Выбрать главу

— Куды ж ты, дачушка? —убачыўшы, што Зоя збіраецца, спыталася Антаніна Іванаўна.

— Да дзяўчат пайду… У кіно, можа, сходзім,— адказала Зоя.

— Схадзі, схадзі, дачушка,— падахвоціла яе маці. Яна прыйшла ў пакой з кухні з талеркаю ў руцэ. Ручніком, які быў перакінуты цераз плячо, яна выцірала талерку і пазірала на Зою, як на хворую, гатовая патураць кожнаму яе жаданню.— Толькі позна не гуляй,— кінула яна ўжо наўздагон Зоі.

Міхал Паўлавіч стаяў ля пісьмовага стала і перабіраў у шуфлядцы паперы. Ён пісаў успаміны аб сваім баявым жыцці. Гэта было нешта накшталт запісак. Міхал Паўлавіч удзельнічаў у баях на возеры Хасан, быў на Фінляндскім фронце. 3 другім Беларускім фронтам дайшоў да Берліна. Цяпер Міхал Паўлавіч лічыў сваім абавязкам расказаць пра гэтыя баявыя паходы моладзі, расказаць, як заваёўваўся для яе сённяшні дзень.

Антаніна Іванаўна падышла да мужа, ружоваю ад гарачай вады, яшчэ крыху вільготнаю рукою ўзяла яго за локаць.

— Што ж нам рабіць з ёю? —паказала яна на дзверы.

Міхал Паўлавіч яшчэ з хвіліну не адрываўся ад папер, пасля паглядзеў на жонку. Яго вочы былі спакойныя, нават вясёлыя, і Антаніна Іванаўна сама адразу паспакайнела. I ўсё ж яна хацела пераканаць мужа, што мае права непакоіцца.

— Вось ты ўсміхаешся, Міша,— сказала яна,— а дзіця ж пакутуе. Так ёй, беднай, цяжка. Ты глядзі, як пахудзела за гэты месяц.

Міхал Паўлавіч склаў паперы, зачыніў шуфлядку.

— Не паднімай ты трывогі там, дзе яе няма. I не кажы ты ёй, каб яна кінула работу. Спесціла ты дзяўчыну. Не прывыкла працаваць, вось ёй і цяжка.

Антаніна Іванаўна пакрыўдзілася.

— Як гэта я яе спесціла?

— Ты не крыўдзіся, Тоня, — мякка сказаў Міхал Паўлавіч, — але вось сама падумай, ці памыла Зоя калі падлогу, ці згатавала есці.

— Антаніна Іванаўна сашчапіла рукі.

— Мішачка, а што ж я буду рабіць, калі Зоя пачне падлогу мыць ды есці гатаваць… Нашто ж я вам тады?.. Яна ж вучылася, а цяпер, вунь, працуе… Дык чаму ж я павінна была яшчэ дома прымушаць яе нешта рабіць? А сама хіба вылежвалася б?

— Вось у тым і бяда, што з самага пачатку ў нас пайшло не так, як трэба было.

— А божа мой,— села на канапу Антаніна Іванаўна.— Ці не збіраешся ты мяне ўпікаць, што я ўсё жыццё была толькі хатняю гаспадыняю…

— Што ты, Тоня,— падышоў Міхал Паўлавіч да жонкі.— Ну няўжо мы на старасці будзем крыўдзіць адно другога ды ўпікаць.

— Хіба не старалася я ўсё жыццё, каб было ў нас хораша,— гаварыла Антаніна Іванаўна праз слёзы.— Ці я вораг свайму дзіцяці. Я хацела, каб Зоечка шчаслівая расла. Хопіць таго, што адно дзіця загінула… Ці магла ж я не аддаць усяго, што мела, адзінай дачцэ?

Міхал Паўлавіч схамянуўся. Каб ён ведаў, што так павернецца гаворка, то і не пачынаў бы яе. Успамін пра дзіця, якое забрала ў іх вайна, быў цяжкі ўспамін. Цяпер Міхал Паўлавіч ведаў, што жонка не скора супакоіцца. А яна ўжо сядзела, закрыўшы твар далонямі, і Міхал Паўлавіч бачыў, як пацяклі ў яе па пальцах слёзы.

Міхал Паўлавіч абняў жонку за плечы, а яна прыхінула галаву да мужавай рукі і гаварыла, жалілася:

— Божа мой, колькі гадоў прайшло, а як успомню я тое дзіця, так і пачынае разрывацца сэрца.

— Супакойся, Тоня, — гладзіў жончыны плечы Міхал Паўлавіч. — Ты ж ведаеш, што слязьмі Шурыка не вернеш.

Ён пазіраў на партрэт у жоўтай рамцы, які вісеў на сцяне над паліцай з кнігамі. Адтуль глядзеў вачыма, поўнымі дзіцячай радасці, іх першынец-сын.

5

Стол у інтэрнаце быў накрыты для гасцей. Пасярод стаяла глыбокая талерка з традыцыйным для ўсіх інтэрнацкіх вечарынак вінегрэтам. На маленькіх талерках ляжала пакрышанае на тонкія скрылікі ружовае сала і хатняга вырабу каўбаса. Вельмі дарэчы прыслалі сёння Любе з вёскі пасылку.

За бутэлькі з нарзанам і ліманадам сарамліва хавалася, нібы адчуваючы, што не месца ёй тут, у жаночым інтэрнаце, пляшка з гарэлкаю.

Сёння Рэні споўнілася дваццаць два гады.

— Гэта ж падумаць, дзяўчаткі,— гаварыла сваім сяброўкам Рэня,— так многа!

— Многа,— згадзілася строгая Люба, якой было дваццаць адзін.

— Многа,— згадзілася і Валя, якой нядаўна споўнілася двадцадь.

Валя на гадзіннікавым заводзе апынулася выпадкова. Яна прыехала з Гродна ў Мінск паступаць у інстытут. Хацелася ў медыцынскі. Чаму — сама не ведала. Можа таму, што школьная сяброўка паступала ў медыцынскі. Але Валя не прайшла па конкурсу. Не доўга думаючы, вырашыла паступіць працаваць на гадзіннікавы завод.