Выбрать главу

— Фу, ледзь даехалі, — папраўляў паліто, шапку Юра. — Як цябе там, сястрычка, не задушылі? — падаў ён руку Зоі, якая апошняй паказалася ў дзвярах.

Яны хадзілі па мосце, любаваліся горадам.

— Чакай, я ніяк не магу сарыентавацца,— брала Рэня Юру за руку.— Гэта якая вуліца? Маскоўская? Ой, не, гэта Бабруйская,— пазнавала яна.— Маскоўская там, у канцы моста. Глядзі, Юра, як хораша тут.

— Вядома, хораша. I горад ваш харошы. Прыгожы горад.

— Дзіва! — радавалася Рэня.

Яны зноў хадзілі па мосце, глядзелі на праспект, абрысаваны лініямі агнёў. Злева велічна ўзвышаўся будынак Дома ўрада. Шэры змрок апускаўся на горад. Успыхвалі неонавыя надпісы. Загараліся фары аўтамашын. I безліч аганькоў — зялёных, чырвоных, сініх пачынала мільгаць на вуліцах. Прыбывала пешаходаў.

Рэня з Юрам жартавалі, смяяліся. А Зоя ішла сцішаная і ўвесь час маўчала. Юра заўважыў гэта.

— А ты, сястрычка, чаму сёння такая невясёлая?

— Ат, нічога. Не звяртайце на мяне ўвагі.

Антаніна Іванаўна не магла дачакацца дзяцей. Яна прыслухоўвалася да кожнага стуку на лесвіцы, пазірала праз акно на асветленую ліхтарамі вуліцу.

— Нарэшце,— з палёгкаю ўздыхнула яна, калі дзеці з’явіліся.— I дзе гэта вы так позна галодныя ходзіце?

Яна адразу кінулася падаваць абед, забегала, замітусілася.

За сталом Рэня і Юра расказвалі, як яны гулялі па горадзе.

Антаніна Іванаўна з трывогаю пазірала на Зою. Не падабалася ёй дачка — нейкая бледная і сумная.

Калі прыбралі са стала і Зоя з Рэняй пайшлі ў кухню мыць пасуду, Антаніна Іванаўна ўздыхнула.

— Бачыце, якая яна… Што гэта з ёй робіцца?

Міхал Паўлавіч кашлянуў, устаў, прайшоўся па хаце.

— Я ведаю, чаму яна такая,— сказаў ён.— Але нічога, уладзім як-небудзь.

— Я, тата, таксама ўсё ведаю,— сказаў Юра.— I думаю, што нам трэба з ёю пагаварыць.

— Я якраз сёння і збіраўся гэта зрабіць.— заявіў Міхал Паўлавіч.

— Толькі не крыўдзіце вы яе,— затрывожылася Антаніна Іванаўна.

— Ну што ты, маці!..— усміхнуўся Міхал Паўлавіч.— Хіба адна ты яе шкадуеш?

Калі дзяўчаты скончылі работу, Міхал Паўлавіч паклікаў Зою:

— Хадзі сюды, дачка. Садзіся. Трэба нам з табою пагаварыць.

Зоіна сэрца ёкнула. Яна адразу здагадалася, пра што будзе гаварыць з ёю бацька. Ну, няўжо ён не мог пагаварыць як-небудзь так, каб не чуў Юра? I разам з тым нейкая надзея засвяцілася ў яе душы. Ёй так нядобра было ўвесь апошні час, так сорамна за сябе, так хацелася адчуць сябе іншым чалавекам… Дык можа зараз,.. цяпер што-небудзь вырашыцца…

Паслухмяна села яна на крэсла, склала на каленях рукі, апусціла вочы.

Гладзіла, распраўляла рукою абрус Рэня.

Антаніна Іванаўна ўся падалася да Зоі, нібы гатовая кожную хвіліну кінуцца дачцэ на дапамогу.

— Зацягнуліся, дачка, твае канікулы,— стараючыся глянуць Зоі ў твар, сказаў Міхал Паўлавіч.

Зоя яшчэ ніжэй апусціла галаву.

— Трэба ж, мусіць, некуды ісці табе працаваць. Як ты думаеш? — гаварыў бацька.

Зоя нічога не адказала.

— Паднімі вочы, дачка,— падышоў да яе Міхал Паўлавіч.— Тут жа ўсе свае. Усе мы любім цябе і дабра табе жадаем. Памагчы хочам. Ну, скажы, куды ты хочаш?

Зоя маўчала.

— Ох, якая ж ты ў мяне,— уздыхнуў бацька.— Бачу я, што зноў ты без мяне не абыдзешся. Але памятай, — бацька цяжка паклаў на стол руку,— гэта апошні раз. Больш я за цябе чырванець не буду. Больш каб ты мне работы не кідала.

Міхал Паўлавіч крыху перачакаў, пасля строга і ласкава, як гавораць з малым дзіцем, якое насваволіла, працягваў:

— Сёння я сустрэў аднаго свайго знаёмага. Ён на заводзе медпрэпаратаў працуе. Ім там у лабараторыю патрэбна вучаніца. Я спытаўся, ці не маглі б узяць цябе. Дык ён сказаў, што можна. Работа цікавая. I зарабляць там будзеш добра. Так што дамовіліся?

Зоя зноў не сказала ні слова.

— Ты нарэшце скажаш што-небудзь? — пачаў злавацца бацька.— Хочаш ты ў лабараторыю ці не?

— Не,— адказала нарэшце Зоя.

— Дык чаго ж ты хочаш? — з недаўменнем уставіўся на яе Міхал Паўлавіч.

— Я б хацела вярнуцца на завод, але…— запнулаея Зоя.

— А божачкі, — пляснула рукамі Антаніна Іванаўна. — Ты ж казала, што там табе было цяжка…

— Я б хацела вярнуцца,— падняла нарэшце вочы Зоя. Гэта былі Зоіны і не Зоіны вочы. Нешта новае было ў іх.

Зоя і сама здзівілася таму, што сказала. Яна даўно ўжо шкадавала, што кінула завод, але сама не ведала, што ёй так хацелася туды вярнуцца. Толькі калі бацька прапанаваў ісці на іншую работу, зразумела яна, што болып за ўсё ёй хацелася б у цэх, за канвеер.

Некаторы час у пакоі было зусім ціха.

— Як гэта добра, Зоечка,— радасна сказала Рэня. Яна падскочыла да Зоі, абняла яе,— Як добра, што ты хочаш вярнуцца на завод!