Выбрать главу

— I праўда,— цераз плячо глянула яна на Юру.— Прашу прабачэння,— зрабіла Рэня рэверанс і зноў перайшла на жартаўлівы тон: — Але мне можна дараваць, што я да пяці лічыць не ўмею, бо я ж — рабочы клас. А ты хоць і ў навуку падаўся, а лічыць таксама не навучыўся. Мне не дваццаць пяць гадоў, а дваццаць адзін!

Рэня стаяла пад дрэвам, а Юра сядзеў на ім, і яны перакідваліся жартамі.

— Хоць я і недавучка, але затое рыцар. Я магу падараваць табе гэта дрэва. На, бяры яго, — сказаў Юра і раптам скочыў з чарэшні проста да Рэні. Яна аж войкнула — спалохалася, што хлопец скочыў з такой ладнай вышыні. Але Юра прызямліўся вельмі ўдала, нават не рассыпаўшы чарэшняў, што былі ў кошыку.

Пасля яны хадзілі па садзе і ўспаміналі, якое дрэва, які куст тут хто пасадзіў. Кусты агрэсту разрасліся густа-густа. Усе яны былі ўсыпаны дробнымі зялёнымі ягадкамі. Юра сарваў адну, пажаваў і скрывіўся.

— Кіслая… аж Ленінград відаць — пажартаваў ён, а пасля пачаў расказваць пра горад, у якім вучыцца, пра сваё студэнцкае жыццё, пра сяброў. А Рэня расказвала пра Мінск, пра гадзіннікавы завод. I было ім абодвум лёгка і радасна.

Назаўтра яны разам з іншымі выхаванцамі пайшлі на прысядзібны ўчастак дзіцячага дома палоць кукурузу. Атрымалася так, што Рэня працавала побач з Юрам. Яны зноў жартавалі, палолі навыперадкі — хто лепш і хто хутчэй.

Шпарка пабеглі гарачыя дні. Праходзілі яны ў рабоце на гародзе, на сенакосе. А вечарамі і госці, і старэйшыя гаспадары збіраліся ў альтанцы, што, увітая дзікім вінаградам, стаяла ў садзе. Пад столлю ў альтанцы цьмяна гарэла электрычная лямпачка. Садзіліся — хто на лавачкі, хто проста на падлогу, хто на парэнчы. Ішлі цікавыя размовы. Гаварылі пра кнігі, пра новыя кінафільмы, спрачаліся аб тым, якое жыццё можа быць на Марсе і калі паляціць на Месяц чалавек. Спрачаліся аб дружбе, аб каханні. I Рэня заўсёды была разам з Юрам. Яна думала аб тым, як добра праходзіць сёлета яе адпачынак і прызнавалася сама сабе, што не быў бы ён такі шчаслшы, каб не прыехаў сюды Юра.

Аднойчы ў час работы на гародзе ў мяккай цёплай зямлі сустрэліся іх рукі. Чорныя ад зямлі маленькія Рэніны трапілі ў вялікія і дужыя Юравы. Ён некалькі хвілін пазіраў у твар Рэні, а тая чырванела і не ведала, што сказаць.

Яна адчувала, як цяплела ў яе далоні шурпатае каліва свірэпкі, якое яна толькі што вырвала з градкі, і дотык гэтай травіцы разам з поціскам Юравай рукі вельмі хораша аддаваўся ў яе сэрцы.

3 таго дня яны стараліся як мага раней адысці ад грамады, што збіралася ў альтанцы. Яны блукалі па садзе і пасля ўжо не чулі, як разыходзіліся ўсе астатнія. Аблітыя белым святлом, дрэвы не варушылі ніводным лістком. Яны адпачывалі. Спалі іх цені, улёгшыся на густой высокай траве, як на пярыне. Спалі ўсе гукі. I Юра з Рэняю, нібы баючысй парушыць гэты сон, гаварылі шэптам альбо зусім маўчалі.

А калі Юра асцярожна браў Рэню за плечы і нясмела туліў яе да сябе, калі яго вусны дакраналіся да яе твару, тады і дрэвы, і цені, і трава прачыналіся і пачыналі кружыцца. I Рэня кружылася разам з імі. I ёй трэба было прыхінацца да шырокіх Юравых грудзей, каб утрымацца на зямлі.

Хутка Рэня зразумела, што калі раней свет і жыццё маглі існаваць для яе і без Юры, то цяпер Юра і жыццё — гэта было ўжо адно цэлае, аддзяліць адно ад другога было немагчыма.

Канчаўся Рэнін адпачынак. Трэба было ехаць і Юру, бо з пятнаццатага ліпеня ў яго пачыналася практыка. Яны разам збіраліся на станцыю, разам пакавалі чамаданы. Разалія Сямёнаўна напрыносіла ім розных скруткаў і пакуначкаў, якія, казала яна, вельмі спатрэбяцца ў дарозе.

— Вось тут вараная курыца. Тут каўбаса. Тут хлеб,— паказвала яна Рэні.— А гэта табе, Юрачка,— паклала яна ў Юраў чамадан даволі ладны пакунак, загорнуты ў газету.

Калі чамаданы былі ўпакаваны і ўсе прыселі перад дарогаю, Разалія Сямёнаўна раптам неяк асабліва паглядзела на Рэню, пасля на Юру.

— Харошая вы пара,—нечакана сказала яна.

— Праўда? — ажывіўся Юра.

Рэня ўсміхнулася. У прыжмураных вачах Разаліі Сямёнаўны таксама заіскрылася ўсмешка.

— Канечне праўда. Хіба я вам калі няпраўду гаварыла. Але вось паедзеце вы ад нас, і можа ўжо не скора я вас абоіх убачу…

Адплываў перон, пакідаючы на маленькай чыгуначнай станцыі Юру, Разалію Сямёнаўну, хлопцаў і дзяўчат, якія таксама іх праводзілі. Рэня махала ім рукою. А Юра стаяў наперадзе ўсіх, шыракаплечы, у белай кашулі з расшпіленым каўняром, і вецер раскідаў яго светлыя валасы.

Але вось знік і перон. Насустрач цягніку ўжо бегла жытняе поле.

А Рэня ўсё старалася яшчэ хоць раз глянуць туды, дзе відаць былі кроны высокіх таполяў, што раслі каля маленькай чыгуначнай станцыі.