Выбрать главу

— Ты ўсё добра прыдумаў, Генадзь, — сказала дзяўчына. — Дзейнічай і пакінь сумневы. Усё будзе добра, і ўсё атрымаецца як трэба.

Тут я прачнуўся.

«Гэта ж тая самая багіня з медальёна — Мерэйна». Вось гэта было дзіўным, насамрэч.

З раніцы нашы курганы завалакло густым туманам. Але днём з'явілася яркае сонца, і мы пачалi бадзёра капаць, адчуваючы прыемны пах сырой зямлі. Вечарам я адважыўся! Рашэнне было цяжкім, і я доўга блукаў па лесе, штурхаючы раскіданыя на сцяжынках сасновыя шышкі. Але нават водар жывой ігліцы не мог мяне супакоіць. Выпіўшы для адвагі, я зазваў у палатку Юрася і з выглядам мацёрага змоўшчыка шчыльна зачыніў уваход. Затым я дастаў артэфакт, паказаў яго хлопцу, і прама спытаў:

— Колькі далі б за такі, твае сябры чарнушнiкi, як думаеш?

Юрась зрабіў нявінныя вочы.

— Ты пра што, наогул?

— Кінь гэта! Ты ведаеш пра што!

У поглядзе Юрася паступова разгаралася здзіўленне, пакуль ён пiльна глядзеў на артэфакт. Я адчуваў, што Юрка ўжо падлічвае ў думках гіганцкую суму, якую можна атрымаць ад продажу медальёна на чорным рынку.

«Так, Юрась, ты не самы сумленны чалавек. І я сам, мабыць, таксама».

— Колькі ты хочаш? — нарэшце прама спытаў ён.

— Тысячу даляраў, — спакойна адказаў я, разумеючы, што рэальны кошт у дзясяткі разоў большы.

— Вось не прагавіты ты, Тарасавец. Дамовіліся! — імгненна адказаў радасны Юрась.

Праз месяц я прыехаў да суседкі. У кішэні ляжала тысяча даляраў, атрыманая ад Юрася, а дакладней — ад ягоных ценявых таварышаў.

Але ў кватэры чамусьці была пара незнаёмых людзей, а Вера Максімаўна адсутнічала. Я пацікавіўся, дзе ж гаспадыня.

— Яна памерла, — без усялякіх цырымоній сказаў адзін з незнаёмцаў.

— Але як гэта? — прашаптаў я, адчуваючы, што гатовы проста сесці на падлогу пасярод залы.

— Віталь вунь там, у пакоі. Можаце з ім пагаварыць, калі хочаце.

Аглушаны жахлівай навіной, я машынальна прайшоў да пакоя. Вiталька сустрэў мяне маўчаннем і злосным позіркам. Я глуха прамовіў:

— Вiталька, я магу купіць табе вазок. Мяне твая матуля прасіла. Грошы я дастаў.

Хвіліну Вiталька толькі злосна тарашчыўся на мяне, нічога не адказваючы. Нечакана ён апусціў галаву і прамармытаў:

— Не! Я не заслужыў. Маці столькі гадоў са мной мучылася. На пахаванне грошы ёсць, а больш не трэба нічога. Пакінь сабе грошы. Або лепш, ведаеш што, — тут ён падняў галаву і паглядзеў на мяне ўважлівым позiркам, — аддай грошы ў дзіцячы дом. Мая дачка ў дзіцячым доме вырасла. Ужо не паправіш нічога, яна мяне бачыць не жадае. Але можна іншым дапамагчы. Зрабі так, Гена, калі хочаш.

Я выйшаў з кватэры ні з кім не развітаўшыся. У гэты ж дзень я ахвяраваў тысячу даляраў у дзіцячы дом. Праз тры месяцы Юрася злавілі падчас яго махінацый і выгналі з працы. Юрка заўсёды быў шчасліўчык і яму пашанцавала зноў — абышлося без крымінальнай справы. А яшчэ праз паўгады медальён Мерэйны ўсплыў на буйным аўкцыёне. Нейкі ананімны спонсар купіў артэфакт і, кажуць, мае намер перадаць яго ў адзін з беларускіх музеяў. Напэўна, мой сон быў прароцкім — усё атрымалася так, як трэба. Вось толькі я да гэтага часу не ўпэўнены, што зрабіў як трэба.

Канатус

— Сяргей Арменавіч Лапаткоў? — спытаў мяне Эдуард афіцыйным тонам.

Я адчуў, што мой пухнаты «дварняковы» кот, вялікі і чорны, зноў вырашыў паджартаваць. Ён звяртаўся да мяне так афіцыйна, калі збіраўся мяне падражніць.

— Чаго табе, Эдуард? — спытаў я.

— Як чаго? Ты ж сам хацеў пагаварыць пра жыццё пасля эпідэміі? — спакойна, але не без ценю хітрай іроніі ў голасе, прамовіў кот.

— Так? — спытаў я, адчуваючы няўпэўненасць.

— Ну так, — пацвердзіў кот.

— Хм, — сказаў я шматзначна.

— Уся справа ў тым, што тут неабходны канатус, — сказаў кот.

— Што-што? — удакладніў я.

— Канатус гэта патрэба ў самаразвіцці. Вось ты, да прыкладу, не скончыш жа развіццё з-за віруса? Ты будзеш працягваць як мінімум таўсцець…

— Гэта яшчэ пытанне хто тут больш таўсцее, — вызвiрыўся я — Вунь ты сам глянь, як на сваім сухім карме з вітамінамі ад'еўся.

— Не важна, — адказаў кот. — Важна, што ты зможаш зрабіць нарэшце тое, пра што марыў.

— І аб чым гэта я марыў?

— Прачытаць кнігу Фіхтэ. Памятаеш, табе яшчэ ва ўніверы страшна спадабалася слова «Фіхтэ». Ты яшчэ думаў, што гэтае слова для няветлівай адмовы.