Выбрать главу

— Ты ляціш на Зямлю, i ўсе зоркі мільгаюць табе ўслед. Мэва, мілая, вярніся... Хіба табе з намі чагосьці не ставала, хіба не любілі мы цябе, не дзяліліся сваімі радасцямі, сваім болем, самымі патаемнымі марамі, як дзялілася ўсім гэтым з намі ты? Мэва... Навошта ты, куды?

— Не-не, дарагія сястрыцы, мне з вамі было вельмі хораша, i вы дзяліліся ca мной усім, што ў вас было, i нідзе ва ўсім сусвеце не знайсці мне болей такіх сябровак. I зараз вы праводзіце мяне тужлівымі незразумелымі позіркамі, i шапочаце, i мільгаеце, i клічаце назад...

— А ты ўсё ляціш i ляціш, скрозь ноч, скрозь халодную бездань, скрозь змрок. Мэва, малютка, што ты хочаш знайсці на той халоднай глыбе пяску, адкуль не вярталася яшчэ ніводная зорка? На зямлі няма шчасця. Шчасце тут, уначы, у бясконцасці i бессмяротнасці...

— Я імкну ўсё хутчэй i хутчэй, усё бліжэй Зямля, усё далей i далей вы. Я вас чую, але нішто ўжо не спыніць мой шлях — я лячу на Зямлю на ўласных крылах, я — птушка! О, вы не ведаеце! Вы не бачыце: тут, толькі тут жыццё, на гэтай планеце, i я імчуся да гэтага шчасця, як i кожную ноч імчалася на крылах маіх сноў. Сестры мае, няўжо вы мяне яшчэ чуеце?!

— Чуем, Мэва, мы чуем цябе, бо ты — таксама зорка ці толькі нарадзілася ёй. Мэва, чаму ты ляціш на Зямлю, чаму ты шукаеш свой сэнс там, адзіная з мільярдаў зорак, якая блукае ў снах не па прасторным зорна-чыстым небе, а па змрочнай i небяспечнай Зямлі, на якую кожны дзень Сонца дасылае промні, ад якіх гіне ноч?.. Чаму ты зрабілася птушкай, Мэва, чаму ты не баішся памерці?..

— Не трэба, мілыя сестры. Зямля ўжо блізка, i я ўжо не зорка, а птушка. Маленькая, блакітная (гэта ж колер маіх сноў) птушка. А наперадзе — некалькі бясконца салодкіх гадоў шчасця, зялёныя лясы i сінія азёры, няўрымслівыя дні цяпла i сонечнай пяшчоты. О мае верныя сестры, як шкада, што вам ніколі не суджана зведаць усё гэта, як шкада, што я сапраўды адзіная з мільярдаў зорак, якой наканавана ўбачыць Зямлю. Вам яна ніколі не снілася, бо ўсё ваша жыццё — ноч; прыгожая i строгая, мудрая i вечная, але — толькі ноч.

— Дурнічка Мэва, маленькая летуценніца, народжаная ўначы, каб трызніць днём... Гэты дзень i гэтая планета пазбавілі цябе розуму, i ты называеш тое, ад чаго нас выратавала міласэрная прырода, шчасцем, a ўсё наша вечнае жыццё, увесь наш сэнс ставіш ніжэй нейкага сонечнага святла, нейкіх сноў, бачыць якія не даводзілася яшчэ ніводнай зорцы. Мэва, мы цябе ледзьве чуем, мы не бачым твайго бляску! Мы цябе так любілі, навошта ты, Мэва, куды? Падумай, яшчэ імгненне — i ты зробішся смяротнай, яшчэ імгненне — i ніводная зорка не здолее цябе пачуць; няўжо табе не страшна, Мэва?!.

— Я лячу, i мае крылы не ведаюць стомы, я — птушка з сэрцам зоркі. Мне страшна! Мне вельмі страшна, але нават у гэтым страху я адчуваю пачатак нечага новага, пачатак сапраўднага жыцця, з бедамі i радасцямі, якое так адрозніваецца ад вечнага, але абыякавага i халоднага ззяння ў начным небе. I ў гэтым, у гэтым сэнс, мой сэнс, які вам ніколі не зразумець. Не крыўдуйце, я ведаю, што вы жадаеце мне толькі дабра. Прабачце, даруйце той Мэве, якая вас пакінула, якая ўжо ніколі не будзе палохаць вас сваімі незразумелымі снамі.

— Мэва, вярніся, яшчэ не позна, Мэва, яшчэ ёсць час!..

— Не, я не вярнуся назад, калі шчасце зусім побач, калі я ўжо адчуваю  п а в е т р а.

— Мэва, ты загінеш, цябе ніколі не будзе з намі, ты застанешся на Зямлі i памрэш, ты знікнеш назаўсёды! Мэва, ты — зорка, табе няможна на Зямлю!

— Я — птушка! Але цішэй, цішэй, сестры; я спускаюся i развітваюся з вамі. Вось ужо аблокі, а за імі — таксама птушкі, галасы якіх я чую...

— Мэва, прачніся, гэта канец, Мэва!..

— Гэта вельмі розныя галасы, у ix нараджэнне i смерць, жалоба i замілаванне жыццём, літанні i радасць...

— Усё скончана... Усё скончана, Мэва, ты — на Зямлі. Ты загінула, Мэва, мы не можам цябе выратаваць!

— А зараз я ўжо бачу i саміх птушак. Яны таксама розныя: вялікія i маленькія, павольныя i хуткія, крыклівыя i задуменныя. Усё гэта я ўжо бачыла ў снах, таму не здзіўляюся i не палохаюся, а толькі радуюся.

— Мэва, мы не чуем цябе. Цябе няма ў нашым сусвеце! Дзе твая бессмяротная душа, Мэва, дзе знайшло прытулак тваё маленькае цела птушкі?!.

— A ўнізе — мора. Яно сіняе-сіняе i спакойнае. Дзесьці далёка-далёка з глыбіні яго выплывае сонца. Яго промні пакуль што непрыкметныя i халодныя, але я ведаю — пройдзе зусім мала часу i кожная істота на гэтай планеце, кожная птушка, кожная расліна будуць шукаць гэтыя промні i цешыцца імі. Я ведаю гэта, бо я таксама шукала ix у сне.