Выбрать главу

— Але не возьмуць мяне, не возьмуць,— з адчаем паглядзела на яе Зоя.

— Хай Міхал Паўлавіч сходзіць да дырэктара, пагаворыць. Вы ж сходзіце, праўда? — паглядзела на яго Рэня.

— А па-мойму, не трэба, каб тата хадзіў, — загаварыў Юра, які дагэтуль маўчаў і толькі прыслухоўваўся да таго, аб чым гаварылі. Цяпер ён неяк выпрастаўся, падцягнуўся і, здавалася, зрабіўся яшчэ вышэй ростам.— Не трэба, каб хадзіў тата,— паўтарыў ён.— Зоя — дарослы чалавек. Яна павінна ўжо адказваць за свае ўчынкі. Сама звольнілася з завода, хай сама цяпер пастараецца і вярнуцца. Другі раз будзе добра думаць, перш чым нешта зрабіць. А то прывыкне ўсё жыццё за нечую спіну хавацца. Ты не крыўдзіся на мяне, Зоя, за мае словы. Але зрабіла ты нядобра, калі пайшла з завода. Цябе вучылі, табе грошы плацілі за тое, што вучылі, дзяржава на цябе спадзявалася… Дык вось, ты сама павінна паправіць памылку.

Юра скончыў гаварыць, прайшоўся па пакоі, спыніўся, чакаючы, што скажа на гэта Зоя, што скажуць астатнія.

— Але не возьмуць мяне на завод, не возьмуць,— прыклала далонь да грудзей Зоя.

— Не возьмуць, тады будзеш думаць, што рабіць далей, а паспрабаваць вярнуцца трэба. Так я гавару, Рэня?

— Дырэктар вельмі добры чалавек, ён прыме цябе,—угаварвала Зою і Рэня.

— Не, ты скажы, ці правільна я кажу, што Зоя павінна сама выправіць памылку?

— Вядома, Юрачка, правільна,— згадзілася Рэня.

— А вы, мама, тата…

— Што ж, няхай паспрабуе,— кінуў недаверлівы позірк на дачку Міхал Паўлавіч.

— Ой, не ведаю, не ведаю,— уздыхнула Антаніна Іванаўна.

Ноччу Зоя доўга не магла заснуць, усё думала, што ёй рабіць.

Уяўлялася, як скажа ёй дырэктар: не, мы не можам прыняць вас на завод,— і ёй рабілася сорамна. Але калі ўяўлялася, як і заўтра, і паслязаўтра яна будзе пакутаваць ад думкі, што зрабіла вялікую памылку,— ёй станавілася яшчэ горш. Успамінаўся цэх, дзяўчаты ў белых халатах. Зоі вельмі хацелася зноў туды, да іх. Цяпер яна прыгадвала не тыя хвіліны, калі было цяжка, а тыя, калі ў яе нешта атрымлівалася. Зноў хацелася ўзяць у рукі інструмент. Цяпер бы яна так старалася…

24

Назаўтра яна ўстала рана і пачала збірацца на завод. Паглядзела на адну сукенку, на другую, але чамусьці не захацелася апранацца вельмі прыгожа. Дастала чорную спаднічку і сінюю шарсцяную кофтачку, у якой ездзіла ў Калінаўку. Проста зачасала валасы.

Нясмела адчыніла яна дзверы дырэктаравага кабінета.

Іван Іванавіч, нізка схіліўшыся да стала, гартаў нейкія паперы. Калі Зоя падышла да яго, ён падняў галаву і, нібы нешта ўспамінаючы, паглядзеў на яе.

Зоя трымала ў руках заяву, не адважваючыся падаць яе.

— Ну, давайце, што там у вас,— працягнуў Іван Іванавіч руку да лістка. Ён шпарка прабег вачыма напісанае, паклаў лісток на стол, а сам зноў уважліва паглядзеў на Зою.

— Гэта вы мне некалі сказалі няпраўду? — прагаварыў ён нарэшце.— Гэта вы прасілі звольніць у сувязі з пераездам?.. Цікава, цікава,— хмурыў бровы дырэктар.— То вы падавалі заяву аб звальненні з работы і так хацелі пайсці з завода, што нават ашукалі мяне, то зноў прыйшлі з заяваю, каб вас прынялі. Як я павінен разумець гэта?

«Адкуль ён даведаўся, што я сказала яму няпраўду? Мусіць, спытаўся ў Ігара Барысавіча, а той у дзяўчат»,— прыйшла думка.

— Чаго ж вы маўчыцё? —строга пазіраў на яе дырэктар.— У вас былі якія-небудзь сур’ёзныя прычыны для звальнення?

— Не,— адказала Зоя.

— Чаму ж цяпер вы хочаце вярнуцца на завод?

«Цяпер не варта і прасіцца, не даруе ён мне, што схлусіла»,— падумала Зоя і ледзь не заплакала ад крыўды і злосці на самую сябе.

— Маўчыцё. Вазьміце вашу заяву,— падаў ён Зоі лісток.— Я не магу то звальняць людзей, то зноў вяртаць іх. У мяне няма гарантыі, што праз тыдзень вы зноў не прыйдзеце да мяне з заяваю аб звальненні.

Зоя, не пазіраючы на дырэктара, узяла паперку, пайшла.

А Іван Іванавіч глядзеў, як павольна, апусціўшы рукі і плечы і неяк адразу абвяўшы, ішла Зоя да дзвярэй. Яна раптам здалася яму дзіцем, якога вось толькі што пакаралі, і яно, разумеючы, што зрабіла нядобра, паслухмяна ідзе, каб стаць у кут і адбываць там сваё пакаранне.

— Пачакайце!..

Зоя аж спалохалася, так нечакана спыніў яе дырэктар. Яна нясмела азірнулася.

— Ідзіце сюды,— паклікаў ён сурова.— Дайце вашу заяву.

Зоя падала яму лісток.

— Перадам вашу заяву ў камітэт камсамола. Хай абмяркуюць яе на сходзе,— паклаў ён лісток на край стала.— Калі вашы таварышы вырашаць прыняць вас назад у свой калектыў, тады і я згаджуся. А не захочуць яны, то і я не залічу вас. Усё… Ідзіце,— важка паклаў ён руку на Зоіну заяву.

Гэтыя дні Зоя жыла, як у сне. Яна ела, апраналася, хадзіла гуляць з Рэняй і Юрам, але рабіла ўсё гэта механічна. Яна ведала, што кожны дзень яе могуць выклікаць на камсамольскі сход. Усе будуць пазіраць на яе, шаптацца паміж сабою. Наўрад ці хто-небудзь заступіцца за яе.