Палёт не быў небяспечны. Дагэтуль чалавек ужо не раз ступаў на паверхню спадарожнікаў Сатурна. Больш таго, ён пранік на планету Ўран, змог абляцець і дасканала вывучыць усю Сонечную сістэму — і ўсё гэта на цяпер ужо ўстарэлых атамных караблях.
Адным словам, «Ібісу» не пагражала сур’ёзная небяспека. Не было падстаў баяцца і якіх-небудзь нечаканасцей.
На самай справе, трыццацідзённы палёт праходзіў вельмі добра. Але пры пасадцы на Тытан здарылася невялікая аварыя — быў пашкоджаны антыграў.
Толькі праз двое сутак камандзіру карабля Арнэ Лагерсану і інжынеру-пілоту ўдалося выявіць, што, хоць індыкатар стаіць на адзнацы «нармальна», каштоўная энергія антыгравітацыйнага ўстройства катастрафічна памяншаецца.
— Мы часам падобныя на паганятага вярблюдаў у пустыні, які вельмі спакойна ідзе на чале каравана і не заўважае, што ў яго дзіравы бачок з вадой, — сказаў Арнэ Лагерсан.
У навігацыйны салон, дзе сабраўся камандны састаў карабля, увайшоў борт-інжынер Аляксей.
— Я ўмацаваў злучальныя кабелі і агледзеў увесь комплекс антыграва, цяпер усё ў парадку, — далажыў ён і паглядзеў на свае перапэцканыя ў масле рукі. — Падумаць толькі! Двое сутак мы спакойна спалі і елі і нават не здагадваліся, што ў кандэнсатарах уцечка. Я гатовы сам сябе адлупцаваць.
— Перастань, — сказаў другі пілот Фултан. — Я ўсё думаю, як гэта магло здарыцца?
Арнэ Лагерсан адышоў і прымасціўся ў кутку. Ён нерухома глядзеў проста перад сабою, раз-пораз ціха пахрустваючы пальцамі. Да яго падсеў Фултан.
— Магчымасць уцечкі энергіі ў антыграве прыкладна адна тысячная, — сказаў ён. — Улічы таксама, што сапсаваўся ахоўны клапан. Мала таго, адмовіў і аварыйны клапан. Гэта ўжо занадта.
Лагерсан у адказ толькі паціснуў плячамі.
— Нічога не разумею, — працягваў Фултан. — Тысяча, памножаная на мільён, дае мільярд. Чуеш, Арнэ? Імавернасць была адна мільярдная. Пашанцавала, няма чаго сказаць!
— Твае разлікі недакладныя, — сказаў Лагерсан. — Пасадка была не вельмі ўдалая, і многія клапаны выйшлі з строю. Што ж у гэтым дзіўнага? Так ужо здарылася, і цяпер нам даводзіцца туга. А што паказвае індыкатар антыграва?
— Мала суцяшальнага. Пакуль шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў ніжэй крайняй нормы. Але калі ўлічыць, людзі і механізмы важаць тысячу шэсцьсот кілаграмаў, то няцяжка падлічыць. На караблі дзевяцьсот пяцьдзесят кілаграмаў лішняга грузу.
Лагерсан да болю закусіў вусну і з жалем пакруціў галавой:
— Дрэнь нашыя справы, Фултан.
— Ды ўжо горш няма куды. — Фултан агледзеўся па баках, быццам толькі адным поглядам хацеў акінуць усё навокал.
— Нялёгка будзе скінуць гэтыя лішнія дзевяцьсот кілаграмаў.
Лагерсан склікаў усіх афіцэраў.
Не чакаючы спецыяльнага запрашэння, да іх далучыліся Аляксей, Ірына і доктар Паўльсэн.
— Прашу вас усё, што здарылася, трымаць у тайне, — сказаў камандзір карабля. — Няма чаго наперад трывожыць экіпаж.
Ён падняўся на камандны мосцік і павольна пайшоў у сваю рубку, адчуваючы сябе смяротна стомленым і блізкім да непрытомнасці. «Старэю, — падумаў ён. — Хутка сорак. Мнагавата, мнагавата для такой работы».
Ён запаліў цыгарэту і зірнуў у плексігласавы ілюмінатар.
Адсюль Тытан здаваўся безжыццёвай раўнінай, скаванай ледзяным панцырам. З расколін у сіняватых ледзяных глыбах тонкімі чырвонымі струменьчыкамі выцякаў ксемедрын, рассцілаючыся над самай паверхняй планеты. Лагерсан не раз бываў на Тытане. Упершыню ён прыехаў сюды ў дзве тысячы адзінаццатым годзе, калі рабіў здымкі мясцовасці, а потым другі раз, роўна праз дзесяць гадоў, калі рабіў новыя, перыядычныя. І вось цяпер ён трапіў сюды трэці і баяўся, ці не апошні раз.
Прыкладна за трыста метраў ад карабля з-за ледзянога ўзгорка паказаліся касманаўты. У грувасткіх касмічных скафандрах яны рухаліся павольна, адзін за адным, несучы на плячы балоны з ксемедрынам, які сабралі з расколін за доўгія гадзіны цяжкай працы. Лагерсан пазнаваў сваіх людзей па хадзе. Не ўсіх вядома: на караблі было некалькі навічкоў, але кожнага, з кім яму даводзілася лётаць раней, ён, не вагаючыся, пазнаў бы і за тысячу метраў.
Ён у знямозе прылёг на ложак.
Дзевяцьсот кілаграмаў! Іх трэба выкінуць любой цаной. Але Лагерсан не мог засяродзіцца на гэтай думцы. Ён думаў пра ірацыянальнасць свету і самой гісторыі — сапраўды, недарэчна, калі свет аганізуе ад нейкай нікчэмнай, невядомай дагэтуль бактэрыі, а выратавальныя лекі можна здабыць толькі за мільёны кіламетраў ад Зямлі! А, зрэшты, магчыма, у гэтым ёсць свая логіка і нават шчаслівая заканамернасць. Ксемедрын! Калі шмат гадоў назад на Тытане праводзіліся першыя здымкі мясцовасці, хто б мог падумаць, што рэдкія чырвоныя струменьчыкі газу прынясуць ратунак чалавецтву? А лекар з Гамбурга! Гэта ж ён здагадаўся, што ў барацьбе з бактэрыяй можна выкарыстаць толькі ксемедрын. Ён выпадкова знайшоў гэта, вывучаючы ўсялякія каталізатары для атрымання супрацьэпідэмічнай сывараткі. Але ці была гэта вападковасць, ці заканамернасць?