Выбрать главу

— Хоць не доктар, а ў белым халаце хаджу,— жартавала яна цяпер.

Люба прыехала ў Мінск з Дуброўны пасля дзесяцігодкі. Яна не любіла расказваць пра сябе, але Любіна маці, маленькая жанчына з цвёрдымі вузлаватымі пальцамі, якая часам прыязджала да Любы, вечарамі, седзячы з дзяўчатамі ў інтэрнаце, гаварыла:

— Вось ужо любіць мая Любачка гэтыя гадзіннікі. Яшчэ як у школу хадзіла, дык, бывала, сама рамантавала іх, хоць, дальбог жа, ніхто яе не вучыў. Былі ў нас старыя ходзікі, ды часта спыняліся. Дык Люба, бывала, сама іх разбярэ ды і паправіць. Не кожны і хлопец на такое здатны,— з замілаваннем пазірала матка на дачку, якая спакойна слухала, што тая расказвала.— А як скончыла школу — у Мінск, кажа, паеду, на гадзіннікавы завод.

Трэці год працуюць Рэня, Люба і Валя ў адной брыгадзе, а сёлета папрасіліся, каб іх пасялілі ў інтэрнаце ў адным пакоі. I цяпер дзяўчаты яшчэ больш пасябравалі.

У дзверы пастукалі.

— Пошта, тэлеграма,— аб’явіла Валя, якая першая падбегла да дзвярэй.— Табе, Рэня.

— Ад Юры,— засвяцілася Рэня.

— «Віншую днём нараджэння. Жадаю шчасця, радасці, здароўя, поспехаў рабоце і вучобе. Чакаю сустрэчы. Юра»,— чытала яна.

У дзверы зноў пастукалі. Прыйшлі Жэня і Валодзя. Жэня — высокі, светлавалосы, у чорным гарнітуры і бялюткай, як снег, кашулі, выглядаў такім франтам, што дзяўчаты ахнулі.

— Жэнечка, які ж ты прыгожы, ну проста жаніх,— смяялася Валя.

Валодзя таксама быў у новым гарнітуры — шэрым з сіняю іскрынкаю, але што б ён ні апрануў, заўсёды выглядаў нейкім мешкаватым, медзведзяватым. А ў новай адзежыне адчуваў сябе тым больш няёмка. Ён быў рады, што дзяўчаты не вельмі звяртаюць увагу на яго, але ўсё роўна чырванеў — ужо таму, што быў у гасцях у дзявочым інтэрнаце.

Неўзабаве прыйшла Зоя.

— Маладзец, што не спазнілася,— пахваліла яе Рэня. Не, яна ніяк не можа зразумець, чаму ёй так прыемна бачыць Зою.

— Пазнаёмся, Зоя,— падвяла яе Рэня да хлопцаў. — Гэта наш электратэхнік Жэня. Той самы Жэня, які нас музыкай цешыць.

— Сёння ён цэлы дзень сумныя пласцінкі ставіў, мусіць, даўно ліста ад жонкі не меў,— уставіла Валя.

— А вось гэта — Валодзя. Ты яго кожы дзень бачыш у другой брыгадзе, але, напэўна, не ведаеш, што ён у нас гуртком турыстаў кіруе. Зараз ён трошкі асмеліцца і пачне цябе ў гурток агітаваць.

Прыйшлі яшчэ хлопцы і дзяўчаты. Тоненькая, чарнявая Каця Белякова, як толькі ўвайшла, адразу заспявала. У гэтай Каці заўсёды нейкі ясны, натхнёны твар. Можа ад песень, з якімі яна неразлучная. Ці ідзе яна, ці стаіць, ці сядзіць — заўсёды спявае. То лірычную, душэўную песню завядзе, то пачне вясёлую, жартаўлівую. Вось і цяпер — распранаецца, а сама спявае:

Вечарынка у калгасе, у «Чырвоным аратаі»…

— Не ў «Чырвоным аратаі», а ў «Чырвоным гадзінніку»,— смяецца Валя.

Каці памагаў распранацца Алег — невысокі, шырокі ў плячах, і ад гэтага нібы квадратны.

— Гэта наша канструктарскае бюро. Ён новыя мадэлі гадзіннікаў прыдумвае,— рэкамендавала яго Зоі Рэня.

Гаспадыня запрасіла ўсіх за стол. Зоя апынулася паміж імянінніцай і Жэнем. Налілі чаркі.

— За здароўе імянінніцы!

— За тваё здароўе!

— За тваё шчасце, Рэня!

Пасля, калі крыху перакусілі, для другога тоста ўзяў слова Алег. Яго ведалі як дасціпнага на слова, жартаўніка, і калі ён устаў за сталом,— квадратны, з чорнымі вусікамі і непрывычна сур’ёзнымі вачыма, усе заўсміхаліся, чакаючы ад яго нейкага жарту. Валя страляла ў яго вачыма, ужо гатовая зарагатаць. Алег зрабіўся яшчэ больш сур’ёзны.

— Вось вы ўсе ўсміхаецеся, а я буду гаварыць зусім не смешнае.— сказаў ён, абвёўшы ўсіх вачыма.— Рэня,— павярнуўся ён да гаспадыні і лёгка пакланіўся ёй.— Другі тост, наколькі мне вядома, трэба ўзнімаць за бацькоў, якія выгадавалі імянінніцу. Але ўсе мы ведаем, што бацькоў у цябе няма, што вырасла ты ў дзіцячым доме.— Алег крышку запнуўся, пераступіў з нагі на нагу. Усе перасталі ўсміхацца і ўжо сур’ёзна, уважліва слухалі, што будзе далей гаварыць Алег.— Але ты вырасла вельмі харошым чалавекам. На заводзе працуеш і ў інстытуце вучышся, таварыш цудоўны. Дык давай вып’ем за здароўе тых, хто выхаваў цябе такую. Назаві нам каго ты хочаш з тых цудоўных людзей, і мы вып’ем за яго здароўе! — I Алег высока падняў чарку.

Усе весела павярнуліся да Рэні. А яна сядзела крышку разгубленая, не ведаючы, што сказаць.

— Нагаварыў,— паціснула яна нарэшце плячыма.— Такая ўжо я харошая. Ды і задачу даў — назваць каго-небудзь з цудоўных людзей… Іх вельмі многа было… Але калі так,— нарэшце вырашыла яна,— давайце вып’ем за Разалію Сямёнаўну!

Ніхто з тых, што сядзелі за сталом, не ведалі, хто такая Разалія Сямёнаўна, але ўсе дружна прынялі тост.