I вось яна чуе яго дыханне за сабою. Зоя пайшла шпарчэй, аднак пярэдні лыжнік быў ужо далекавата, і ёй нялёгка было не толькі перагнаць, але і дагнаць яго. А Жэня не адставаў. Вось ён збочыў з лыжні і пайшоў поруч з Зояй.
«Што яму трэба!..— злавалася Зоя.— Ці не хоча ён прабачэння прасіць. Можа, яму сорамна, што да гэтага часу ні разу не падышоў да мяне, не загаварыў, што не заступіўся за мяне на сходзе… Але хіба ён не бачыць, не разумее, што цяпер я зусім не тая, што мне не патрэбны ні ён, ні яго прабачэнні…» I Зоя стараецца як-небудзь адарвацца ад Жэні, каб не ісці з ім поруч. Хутчэй ішла Зоя, паскараў хаду і ён.
— Не стамілася? — спытаў ён нарэшце.
Зоя павярнула да яго галаву. 3 ружовага ад марозу і ветру твару на яе глянулі прыжмураныя Жэневы вочы. Не, збянтэжанасці ці сораму ў іх не было. Жэня пазіраў на яе так, быццам нічога паміж імі не здарылася, быццам яшчэ ўчора яны сустракаліся. Ён хітравата і шматзначна ўсміхаўся ёй. I гэта ўсмешка, гэты прыжмураны позірк Жэневых вачэй здаліся такімі агіднымі Зоі, што яна аж скаланулася. Нічога не сказаўшы Жэню, яна з усяе сілы націснула на палкі і рванулася наперад. Жэня, не чакаючы такога рыўка, адразу застаўся ззаду.
А Зоя бегла і бегла наперад. Адкуль толькі і ўзялася ў яе сіла. Вось перагнала ўжо дзяўчыну, якая нядаўна ішла перад ёю. Вось дагнала другую. Вось ужо бачыць наперадзе чырвоную Рэніну шапачку. А Зоя ўсё бяжыць, бяжыць.
— Што гэта ты так разагналася? — раптам пачула яна.
Зоя падняла галаву, сцішыла хаду, перавяла дыханне. Поруч з ёю, па цаліне, ішоў Валодзя. Пушыстая яго шапка спераду была ўся белая ад інею. Белыя былі бровы, пабялелі ніткі на шарсцяным шаліку.
Зоі неяк адразу зрабілася спакойна. Нібы яна толькі што ўцякла ад небяспекі.
— Не спяшайся так, бо стомішся, а яшчэ далёка ісці,— сказаў В алодзя.
— Я нічога… гэта я так… трошкі прабегла,— адказала Зоя.
Неяк смела і адкрыта, не баючыся, што можа падумаць Жэня, азірнулася яна назад. Але ён застаўся далёка. Яго нельга было нават разгледзець сярод іншых лыжнікаў.
Валодзя яшчэ некаторы час ішоў поруч, пасля адстаў: яму трэба было паглядзець, як ішла ўся калона.
А Зоя пачала даганяць сваіх. I скора зноў заківаўся перад ёю чырвоны кутас Рэнінай вязанай шапачкі. Зноў убачыла яна дужую Юраву спіну.
I раптам радасць ахапіла Зою. Ёй было радасна ад таго, што перад сабою яна бачыла гэты чырвоны кутас, што наперадзе ішоў Юра ў татавай шапцы, што ў Валодзі зусім белыя ад інею бровы і шалік. А за спіною Зоя чула Кацін голас. Каця, як заўсёды, спявала.