Зоя бачыла, як Жэня нахіліўся да яго, нешта пачаў яму гаварыць усміхаючыся.
— Я прашу слова! — пачулася з апошніх радоў.
Зоя пазнала гэты голас — той самы, які нядаўна кінуў рэпліку.
— Гэта ж Валодзя! — сціснула Зоіну руку Рэня.
А Валодзя ўжо ішоў да прэзідыума. Халат расшпілены, і белае крыссе адлятае назад. Здаецца, што Валодзя не ідзе, а ляціць.
— Таварыш, які выступаў, — пачаў Валодзя, — гаварыў аб тым, што мы ідзём да камунізма. I гэта так. Тут ён сказаў правільна. Але, па-ягонаму, мы павінны адбіраць лепшых людзей і з імі, так сказаць, крочыць наперад, а іншых некуды «адсяваць». А што, хачу спытаць я, у нашай краіне будуць з тымі «высеўкамі» рабіць? Іх куды, на іншую планету адправіць? Не, я думаю, не ў тым заслуга, каб нейкіх выбраных, лепшых людзей у камунізм прывесці. Весці туды трэба ўсіх… Усёй краінаю ісці наперад.— Валодзя на хвіліну спыніўся, уздыхнуў на поўныя грудзі і ўжо крыху спакайней гаварыў: — Правільна, нам трэба змагацца за калектыў, за дружны, працаздольны калектыў, але трэба самім яго і ствараць. Я не хачу апраўдваць Зою Булат. Яна змаладушнічала. Спужалася цяжкасцей і ўцякла з завода. Гэта ганебны ўчынак, не варты камсамолкі. Але цяпер жа яна ведае, на якую работу ідзе. Ведае, што ёй зноў будзе цяжка. Яна хоча паправіць памылку, і мы павінны ёй дапамагчы. Я за тое, каб падтрымаць яе просьбу, каб вярнуць яе вучаніцаю ў зборачны цэх, — заключыў хлопец.
Пасля выступлення Валодзі адразу некалькі рук паднялося ўгору, але да стала, не дачакаўшыся, пакуль дадуць ёй слова, выбегла Валя. Твар у яе гарэў. Вочы сыпалі іскры.
— Я хачу сказаць, — пачала яна, паварочваючыся то да прэзідыума, то да ўсіх прысутных, — хачу сказаць,—яшчэ раз паўтарыла Валя,— што цалкам і поўнасцю далучаюся да Валодзевай думкі. Сёння мы даведаліся, што Зою Булат хацелі ўладзіць на новую работу. Лабаранткай на завод медпрэпаратаў. А яна адмовілася. Захацела вярнуцца да нас. Хіба гэта нічога не азначае? А ён кажа, што трэба адсяваць, — паказала яна пальцам на хлопца.— Можа цябе адсяваць трэба, бо ты толькі што на наш завод прыйшоў, а ўжо камандуеш. Мы яшчэ цябе не ведаем, які ты і ці вельмі ты для камунізма ўжо гатовы. А Валодзя правільна сказаў. Мы павінны памагчы Зоі. Вось вазьміце Горбач. Здаецца, чалавек зусім не падаваў надзеі. Звальняць з работы хацелі. А сёння мы яе ў камсамол прынялі. Нават Ігар Барысавіч цяпер на яе благога слова не скажа. Я прашу… Уся наша брыгада просіць падтрымаць Булат… Мы за яе адказваць будзем, усёй брыгадаю,— скончыла Валя і ледзь не бягом кінулася назад у залу.
Па гоману, па шуму цяпер адчувалася, што сход на баку Зоі. Усім не спадабалася выступленне навічка, а Валодзю ведалі на заводзе даўно, яго паважалі. Спадабалася і гарачае Валіна выступленне. Калі пачалі лічыць галасы, убачылі, што пераважная большасць была за тое, каб вярнуць Зою ў цэх.
— Вось бачыш, я ж казала, што ўсё будзе добра, — гаварыла Зоі Рэня.
А Зоя сядзела з чырвонымі плямамі на шчоках ад нядаўна перажытага хвалявання. Ёй радасна было, што сход так нечакана выступіў у яе абарону. Адразу знікла пачуццё самоты, якое яшчэ нядаўна гняло яе. I ўпершыню за ўвесь апошні час Зоя ўздыхнула свабодна.
25
Зоя вярнулася ў цэх з адчуваннем, з якім выходзяць пасля доўгай хваробы на вуліцу людзі. Усё здаецца тады незвычайна свежым, харошым, радасным.
Калі яна зноў падышла да свайго месца, то спачатку сумелася. Насупраць Рэні сядзела ўжо другая вучаніца, з маленькім, як гузічак, носам. Зоя вырашыла, што Рэня больш не будзе яе вучыць, што яе пасадзяць да каго-небудзь другога. Але Рэня папрасіла Ігара Барысавіча, каб ён дазволіў ёй вучыць і Зою.
— 3 Зояй мне цяпер будзе мала работы,— прасіла Рэня.
Ігар Барысавіч згадзіўся. I калі Зоя зноў села на сваё месца насупраць Рэні, ёй здалося, што ніколі і не пакідала яна завода.
Ніхто не ўпікаў Зою, ніхто не кідаў насмешлівых позіркаў, і яна была вельмі ўдзячна ўсім дзяўчатам. Ёй хацелася зрабіць для іх нешта добрае, паказаць, што не такая ўжо яна і благая, што не дарэмна яны заступіліся за яе і што не прыйдзецца ім пасля шкадаваць. Але Зоя не ведала, як выказаць гэтыя свае пачуцці, і толькі пільней прыглядалася да баланса, каб нарэшце добра зрабіць яго.
— На рэмантуар, — чуе яна, як перадае па канвееры Люба, і гэтыя словы, такія звычайныя, якія так часта чула Зоя і раней, здаюцца ёй цяпер вельмі харошымі.
— Ну, як ідуць справы? — пытаецца ў яе Валя.
— Нішто, — адказвае Зоя і яшчэ ніжэй нахіляецца да работы.
— У тваёй лупе край адбіўся, яна, мусіць, табе муляе, — кажа Люба. — Трэба папрасіць, каб далі цэлую. У час абеду папросім у Вольгі Мікалаеўны.