Выбрать главу

— Не, нічога, — кажа Зоя, хоць сама цяпер заўважае, што лупа сапраўды даволі балюча ўядаецца ў пераноссе.

Зоя прыстаўляе і прыстаўляе лінейку да баланса. Нарэшце здаецца, што ўсё зроблена як трэба.

— На, паглядзі, — падае яна работу Рэні.

Рэня закрыла пластмасавым каўпачком падстаўку з камплектам, узяла ў Зоі з рук ляўцыркуль, нахілілася да яго і пачала правяраць баланс.

— Добра. Правільна. Не б’е, — гаворыць яна і кладзе папраўлены Зояй баланс пад пластмасавы каўпачок, да тых, якія сама паправіла.

Толькі цяпер успомніла Зоя, што на гэты баланс яна патраціла не так і многа часу.

«Дурніца, — думае яна пра сябе. — Каб не пайшла тады з завода, ужо на канвееры самастойна працавала б»…

У час абеду да іх брыгады падышоў Валодзя. У руках у яго лісток паперы і аўтаручка.

— Дзяўчаткі, хто прыме ўдзел у паходзе на лыжах?

— Пішы мяне,— адразу просіць Валя.

— Які паход, куды? — пытаецца разважлівая Люба.

— У наш падшэфны калгас. Павязём ім бібліятэчку ў падарунак. Выедзем у суботу пасля работы, там пераначуем і ў нядзелю вечарам вернемся.

— Пішы, пішы мяне,— насядае на яго Валя.

Валодзя паклаў лісток на край канвеера, пачаў запісваць.

— I мяне запішы,— вырашыла тым часам Люба.

— I мяне,— налягае на Любіны плечы Каця.

— А можна, Валодзя,— спыталася Рэня, і твар яе злёгку паружавеў,— можна каб з намі пайшоў адзін чалавек… Ён не з нашага завода. Ён сюды, у Мінск, у госці прыехаў.

— Юра? — радасна глянула на Рэню Зоя.

— Але,— кіўнула яна.

— А што там за чалавек такі? — падняў Валодзя ад лістка хітраватыя вочы. — Ці дужы ён?.. Паможа нам бібліятэчку несці?

— А як мы яе панясём? — спыталася Валя.

— Як панясём? Падумаеш! У рукзакі пакладзем кнігі і — парадак…

— Дык той чалавек, павінна я табе сказаць,— весела гаворыць Рэня,— поўны збор твораў Льва Талстога адзін у Маскву занясе!

Усе засмяяліся.

— Ну, калі так, бяром яго з сабою.

— Тады пішы… Пішы мяне, яго, Зою. Ты ж пойдзеш таксама, праўда?

— А далёка гэта?

— Не прыстанеш, не такая ўжо ты і слабенькая, — сказала Валя. — Ой, дзяўчаткі, — войкнула яна, зірнуўшы на гадзіннік. — Пайшлі абедаць, бо не паспеем, і так ужо аж пятнаццаць мінут прайшло!

— Дык пішыце і мяне, — папрасілася Зоя.

— Абе-едаць, абе-едаць,— заспявала Каця, і ўсе рушылі ў шырокі калідор, які вёў з цэха да выхаду.

26

Лыжня выбягала з лесу і роўнай паласою перасякала поле. 3-пад старой вялікай елкі, якая шырока раскінула свае цёмна-зялёныя галіны, паказаўся лыжнік. Ён нібы вынырнуў з-пад яе і, выехаўшы на поле, пайшоў шырокім крокам. За першым лыжнікам паказаўся другі, за другім — трэці, чацвёрты, пяты. I здавалася, што не будзе ім канца…

Снег чырвонымі, сінімі, зялёнымі іскрамі блішчыць на сонцы, слепіць вочы, хрумсціць, скрыпіць пад лыжамі, як крухмал. Здаецца, ад яго ідзе пах — пах нечага свежага, чыстага, халоднага.

Лыжня ідзе то роўнаю лясною прасекаю, то паварочвае ўглыб лесу, і тады пачынае вывівацца, абганяць узгоркі, абыходзіць вялікія старыя дрэвы. Вось падбегла яна да маладога ляску, і ажылі стройныя елачкі. А лыжнікі — хто шапкаю зачэпіць галіну, хто рукавіцаю страсе з яе снег, а хто знарок так зачэпіць елку, каб яна густа сыпанула снегам. Вакол вясёлыя галасы, смех.

За лесам — зноў прастор. Нібы вялізныя мядзведзі, укрытыя белымі пярынамі, спяць узгоркі. Іх не разбудзяць вясёлыя галасы лыжнікаў.

Наперадзе Зоі ўвесь час матляецца чырвоны кутас Рэнінай вязанай шапачкі. То аддаляецца, то набліжаецца яе спіна з сінім рукзаком.

Наперадзе Рэні ідзе Юра. Ён у карычневым лыжным касцюме, на галаве — чорная коцікавая шапка са скураным верхам. Гэта шапка Міхала Паўлавіча. Ён прымусіў Юру надзець яе, каб не змерзлі вушы, бо ў Юры быў з сабою толькі берэт. Рукзак у Юры большы, чым у Рэні, большы, чым у Зоі, але ідзе Юра лёгка, нібы зусім ніякай ношы няма ў яго за спіною. А ў Зоі рукзак крыху адцягвае плечы.

— Пераганя-яю! — чуе за сабою голас Зоя і ў той жа міг бачыць поруч з сабою Валю. Валя некалькі разоў шырока ўзмахнула палкамі, і вось ужо яе спіна наперадзе.

Праз некаторы час Зоя чуе за сабою Кацін голас:

«Добры дзень, задорны вецер,

Добрай раніцы, зямля!

Ходзіць песенька па свеце:

Тра-ля-ля-ля!» —

спявае Каця. Вось і яна ўжо наперадзе. А хутка і песні яе не стала чуваць.

Зою пераганялі і пераганялі. Усё карацей і карацей рабіўся за ёю хвост калоны.

«Ах, такой бяды,— думала Зоя.— Якая розніца, дзе ісці,— наперадзе калоны, у сярэдзіне ці ззаду. Усё роўна ж разам прыйдзем. Не спаборніцтва ж гэта».

I раптам яна пачула блізка за сабою дыханне. Ці пазнала яна гэта дыханне, ці іншым якім пачуццём угадала, але адразу зразумела, што за ёю ідзе Жэня. Аб тым, што і ён прымае ўдзел у паходзе, Зоя даведалася толькі тады, калі ўсе, ужо гатовыя ў дарогу, сабраліся каля корпуса завода. Спачатку яна сумелася. На нейкі міг ей нават расхацелася ісці з усімі. Пасля нейкая злосць ахапіла яе. «А чаму гэта я не павінна ісці? Ён для мяне цяпер — пустое месца»,— сказала яна сабе.