Выбрать главу

Ноччу сабака выбраўся ca свайго сховішча i агледзеў палубу. Акрамя вахценнага, на палубе нікога не было; сабака пракраўся на карму i ўбачыў белапенны след, які пакідаў за сабой карабель у светлых, пад высокім месячыкам, хвалях. Сабака зразумеў, што ён плыве разам з караблём, i здзівіўся, чаму зоркі такія ж нерухомыя, як i на тым лапіку неба, што быў бачны ў зеўры будкі. Але зірнуўшы на паверхню мора, ён заўважыў там адлюстраванні зорак, i гэтыя адлюстраванні імкліва рухаліся разам з караблём.

«Мы плывём па зорках»,— падумаў сабака і, забраўшыся назад у лодку, заснуў, шчаслівы i спакойны.

Раніцай ён прачнуўся ад ваблівага паху, які даносіўся аднекуль паблізу, i ўспомніў, што вось ужо чатыры дні амаль нічога не еў. Праглынуўшы сліну, сабака расплюшчыў вочы i вылез ca свайго сховішча на палубу. Палуба раптам па-здрадніцку паплыла некуды ўбок, сабака пахіснуўся i ўпаў. Пачуўся вясёлы рогат, узняўшы морду, сабака ўбачыў над сабой некалькі чалавек. Рогат быў незласлівы, прыветлівы, i сабака першы раз у жыцці таксама, не па-сабачы, усміхнуўся.

Праз некалькі хвілін ён ужо сёрбаў цёплую смачную поліўку пад добразычлівае бурчэнне чалавека ў белай вопратцы, які гаспадарыў на камбузе.

Здавалася, усё было добра, i ўжо вахценны ў канцы свайго рапарта весела дакладваў капітану:

— I яшчэ ў нас на караблі сабака, які ўмее смяяцца!

— Адкуль?.. Чый? — халодна-абыякава працадзіў скрозь зубы капітан, вывяраючы лоцыю.

— Нічый. Адкуль i як узяўся —невядома. Каманда з ім ужо пасябравала i накарміла.

— За борт.

— ?..

— Табе штосьці не зразумела? Я сказаў ясна: за борт!

— Капітан, каманда будзе незадаволена...

— Я калі-небудзь паўтараў загад двойчы альбо адмяняў яго?

— Ёсць, капітап...

— Пачакай! Праз некалькі міль мы будзем праходзіць паблізу вялікага вострава. Зразумеў?

— Зразумеў, капітай!..

Цёплыя добрыя рукі, якія толькі што лашчылі яго разам з дзесяткамі іншых рук, раптам моцна падхапілі сабаку i ўзнялі над палубай. У наступны момант ён праваліўся ў паветра i з размаху балюча ўдарыўся аб ваду. Вынырнуўшы, убачыў з аднаго боку ад сябе блізкі бераг, а з другога — карабель. Сабака моўчкі, не разважаючы, паплыў услед за караблём. Ён не думаў пра тое, чаму людзі так жорстка абышліся з ім, сэрца яго шалёна білася, лапы напружана працавалі, нейкі невядомы інстынкт дапамагаў яму трымацца на паверхні i гнаў, гнаў услед за караблём. З адчаем сабака зірнуў на неба, але Паўночнай зоркі там не было, як i ўвогуле не было ніякай зоркі: свяціла сонца, неба патанала ў блакітнай празрыстасці. I раптам у гэтай празрыстасці сабака ўбачыў сваю зорку i забрахаў, шалёна i бездапаможна, з апошніх сіл.

Капітан стаяў на мосціку i ca здзіўленнем глядзеў на звар'яцелую жывёліну, якая, замест таго каб плыць да берага, плыла ў адкрытае мора.

I раптам карабель сцішыў ход, а потым i ўвогуле спыніўся. Ветразі абмяклі i млосна абхапілі сценьгі, кліверы, фокса. Поўны штыль.

«Гэты звар'яцелы сабака нарадзіўся пад шчасліваю зоркаю»,— падумаў капітан i загадаў спусціць выратавальную шлюпку. Ён не быў жорсткім па натуры чалавекам, ён трыццаць гадоў свайго жыцця аддаў мору, а таму любіў на караблі парадак i кіраваўся статутам...

* * *

На ўскраіне маленькага партовага горада, закінутага ў самы далёкі i недасяжны куток свету, сціпла месціўся карабельны могільнік. Гнілое дрэва перамяжоўвалася тут з іржавым жалезам, спарахнелыя снасці патыхалі газай.

Зрэдку толькі адзінокая чалавечая душа забрыдала вечарам у гэтае княства тлену i былой велічы. I калі такое здаралася, адзінокая чалавечая душа ca здзіуленнем зауважала, як з нетраў напаўразваленага, даўно спісанага карабля выбіраўся на свет божы стары невідушчы сабака i асцярожна, няўпэўнена, хістаючыся на кожным кроку, прабіраўся палубай між прарослай травы на карму. Там сабака стомлена садзіўся i, павярнуўшыся мордай да мора, прагна лавіў яго таямнічыя i далёкія пахі, цэлымі гадзінамі, нерухомы, як скала, i загадкавы, як сфінкс. Вось ужо адзінокая чалавечая душа пакідала тлум мёртвы i вярталася ў горад, у тлум жывы, а сабака ўсё сядзеў, узіраўся невідушчымі вачыма ў марскую далеч, i нейкае падабенства думкі асвятляла яго разумную морду.

Ён успамінаў тыя незлічоныя марскія мілі, на якіх пракладаў сабе курс яго загадкавы i незвычайны лёс, успамінаў бясконцыя шумлівыя гавані i лагодныя бухты, мроілася яму лютасць дзікага ўрагану i сонная млявасць штылю, агні святога Эльма i зялёная паверхня Сарагасавага мора. Халодныя снежныя айсбергі, бліскучыя на паўднёвым сонцы, праплывалі бясконцай чарадой праз стомленую свядомасць сабакі, i вольны белы ветразь мкнуў у далеч без ашыйніка i ланцуга.