіў яе. Але ўсё-такі Рэня чакала. Чакала і спадзявалася.

Аднак ніхто не прыязджаў па Рэню, і дзяўчынка, падрастаючы, пачынала разумець, што каб быў у яе хто з блізкіх, то ўжо знайшоў бы яе. А калі за трынаццаць год так ніхто і не з’явіўся, то чакаць больш і не варта. Наперадзе было жыццё. Яно клікала на свой шырокі, нязведаны прастор, і мары дзяўчыны беглі туды.

Калі з гадзіннікавага завода ў дзіцячы дом прыйшла адносіна з просьбай прыслаць трох дзяўчынак, Разалія Сямёнаўна першай назвала Рэню.

— У дзяўчынкі залатыя рукі,— гаварыла яна дырэктару дзіцячага дома Івану Гаўрылавічу.— I ў вышывальным гуртку яна лепшая рукадзельніца, і ў сталярнай майстэрні не горш за хлопчыкаў працуе. Вунь, пудэлачак, што яна зрабіла, на выстаўцы стаіць, — паказала Разалія Сямёнаўна ў бок залы, дзе размяшчалася выстаўка работ выхаванцаў.

— Усё гэта я ведаю, Разалія Сямёнаўна,— гаварыў Іван Гаўрылавіч, дастаючы з шафы папку з дакументамі Рэні Валожынай.— Толькі можа яна захоча ў інстытут паступаць.

Разалія Сямёнаўна таксама задумалася. Хіба не хацела яна Рэні самага лепшага. Ды і не толькі Рэні, а ўсім дзецям, якія вось тут, на яе вачах падрасталі. Хіба не хацела б яна, каб Рэня вучылася, але ж конкурсы цяпер вялікія: ці паступіць!..

— Давайце спытаемся ў яе,— паклаў на стол папку Іван Гаўрылавіч.— А наогул, яна дзяўчынка здольная, старанная. Захоча, будзе працаваць і вучыцца. На завочным аддзяленні, на вячэрнім.

Як толькі Рэня даведалася, што ў яе ёсць магчымасць паехаць працаваць на гадзіннікавы завод, у думках, у марах яна ўжо была там — хадзіла па цэху, сядзела за канвеерам, рабіла нейкую сваю, яшчэ невядома якую, але важную работу. У марах яна ўжо жыла ў вялікім горадзе, гуляла па яго прыгожых вуліцах. «А вучыцца я абавязкова пайду. На вячэрні… У політэхнічны»,— думала Рэня.

Прыходзіў у марах да яе і юнак, якога яна сустрэне ў Мінску. Можа, ён на заводзе працуе і не ведае, што скора прыедзе Рэня, і яны сустрэнуцца? А можа ён вучыцца ў інстытуце, куды паступіць і яна? Ён абавязкова вельмі разумны, прыгожы, дужы, адважны. Яны разам будуць працаваць і вучыцца, хадзіць у кіно, тэатры.

Юнак не прымаў у Рэніным уяўленні рэальнага аблічча. Яна не магла ўявіць сабе яго вачэй, твару. Тым больш не магла яна дапасаваць героя сваіх патаемных мараў да каго-небудзь са знаёмых хлопцаў і асабліва да тых, з якімі расла, гадавалася ў дзіцячым доме. «Той» юнак быў з іншага жыцця, якога яшчэ не ведала Рэня, але якое прыйдзе да яе, скора наступіць.

Калі цяпер Рэня ўспамінае ўсё гэта, ёй робіцца смешна. Яна думала, што той адзіны, якога мусіць сустрэць яна ў жыцці, недзе далёка. А ён, выходзіць, увесь час быў побач. Рэня і падумаць не магла, што ім мог аказацца Юра, той самы Юра, які гадаваўся і рос разам з ёю, часам, цягаў нават за косы. Праўда, яшчэ даўно, калі яны былі зусім малыя, Рэня неяк раз падумала, што Юра незвычайны хлопчык. Яна добра памятае той выпадак.

Аднойчы ў дзіцячы дом прыехала прыгожа апранутая жанчына. На ёй было доўгае паліто, вузкае ў стане і шырокае ўнізе, чорныя туфлі на высокіх абцасах, у руках чорная бліскучая сумачка. Аказалася, што гэта Юрава маці, якая доўга шукала яго і толькі цяпер знайшла. Яна паехала з Юрам у мястэчка і адразу купіла яму прыгожы шарсцяны гарнітур, паліто, не такое, як насілі ўсе ў дзіцячым доме, жоўтыя чаравікі. 3 дзецьмі яна гаварыла ласкава, частавала цукеркамі. Але калі пагладзіла сваёю белаю рукою з пафарбаванымі пазногцямі Рэню па шчацэ, рука гэта здалася Рэні халоднай. Ад яе не было так хораша, як ад рукі Разаліі Сямёнаўны.