Выбрать главу

Вільготная трапічная ноч мякка насоўвалася на могільнік, гірлянды зорак запальваліся ў чорным небе, адлюстроўваючыся ў сіняй вадзе i бляклых, зацягнутых светлай імглой, вачах сабакі. Але сярод гэтай безлічы зорак не было самотнай Паўночнай зоркі, i толькі Паўночны Крыж яшчэ трымаў неба над галавой старога сабакі.

Заўсёды раптоўна i нечакана, як на каралавы рыф, успаміны наляталі на чорны кашмар той далёкай, апошняй ночы карабля i яго каманды. I зноў сярод імгненных успышак маланкі сабака бачыў спакойны, без ценю страху твар капітана i адчуваў яго моцныя рукі, якія хутка прывязвалі да тулава чацвераногага сябра выратавальны круг. А потым усё паглынала халодная імгла мора i цяжкая імгла часу, i сабака чарговы раз правальваўся ў ix сонную бездань...

У сярэдзіне ночы, заўсёды ў адзін i той жа час сабака прачынаўся, знаёмая сутарга працінала яго скалелае худое цела, ён паслухмяна ўставаў i цягнуўся на ют. Там ён з цяжкасцю ўзнімаўся на прыступкі i звыкла торгаў шнурок вахценнага звана, пазелянелага i аглухлага.

Дзіўныя, незразумелыя гукі луналі тады над карабельным могільнікам, тужлівыя i нікому не патрэбныя.

I толькі недзе ў супрацьлеглым кутку горада прачынаўся сярод ночы сівы адзінокі чалавек, выпальваў ля акна сцёртую марскую люльку i зноў клаўся ў ложак, ведаючы, што ўжо да самай раніцы яму не будзе спачыну.

А сабака, выканаўшы свой штодзённы абавязак, стомлена спускаўся з мосціка i, хістаючыся, бы вечны маятнік, вяртаўся ў нетры карабля. Толькі перад самым люкам ён спыняўся i з надзеяй узіраўся ў марскую далеч, чуйна прыслухоўваўся да нечага, быццам яшчэ магчыма было штосьці пачуць. Але ніхто не адгукаўся, і, у апошні раз азірнуўшыся, сабака самотна знікаў у змроку карабля.

СЕКСТЫНА З-ПАД РАДЫЯТАРА

У кватэру, дзе жыў калісьці Паэт, пераехалі новыя гаспадары. Некалькі дзён перавозілі яны са свайго ранейшага жытла шматлікія шафы, канапы, куфэркі, клункі, дываны, патэльні, каструлі, глячыкі i безліч усялякіх іншых патрэбных i непатрэбных рэчаў.

З рэчаў Паэта ў кватэры засталася толькі выразаная з косці аўтаручка, якая перад самым ад'ездам гаспадара выпадкова звалілася са стала i закацілася пад радыятар ацяпляльнай батарэі.

Новая гаспадыня, падмятаючы падлогу, заўважыла самапіску, бо знайсці ў доме нават нейкую дробязь для жанчыны гэтак жа лёгка, як для мужчыны згубіць яе.

Гаспадару адразу спадабалася дзіўная аўтаручка. Ён заправіў яе атрамантам i паклаў у пузатую нязграбную вазу з белай пластмасы, у якой месцілася з дзесятак аўтаручак рознага колеру i гатунку.

Самапіска ачомалася толькі недзе за поўнач: пад радыятарам было горача, i таму атрамант, якім запраўляў яе Паэт, хутка высах, i толькі новая порцыя пакрысе вяртала да прытомнасці.

Наздзіў, у пакоі панавала цемра, хоць востры месячык за акном, злёгку прыкрытым газавай накідкай, толькі-толькі даплыў да сярэдзіны свайго маркотнага шляху. Звычайна ў такі час на стале гарэла лямпа i пры яе мяккім зеленаватым святле Паэт дасціпна i пранікнёна размаўляў з самапіскай альбо з кімсьці з яе сябровак. Занятак гэты быў настолькі цікавы i прыемны, што яны заўсёды занатоўвалі свае размовы на доўгіх, асляпляльна-чыстых лістах паперы, якія пасля гэтага называліся рукапісамі, а размовы — вершамі.

Самапіска згадала абставіны свайго нешчаслівага падзення i засумавала. Столькі часу праляцела марна, без працы! Крыўдзіла яшчэ i тое, што за ўвесь гэты працяглы час Паэт так i не ўсномніў пра яе.

Заклапочаная сваімі думкамі, яна не адразу заўнажыла сваіх суседзяў i, калі незнаемы рыпучы голас аклікнуў яе, спалохалася i разгубілася.

— Гэй, ты адкуль? — спытаў голас.

— Як... адкуль? — здзівілася самапіска.

— Адкуль ты ўзялася ў нашай вазе?

Самапіска прыгледзелася. Голас належаў нейкаму важнаму паркеру. Побач з ім грудзіліся некалькі аўтаручак, з паўдзесятка алоўкаў i звязка фламастэраў. I ўсе яны былі незнаёмыя, ніколі райей не бачаныя!

— А дзе мае сяброўкі? — здзівілася самапіска.— I адкуль узяліся вы?

Жыхары вазы зірнулі адзін на аднаго i зашапталіся. Потым, бы па камандзе, сціхлі, i слова ўзяў той самы важны паркер. З яго прамовы самапіска зразумела, што Паэт з'ехаў разам з яе сяброўкамі, паперамі, лямпай i працай, а ў яе цяпер будзе новы гаспадар (дагэтуль з людзей яна ведала полькі Паэта, які сам яе i выразаў, з фантазіяй i густам).