Да палудня капаў на ўзгорку цясляр Ганчык, шукаў Волатаў скарб, прагнуў пякельных грошай. I хто ведае, можа, i знайшоў бы тое, што жадаў, але, стаміўшыся, прысеў адпачыць, убачыў ля самых ног невялічкі лясны ручай i глынуў з яго чыстай, сцюдзёнай вадзіцы.
Дзіўная салодкая млявасць разлілася па целе Ганчыка, у галаве цесляра замітусілася, i ён бязважка асунуўся на дол. Мяккая, пухнатая цемра праглынула на нейкі момант чалавека. A калі апрытомнеў — прама перад вачыма ўбачыў ён залатога жучка, што ўпэўнена караскаўся па смарагдавай сцяблінцы да сонца. Ганчык зірнуў угору, куды ўзбіраўся залаты жучок, i, ускрыкнуўшы ад нясцерннага болю, захіліў вочы рукамі: сонечныя промні зрабіліся неверагодна яркімі i гарачымі. I яшчэ, нешта здарылася са слыхам: бездань ніколі не чуваных гукаў ахінула цесляра i павабіла за сабой у таемную далеч. Насцярожана шапталіся травы, стракатаў вясёлыя глупствы порсткі конік, крахтаў пад цяжкай ношай працавіты мураш, лёткі ветрык прарочыў хуткае шчасце i неспадзяваныя сустрэчы.
Доўга сядзеў Ганчык па лясным узгорку, прыслухоўваўся i прыглядаўся да таго нязнанага i ваблівага, што адбывалася ў наваколлі i ў ім самім.
Потым спахапіўся, выцягнуў з торбы мгліста-чырвоную пляшку (зразумела, парожнюю пасля ўчарашняга вечара) i напоўніў яе цудадзейнай вадкасцю з ляснога ручая. Азірнуўся, i позірк яго здзіўлена спыніўся на кінутай ля глыбокай яміны рыдлёўцы. На твары цесляра адлюстраваліся здзіўленне i дарэмныя намаганні ўспомніць мэту сваёй нядаўняй работы. Але ўсё ж успомніўшы, Ганчык весела засмяяўся, паклаў у торбу мгліста-чырвоную пляшку ca слязой Волата i пайшоў прэч...
Вось так ўсё i здарылася, a суседзі доўга не Maглi ўцяміць, што раптам адбылося з ix местачковым цесляром. Чаму ён цяпер такі шчаслівы i бесклапотны, чаму кінуў збіваць труны i пачаў выштукоўваць нейкія дзіцячыя цацкі, ад якіх зусім не меў спажывы? Чаму прызвычаіўся днямі прападаць у лесе альбо на лузе, падоўгу размаўляў з малымі дзецьмі i больш не зазіраў у карчму выпіць кварту хмельнага пітва ды пагутарыць пра мясцовыя навіны з былымі сябрамі? Калі ж з кім i перакідваўся выпадкова словам, дык вельмі здзіўляў таго чалавека сваёй незвычайнай назіральнасцю i вастрынёй зроку i слыху. Бачыў хараство там, дзе іншыя бачылі звыклы штодзённы побыт, чуў прыгожую мелодыю там, дзе астатнія чулі толькі бразгат i грукат альбо не чулі нічога ўвогуле. Быццам ведаў нейкую таямніцу, якая была для яго найвялікшай каштоўнасцю ў жыцці i пра якую не хацеў нікому распавядаць.
А яшчэ дзіўна: вясну i ўсё лета хадзіў Ганчык па зямлі нібы ў зачараваным сне, прагавіты да хараства i прыгажосці наваколля, ніводзін чалавек не бачыў яго заклапочаным i незадаволеным, а пад восень, калі прыйшоў час залатому жуку ўзбірацца да сонца па залатой сцяблінцы,— спахмурнеў i асунуўся, зрабіўся нейкім самотным i няўважлівым. I хоць выпадалі дні, калі зноў бачылі яго людзі вясёлым i шчаслівым, але здаралася такое ўсё радзей i радзей, ажно пакуль Ганчык зусім не знік аднойчы з мястэчка.
Куды, навошта пайшоў чалавек? У зімовыя халады, у снягі i завеі, а куды i па што далей — невядома.
I дзе быў, адкуль вярнуўся вясной, як толькі сышлі гаваркімі ручаямі маўклівыя грувасткія снягі,— зноў жа не распавёў нікому, хоць i дапытваліся ў яго найбольш настырныя i цікаўныя. Адно зразумела: вялікага шчасця не пабачыў у іншых краях чалавеча, бо вярнуўся знясілены i схуднелы, чорны тварам i злосны маўленнем; дзень пры дні праседжваў у карчме, абыякава i халодна пазіраючы на людзей i быццам скрозь людзей. Толькі часам усхопліваўся і, сціснуўшы галаву рукамі, кідаўся з нясцерпным крыкам некуды ў лясны гушчар, i тады жудасна рабілася местачкоўцам, крыжаваліся богабаязна i палахліва глядзелі ўслед звар'яцеламу цесляру.
Усё ж аднойчы ў карчме, заахвочаны тутэйшымі выпівохамі, добра пачаставаны нейкімі надзіва шчодрымі вандроўнымі шкалярамі, а можа, проста даведзены да адчаю безвыходнасцю i знямогай, не вытрымаў цясляр сваёй маўклівай адзіноты i распавёў цікаўным пра сустрэчу на лясным узгорку з Волатам, пра цудадзейнае пітво з ляснога ручая, якое ператварае шэрае, пастылае жыццё ў чароўны шматкаляровы сон, абуджае змерлыя пачуцці i абвастрае ўспрыманне навакольнага свету. Паведаў, як скончылася вадкасць у імгліста-чырвонай пляшцы, высах ручай з Волатавай слязы i як немагчыма зрабілася жыць сваімі ўласнымі пачуццямі, уласным сэрцам, зрокам i слыхам. Прыадчыніў таямніцу сваіх зімовых вандровак у пошуку Волата, пошуку безвыніковым i дарэмным, як блуканне па лясным гушчары i чаканне на ўпамянёным ужо ўзгорку.