Выбрать главу

Няшмат хто з слухачоў паверыў у Ганчыкаву гісторыю, a зразумелі яе яшчэ менш. Толькі адзін шкаляр сказаў, што чытаў у старажытнай лацінскай кнізе пра Волатаў, i пачаў з разумным выглядам тлумачыць нешта пра неадпаведнасць дробных i мізэрных чалавечых пачуццяў высокім i адухаўлёным пачуццям Волатаў, якія ўжо не багі, але яшчэ не людзі, пра земляроба-паэта Гесіода, невідушчага грэка Гамера, пра легендарны залаты век... Але ўсім хутка апрыклі яго вымудроністыя i незразумелыя словы, таму налілі празмерна вучонаму шкаляру адразу тры поўныя келіхі добрага старога віна, i вось ужо сціхся хлопец на вялізным дубовым стале i мусіў бачыць залаты сон пра сваіх улюбёных грэкаў, сляпцоў i земляробаў.

Змоўк i Ганчык-цясляр i ніколі потым не ўспамінаў болей пра сваю незвычайную прыгоду. Неўзабаве ён зноў пачаў збіваць ладныя, шчыльна падагнаныя дошкі дамавін для местачкоўцаў i сялян, i хутка людзі забыліся на яго колішнія дзівацтвы i незразумелыя прыдумкі.

Толькі калі-нікалі заўважаў хтосьці з суседзяў у руках сваіх дзяцей нейкія хітрыя, вясёлыя цацкі, успамінаў тады пра Ганчыкавы пераўвасабленні, згадваў неверагодную гісторыю пра сустрэчу з Волатам.

Ды вось яшчэ карчмар кляўся сваім нетутэйшым богам, што ў той дзень, калі распавядаў Ганчык сваю гісторыю вандроўным шкалярам, скацілася па счарнелай, высахлай шчацэ цесляра буйная празрыстая слязіна i дзынькнула ледзь чутна аб падлогу. I быццам выскачыў аднекуль маленькі пачварны гном, выхапіў з-за пасака пляшку, зачэрпнуў у яе чалавечай слязы і, пераможна піскнуўшы нешта сваім брыдкім звярыным галаском, знік у цёмным падпечку.

Але хто паверыць у такія казкі, ды яшчэ — карчмару?..

ЧАРНАКНІЖНІК

Жыў-быў калісьці на землях княства чалавек, што прыдумваў гісторыі, ад якіх нават у самых смелых i адчайных рыцараў кроў застывала ў жылах ад боязі i жуды.

«Кард-казачнік» — з д'ябальскай усмешкай называў ён сам сябе, «Кард-кніжнік» — з павагаю называлі яго ў палацы Уладара, «Кард-чарнакніжнік» — трывожна перашэптваліся пры яго з'яўленні простыя людзі i палахліва хавалі вочы, у якіх укленчваў жах.

У дзяцінстве Кард быў звычайным хлопчыкам: лавіў блакітна-жоўтых матылёў на лузе, вудзіў срэбных рыбак у сцюдзёнай рачулцы, зімой ляпіў з сябрамі снегавую бабу з чырвонай морквай замест носа i чорнымі вугельчыкамі замест вачэй.

Вось толькі ніколі не бачыў ён сноў: ні будзённых чорна-белых, ні каляровых святочных.

Але якая ўрэшце чалавеку розніца, сніць ён штосьці ноччу ці не, якая з гэтых сноў карысць: у кішэнь ix не пакладзеш i на лусту хлеба не намажаш. Затое Кард ніколі нічога пе баяўся: прайсціся ноччу па лесе альбо забрысці на стары могільнік з пахілымі крыжамі i нясклепістымі капліцамі было для яго надзвычай проста, i не выклікала гэта ніякіх звышнатуральных пачуццяў i ўяўленняў.

Праславіўся Кард тады, калі прыйшоў у палац Уладара i распавёў сваю першую жудасную гісторыю.

З таго часу золата паплыло ў яго скарбонку ракой, a ліхая слава ў народзе разлілася яшчэ шырэй.

Праўда, прыдворны летапісец згадваў, што i раней калісьці прыходзіў у палац Уладара юнак па імені Кард, таксама распавядаў нейкую гісторыю, але быў асмеяны i выгнаны прэч не толькі з палаца, але i з княства ўвогуле.

Невядома, той гэта быў Кард ці іншы, але Кард-чарнакніжнік з'явіўся ў палацы ўжо ў немаладым узросце i ў сталым розуме. Дзе ён бадзяўся да гэтага часу — таксама невядома; у народзе хадзілі чуткі пра вучэнне яго ва ўсходніх халдзеяў i алхімікаў, іншыя сцвярджалі, што бачылі яго ў пячорах мясцовых ведзьмакоў i варажбітоў, вось толькі незразумела, што яны самі ў тых пячорах рабілі, калі яго там бачылі.

Уладар княства акрамя сваёй жорсткасці i ваяўнічасці славіўся яшчэ бязмежнай любоўю да неверагодных прыдумак i таямнічых гісторый. Таму ў яго палацы заўсёды тулялася процьма розных махляроў, ашуканцаў, аматараў лёгкага жыцця, вандроўных шкаляроў i бяздомпых валацуг, якія цудоўна суседзіліся з паважнымі мудрацамі, астролагамі i паэтамі, бо мелі той жа занятак i той жа заробак.

Шмат цікавых i загадкавых гісторый паведалі яны Уладару, але Кард пераўзышоў ix усіх, i нават у гэтых людзей, якія рэдка вымяралі сваё жыццё паняццямі сумлення i закона божага, нават у гэтых людзей адымала мову i валасы шавяліліся ад жудасці, калі Кард-чарнакніжнік заканчваў адну з сваіх чарговых гісторый. А сам ён толькі смяяўся: ах, які д'ябальскі i незямны быў той смех!

Рука не варухнулася б падаць тут хаця адну з пякельных прыдумак Карда-чарнакніжніка. Але памятаеце казку Шарля Перо пра Сінюю Бараду? Кажаце,— яна вельмі страшная? Ды не, яна не вельмi страшная, яна хутчэй таямнічая. А што, калі б вам апісалі падрабязна i з асалодай, як Сіняя Барада забіваў усіх сваіх жонак i пры гэтым кожны раз ператвараўся ў нейкую новую фантастычную пачвару, якіх ніколі не бачыла шматпакутная зямля? Альбо — маляўніча паведалі пра сад, дзе хлопчыкі i дзяўчынкі гушкаюцца не на арэлях, а на вялізных, атрутна-сініх языках павешаных нябожчыкаў з асалапелымі вачыма i крумкачамі на плячах.