Выбрать главу

— Твая каханая — непрыгожая! Ты памыляешся! Яна не лепшая за ўсіх!

— Тады я зраблю яе самай прыгожай! — паабяцаў я, не вытрымаў i прыйшоў да цябе.

— Што ж ты ад мяне хочаш? — спытала Зямля.

— О маці Зямля! Я — твой сын. Дай мне прыгажоць для маёй каханай!

— Азірніся навакол i — бяры што ўбачыш. Але адкажы мне яшчэ раз: ты пакахаў непрыгожую?

— Не, яна прыгожая, але я хачу, каб яна была самай прыгожай.

— Дарэмна... Але ты — мой сын. I таму — бяры i вяртайся да каханай.

I Юнак узяў. Гнуткі стан у бярозы, смарагдавыя вочы ў мора, срэбны голас у птушак, прыгожы твар у кветак, залатыя валасы ў сонца. I панёс скарбы каханай.

Але праз некалькі дзён ён вярнуўся. З пахмурым, устрывожаным тварам, з пеклам у вачах, абыякавым для Зямлі, але страшным i гвалтоўным для чалавека. I ўсё ж недзе на самым дне пачварнага i агіднага змроку заўважыла Зямля слабенькі, але не безнадзейны крынічны струменьчык былога раю, далёкага i нязбытнага.

— Распавядай! — загадала Зямля, i Юнак працягваў чытаць самую цяжкую i заблытаную старонку Кнігі Жыцця.

— Я прынёс скарбы i аддаў каханай. Гнуткі стан бярозы, смарагдавыя вочы мора, срэбны голас птушак, прыгожы твар кветак i залатыя валасы-промні сонца. I адразу жахнуўся: што я нарабіў! Гэта ж не мая каханая! Танклявы халодны стан i жорсткія прыгожыя вочы, мілагучны да вар'яцтва голас i дакладны гіпсавы твар грэчаскіх статуй, залатыя валасы славянскіх багінь.

Гэта была не мая каханая!

Яна зірнула на пахілую бярозу i загадала яе ссекчы, каб не псавала сваім калецтвам уражанне ад прыгажосці, а потым прагнала прэч птушак, што страцілі галасы. Яна абразіла сонца, параўнаўшы яго са сцёртым грошыкам жабрака, а мора ўспрыняла, як вялізную брудную лужыну. Кветкі ж проста павытоптвала.

Няўжо такая дарагая сярод людзей прыгажосць, няўжо яна такая танная?!.

I Юнак заплакаў, не стрымліваючы слёз, у якіх адбівалася душа.

— Што ж ты цяпер хочаш ад мяне? — у другі раз спытала Зямля.

— О маці Зямля! Забяры свайго сына! Ён хоча толькі памерці.

— Усё скончылася так, як я i думала,— уздыхнула Зямля.— Але ты — мой сын, i я дапамагу табе. Аддай усім што ў каго ўзяў i папрасі ў ix чагосьці ўзамен.

I Юнак пайшоў мяняць скарбы. Калі ён усё вярнуў, бяроза дала яму для каханай сціпласць, мора — шырыню душы, птушкі — вернасць, кветкі — пяшчоту, сонца — шчодрасць i цеплыню. А Зямля дадала да ўсяго гэтага дабрыню i здольнасць дараваць.

— Я аддаў усё гэта каханай, i людзі крычалі мне: «О, твая каханая — самая прыгожая!» — узбуджана паведаміў Юнак, калі вярнуўся, радасны i шчаслівы.

Зямля гэтаму не здзівілася — яна ўсё прадбачыла. Але яна здзівілася іншаму: зірнуўшы ў вочы ўсхваляванага Юнака, яна не заўважыла, дзе ў ix рай, а дзе пекла; яна не магла ix адрозніць, яна — Зямля, маці! Упершыню Зямля на нейкае імгненне пашкадавала, што ні рай, ні пекла для яе немагчымыя, непрыдатныя i толькі ў вачах, у сэрцы, у душы Юнака яны набываюць сваё рэальнае існаванне. Але толькі на імгненне, бо адразу ж зразумела ўсю недарэчнасць гэткага шкадавання. Ці ёй, Зямлі, шкадаваць пра рай i пекла, ёй, якая змяшчае жыццё людзей, у тысячу разоў больш таямнічае i складанае?!

А яшчэ яна зразумела, што найцяжэйшая старонка Кніг Жыцця прачытана, але сына яе чакаюць новыя, наступныя...

З берага мора даносіліся гукі бадзёрай песні, паміж хвалямі то ўзнікала, то зноў хавалася галава Юнака.

Юнак абдымаў мора.

СЛЯЗА ВОЛАТА

Зніклі з нашай зямлі Волаты, зніклі даўным-даўно, i толькі ў памяці простых людзей жывуць прыгожыя легенды пра ix вялікія ўчынкі, толькі ўзнёслыя паэты з самотнымі вачыма i ўражлівай душой узгадваюць яшчэ тыя пракаветныя часы, калі Волаты будавалі замкі з велічэзных дзікіх валуноў i пераводзілі ў новае рэчышча паўнаводныя рэкі, дужаліся з багвянымі цмокамі i пустэльнымі зданямі, а ў гадзіну добрага настрою i самі ахвотна страшылі іншаземных вандроўных рыцараў. Ды што казаць пра Волатаў, калі i Рыцары непрыкметна перавяліся, нават тыя, якім у звычайных ветраках бачыліся таямнічыя пачвары; а дзе зараз гэтыя ветракі?

У пульхных разумных кнігах напісана нават, што i не было на свеце нічога такога чарадзейнага i гераічнага, хіба што ў прыдумках i фантазіях чалавечых, але калі не было, дык, значыць, тым больш i зараз няма, вось што галоўнае!