4
Зоя прыйшла з работы, кінула капялюш на канапу, паліто на крэсла. Спынілася пасярод пакоя, не ведаючы, што рабіць далей.
Пачуўшы, што прыйшла дачка, Антаніна Іванаўна выйшла з кухні. На твары гэтай жанчыны нібы навечна застыў нейкі клопат. Ён хаваўся ў яе шэрых вачах, у зморшчынках, што разбягаліся ад іх на скроні, у тонкіх рысках, якія ляжалі і пад вачыма і каля вуснаў.
— Стамілася, дачушка? — спыталася яна ў Зоі, падбіраючы і вешаючы яе паліто, капялюш. Прыбраўшы ўсё, яна зноў таропка пайшла на кухню.
— Садзіся, дзіцятка. Міша, кідай газету, абедаць будзем, — на хаду сказала яна.
Міхал Паўлавіч адклаў газету, падышоў да буфета, застукаў талеркамі. Ён быў у вайсковай гімнасцёрцы без пагонаў і без пояса, у шараварах ад піжамы і ў хатніх пантофлях. Хоць зусім розныя былі яны — гэты пажылы чалавек і маладая, свежая Зоя, калі ўважліва прыгледзецца да іх, можна было ўбачыць, як падобны яны адно на аднаго.
Зоя памыла рукі, прычасалася, села за стол.
— Ну, як там твае «балансы»? — ставячы перад Зояй талерку, спытаўся Міхал Паўлавіч.
— Ат,— махнула рукою Зоя, узяла кавалак хлеба, адкусіла.
— Не выходзіць? — з кухні спыталася Антаніна Іванаўна, пачуўшы, аб чым загаварыў бацька.
— Проста немагчыма,— ледзь не са слязьмі адказала Зоя.
— Нічога, дачка, вывучышся. Не адразу, вядома,— тонам, якім гавораць з зусім малымі дзецьмі, сказаў Міхал Паўлавіч.
— I наогул работка…— гаварыла Зоя.— Сем гадзін, не разгінаючы спіны… А вочы баляць як… Аслепнуць можна.
— Дык, можа, кідай, дачушка,— нерашуча сказала Антаніна Іванаўна, спыняючыся ля дачкі.— Калі цяжка, дык кідай. Што ж ты будзеш надрывацца… Яшчэ, праўда, вочы сапсуеш…— крыху памаўчаўшы, да-дала яна.
Зоя моўчкі нахілілася над талеркаю. Моўчкі еў і бацька. Антаніна Іванаўна таксама села за стол.
— Не сышоўся клінам свет на гэтым заводзе. Іншую работу знойдзем,— сказала яна.
— Але працаваць усюды трэба,— заўважыў бацька.— Рабочы дзень усюды сямігадзінны.
— Мішачка, але ж ці трэба ёй сляпіцца на гэтым, на гадзіннікавым? — умольна паглядзела Антаніна Іванаўна на мужа.
— А іншыя ж працуюць і нічога… Самі казалі, што гэты завод для Зоі самы лепшы… Не вельмі лёгка было мне і ўладзіць яе туды. А на іншым заводзе яшчэ цяжэй будзе.
— Дык не абавязкова ж на завод… Можа, сакратаркаю куды…
— Не вельмі ходкая цяпер гэта спецыяльнасць,— адставіў талерку Міхал Паўлавіч.— Ды што ты хочаш, каб яна ўсё жыццё паперкі перакладала? Нічога, Зойка,— павярнуўся ён да дачкі.— Не вешай носа. Навучышся. Не святыя гаршкі лепяць. А працаваць, брат, нідзе не лёгка — і ён нахіліўся, паляпаў яе па плячы.
Пасля абеду Зоя ляжала на канапе, глядзела ў столь і думала: «Няўжо ж цяпер так будзе ўсё жыццё… Кожны дзень на работу, кожны дзень гэтыя «валаскі» ды «балансы». Ці навучуся я калі так спрытна ўсё рабіць, як Рэня… А калі і навучуся… Усё роўна кожны дзень адно і тое ж, і так усё жыццё».
Зоя глянула на свой маленькі, у пазалочаным корпусе гадзіннік, каб ведаць, колькі часу, але сам выгляд гадзінніка не прынёс, як звычайна, ёй радасці. Яна ўбачыла не прыгожы цыферблат з тонкімі пазалочанымі стрэлкамі, а, здаецца, праз шкло і ўвесь корпус ківаўся перад ёю ў сваім вечным руху баланс, наводзячы сум і дакуку. Калісьці, яшчэ школьніцай, Зоя марыла аб уласным гадзінніку. Калі захочаш, можна падняць пальчыкам рукаў сукенкі і глянуць — колькі часу. На ўроках можна заўсёды даведацца, колькі засталося да перапынку. I ці думала калі Зоя, што яна будзе працаваць на гадзіннікавым заводзе, сама будзе рабіць іх і так няўзлюбіць гадзіннікі. I проста дзіўна, што Рэня можа захапляцца такой работаю. I зусім не стамляецца яна. I вочы ў яе не баляць… Можа, у Рэні талент, а ў Зоі няма? Але ж не адна Рэня працуе ў цэху. Там больш за трыста дзяўчат, што ж, і ў іх ва ўсіх талент, і толькі ў Зоі няма?
Не, мусіць, няма таленту і ў Іны Горбач, на якую сёння сварыліся дзяўчаты, што стрэлкі неахайна паставіла. Калі начальства сварыцца, то гэта хоць і непрыемна, але яшчэ так-сяк. Але калі пачынаюць сварыцца самі дзяўчаты… Мусіць, нічога няма горш. Дык, можа, і праўда — кінуць завод, як мама кажа. Зоя і сама ўжо крадком думала пра гэта, але ёй рабілася чамусьці сорамна. Сорамна было кідаць завод, так мала папрацаваўшы, ды яшчэ, уласна, і не працаваўшы. Яна ж пакуль вучаніца. Ды і тата, мусіць, не вельмі рады будзе. Пачне кпіць, а можа і сварыцца…
Настрой у Зоі быў дрэнны. Ёй нават не хацелася ўставаць і ісці да дзяўчат. А сёння ж Рэня, Валя і Люба запрасілі яе ў кіно…
I ўсё ж Зоя паднялася, падышла да шафы. I як толькі ўзяла ў рукі новую шарсцяную сукенку, адразу павесялела. Яна доўга стаяла перад люстэркам, аглядаючы сябе, папраўляючы то каўнер, то паясок. Зоя падабалася сама сабе. Яна бачыла, што яна прыгожая, а гэта, зрэшты, для дзяўчыны самае галоўнае,— думала яна.