Выбрать главу

I не можа быць! Уявіце сабе існаванне Волата ў наш час: якая з яго карысць людзям i якая ад людзей карысць яму? У параўнанне з машынамі магутнасць яго невялікая, а розумам ён i раней, здаецца, не вызначаўся. Адразу ўзнікла б праблема адзення i харчавання, востра паўстала б жыллёвае пытанне, i наўрад ці пры сваёй мізэрнай карыснасці Волат атрымаў бы шматпакаёвую плошчу без чаргі, хіба што ў парадку выключэння як унікальная з'ява прыроды.

Вось-вось, менавіта як унікальная з'ява, дзіва заморскае, і, хутчэй за ўсё, скончыў бы сваё вялікае жыццё сучасны Волат у звышсучасным заапарку, а пасля смерці шкілет яго прыдбаў бы анатамічны музей.

Аднак усе гэтыя разважанні не маюць прамога дачынення да нашай задумы, таму спынім ix i начнём нашу загадкавую гісторыю пра цесляра Ганчыка, які жыў калісьці на землях княства i сустракаў, калі верыць яго словам, сапраўднага жывога Волата. Сустрэча тая значна паўплывала на далейшы лёс цесляра, і, відаць, не згубілася ў маўклівых стагоддзях імя Ганчыка толькі з прычыны яго дзіўнай прыгоды, якая прыадчыніла яшчэ адну таямнініцу Волатаў, магутных асілкаў, назаўсёды знікшых з нашай зямлі. A ўрэшце, ніякага дзіва i не было. Проста...

Проста на лясным узгорку сядзеў Волат i глядзеў на неба. Блакітнае i недасяжнае, яно нагадвала бязмежнае мора, у якім важка пялёхалася жоўтае сонца. Вялізнай далонню Волат прыкрываў вочы ад яркіх настырных промняў, а на другой далоні трымаў маленькую сінюю птушачку, якая спявала радасную i немудрагелістую вясновую песеньку. Зрокам сваім Волат узіраўся ў неба, услухоўваўся ў срэбны галасок птушкі, a думкі яго, незалежна ад зроку i слыху, імкнулі кудысьці далёка-далёка, сугучныя навакольнай цеплыні i прыгажосці.

«Калі глядзіш на неба, робішся такім маленькім і бязважкім, як гэтая бесклапотная птушачка. Глядзіш у блакітную далеч i хочацца слухаць празрыстую мелодыю. A калі слухаеш мелодыю — хочацца глядзець удалеч. Маці казала, што, каб спасцігнуць сэнс жыцця, трэба доўга глядзець на неба альбо на маленькую зялёную сцябліпку, па якой паузе залаты жучок. Крыўдна, што Волатаў засталося на свеце зусім мала. У нас не толькі моцныя рукі i магутныя плечы, але i вялікае сэрца, якое змяшчае столькі любові i разумення пекнаты! На жаль, людзям не ўласціва нi першае, ні другое, ім не дадзена разумець хараство i захапляцца прыгажосцю...»

Так думаў Волат, што адпачываў на лясным узгорку, перад тым, як прадоўжыць свой звыклы шлях нястомнага вандроўніка. Празрыстая, крыштальная сляза скацілася па добрым твары магутнага асілка i ўпала ў маладую, зялёную траву. Волат узняўся ўпоравень з самымі высокімі стогадовымі дрэвамі i цяжка рушыў кудысьці далей — магчыма, ён быў апошнім Волатам.

Там жа, дзе ўпала сляза Волата, заструменіў невялічкі лясны ручай з чыстай сцюдзёнай вадой.

I вось тут з-за дрэў выпаўз на ўзгорак цясляр Ганчык, спалоханы i збялелы. Раніцай ён вяртаўся ў мястэчка з суседняй вёскі, ішоў, як заўсёды, напрамкі праз лес, які ведаў не горш за сваю справу, i ледзь-ледзь не наскочыў прама на Волата.

Трэба сказаць, што Ганчык ні ў якія прымхі i забабоны не верыў i нічога ў жыцці не баяўся. Ды i дзіўна было б верыць у нешта i нечага баяцца чалавеку, які збіваў для патрэб усяго наваколля ладныя, шчыльныя дамавіны, а значыць, працаваў недзе паблізу ад уладанняў смерці. Але не баяцца розных прыдумак — адно, а сустрэць у лесе сапраўднага Волата — зусім іпшае, таму не будзем надта асуджаць спалоханага цесляра.

Як усякі божы чалавек, убачыўшы Волата, Ганчык спачатку даў лататы з праклятага месца, але потым вярнуўся, i, трэба думаць, не з парожняй цікавасці. Так, Ганчык калаціўся i трымцеў ад спуду, употай назіраючы за Волатам, зусім не дзеля цікаўнасці. Быў ён чалавек не тое што сквапны, але прагны да грошай, якіх ніколі асабліва не меў, i таму — зайздрослівы i ўзлаваны на ўвесь свет. Не верыў у Цмокаў i Волатаў, але чуў казкі пра ix чароўныя рэчы i пякельныя грошы. A паколькі i ў бога не надта верыў цясляр, дык калі давялося сустрэць сапраўднага Волата — вырашыў паназіраць за ім i пашукаць потым на ўзгорку скарбаў.

Так i зрабіў, бо якраз меў з сабой рыдлёўку, а капаць вучыцца не трэба было.

«Добра, што зямелька зараз мяккая, цёплая. Знайду скарб, займею шмат грошай, кіну ўсё i пераеду ў вялікае месца. Абрыдла кожны дзень спадзявацца на чыюсьці смерць, рабіць дамавіны для жабракоў-сялян i жыць паміж гэтым выпадковым заробкам. Куплю вялікі мураваны дом, завяду сваю справу, набяру вучняў. Есці, піць буду, колькі захачу, апранацца, як шляхетны пан ці заможны гараджанін. Ахвярую на касцёл, дам ксяндзу некалькі залатых — усе грахі мне даруюцца, i мінулыя i будучыя. За грошы ўсё купіць можна, нават рай...»