Пясчанік усё сядзеў ля замка i нікуды не хацеў ісці, аж пакуль не зразумеў канчаткова сваё ўпартае жаданне парушыць недатыкальны закон продкаў i дачакацца тых невядомых, ніколі не бачаных жыхароў, дзеля якіх ён жыў i будаваў.
«Мае бацькі заўсёды працавалі ноччу, a раніцай таропка ішлі далей на ўсход, каб вечарам на новым месцы распачаць новы замак. Нам забараняецца бачыць жыхароў. Але ж гэта несправядліва i незразумела: ствараць прыгажосць i карысць для кагосьці невядомага, не маючы ніякай магчымасці даведацца, як яны гэта ўспрымаюць i разумеюць. А раптам жыхарам нешта не надабаецца, можа, зусім нейкая дробязь, пра якую яны проста не могуць нас папярэдзіць? Чаго i каго мы баімся, куды i адкуль бяжым, не ведаючы спачыну? Можа, палохаемся ганьбы i кпінаў за сваю працу? Але нельга не заўважыць хараства там, дзе яно ёсць. Калі ж яго няма, дык навошта далей жыць, узводзіць пачварныя гмахі i нясклепістыя будынкі? Няхай я парушу галоўны закон продкаў, але я даведаюся праўду i супакою свае згрызоты i сумненні»,— вырашыў маленькі Пясчанік i адчуў доўгачаканую палёгку, што ўрэшце адважыўся здзейсніць сваё даўняе нясмелае жаданне.
Ён сядзеў доўга, ажно пакуль сонца не перасунулася ў зеніт. Тады ў прыбярэжным зарасніку пачуліся шоргат i трэск, нечыя галасы i злы смех. З травы выскачыў Пацук, з кустоў вылезла Малпа, з-за дрэў выйшаў Конь.
З агідным віскатам Пацук кінуўся ў Замак i знік пад яго бясконцымі скляпеннямі. Малпа з важным выглядам абышла вакол замка, кратаючы рукамі муры i брамы. Конь лёг на цёплы пясок i абыякава ўтаропіўся ў супрацьлеглы ад замка бок.
Пясчанік не зварухнуўся, i звяры не заўважылі яго. А магчыма — ім было ўсё роўна.
Праз нейкую хвіліну зноў з'явіўся Пацук i нешта злосна шапнуў Малпе. Малпа задаволена ўсміхнулася і, паказытаўшы Пацука за вухам, гукнула Каня. Конь узняўся, ляніва пазяхнуў i пачаў руйнаваць замак.
— Што вы робіце?! — закрычаў Пясчанік, здзіўлены i абураны.
Конь спыніўся, абярнуўся да маленькага Пясчаніка i запытальна зірнуў на Малпу, за якую схаваўся Пацук.
— Ты — хто? — важна спыталася Малпа.
— Я — Пясчанік, я пабудаваў гэты замак i не разумею, навошта вы яго разбураеце!
— А навошта ты яго пабудаваў? Хіба не для таго, каб яго разбуралі?
— Вядома, не. Я пабудаваў замак для таго, каб у ім жылі.
— Ды ты — увогуле дзівак. Хто гэта будзе жыць у пясочным замку? Ніхто.
— Ён — дзівак,— віскнуў з-пад Малны Пацук, а Конь неахвотна i вяла заржаў.
— Як — ніхто? — зусім разгубіўся Пясчанік.— Мае продкі з пракаветных часоў узводзілі пясочныя замкі, i заўсёды для ix знаходзіліся жыхары.
— Якія жыхары? — пацікавілася Малпа.
— Не ведаю. Продкі ніколі не чакалі ix прыходу, яны адразу ж ішлі на ўсход, будаваць новыя замкі. Таму жыхароў ніхто ніколі не бачыў, i ніхто ніколі не распавядаў, якія яны.
— Вось бачыш,— узрадавалася Малпа.— Значыць, ніякіх жыхароў ніколі i не было, калі ix ніхто не бачыў. Таму твае продкі i не чакалі іхняга прыходу, бо нельга дачакацца таго, што не існуе.
— Ніколі не было? — пачаў разумець увесь жах зведанай ім нарэшце таямніцы Пясчанік.— Але навошта ж тады будаваць замкі? Навошта было жыць маім продкам, навошта жыць мне?
— Ну, можа, былі калісьці раней, зусім даўно, а потым перавяліся, зніклі,— суцяшальна ўдакладніла Малпа i добразычліва працягвала: — Мы таксама калісьці штосьці для некага будавалі. А потым зразумелі ўсю марнасць i непатрэбнасць гэтай працы i вырашылі заняцца больш вартай i разумнай справай — знішчаць зробленае іншымі. Зараз мы ідзём па ўзбярэжжы мора на ўсход i руйнуем пабудаванае табой i астатнімі дзівакамі. Павер мне, гэта куды прыемней, спакайней i карысней. I нікому ніякай шкоды — пясочныя замкі, напрыклад, калі своечасова не паспееш ix разбурыць, развальваюцца самі, як толькi ўсчанецца залева альбо насунецца шторм. Выцеры слёзы, i пойдзем з намі.
— Мне цяпер усе роўна,— Сказаў Пясчанік i ў апошні раз паглядзеў на замак, разбураны i змярцвелы.
Маціцавыя ракаўкі не блішчэлі на сонцы, i гонкія спічастыя дахі не ўзносіліся над жоўтымі мурамі.
Неба згусла i сінела недзе далёка-далёка; Пясчанік, Малпа, Пацук i Конь пабрылі на ўсход.
* * *
Яны сунуліся ўсё далей, i рабілася ix ўсё больш. Недзе побач з Пясчанікам муркатала дзікая Котка, ззаду рохкала Свіння, наперадзе, высалапіўшы язык, бег Сабака. Яшчэ шмат невядомых i проста безыменных стварэнняў гнятліва цягнулася ў тым жa кірунку i з той жа мэтай, а неба засцілася доўгай чарадой рознаплямённых птушак, пакінуўшых свае гнёзды, каб разбураць гнёзды чужыя.