Выбрать главу

Жывёльны задыяк многіх усходніх народаў. У Кітаі не толькі сузор’і называліся імёнамі адпаведных жывёл, але і месяцы года, і часткі сутак, і напрамкі свету, і памяшканні ў доме, і многае іншае. Паколькі ўсходні каляндар прыйшоў да нас і зрабіўся некаторай часткай сучаснай культуры, значыць, ён адпавядае некаторым псіхалагічным запатрабаванням і еўрапейскага чалавека.

Татэмныя жывёлы ўвайшлі ў фальклор, сталі героямі шматлікіх паданняў, былічак, казак, баек, жывёльнага эпасу розных народаў (напрыклад, сярэднявечны еўрапейскі жывёльны эпас, пазней апрацаваны вялікім Іаганам Гётэ, — «Рэйніке-ліс»). Для беларусаў, праўда, характэрны ў асноўным раслінны эпас — «Казкі жыцця» Якуба Коласа, але ў нас захаваўся надзвычай магутны пласт казак пра жывёл у фальклоры.

Ад назваў татэмных жывёл паходзяць прозвішчы ў многіх народаў (Мядзведзяў, Волкаў, Зайцаў), некаторыя імёны (Ганс — гусь), а таксама тапонімы (напрыклад, шматлікія назвы, звязаныя са старажытным быком турам — Тураў, Турку, Турын, Тур, Туран, Турцыя, Туркенстан і інш.).

Ад татэмнай сувязі паходзяць шматлікія параўнанні і героі-пярэваратні фальклорных і літаратурных твораў.

Сувязь чалавека і жывёлы надае асабліва глыбокае філасофскае напаўненне фальклорным і літаратурным творам. Напрыклад, выдатная асаблівасць чарадзейнай казкі славянскіх народаў — усеагульная салідарнасць, сувязь чалавека і ўсяго жывога, узаемнае шкадаванне і ўзаемная радасць. Арол жадае, каб яго любілі, і за любоў аддзячвае дабром: дорыць паляўнічаму тры царствы — залатое, сярэбранае і меднае. У многіх казках пануе гэты душэўны рух шкадавання, які пераадольвае жывёльны эгаізм.

Жывёлы ўдзельнічалі ў старадаўніх ініцыяцыях (іспытах юнакоў). Усяго тут мы не ведаем і да сёння, хоць ініцыяцыі існуюць і ў сучасных плямёнах Аўстраліі, Новай Гвінеі, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі. Але мы ведаем гістарычны вынік ініцыяцый: ад іх ідзе лінія да шматлікіх таемных саюзаў — канфесійных, прафесійных, каставых. Менавіта такія саюзы, секты, арганізацыі спрадвек, не афішуючы сваю дзейнасць, кіравалі грамадствам. Адно з самых архаічных выпрабаванняў падчас ініцыяцыі — абрад глытання неафіта жывёлай (часта змяёй, драконам), прасоўванне праз яе цела і выхад ужо ў новай якасці (у казках герой улазіць у адно вуха каня, вылазіць у другое, мяняючы воблік).

Ад татэмных святаў бяруць пачатак усе відовішчныя віды мастацтва (тэатр). Спачатку абрад уключаў паляванне на татэмную жывёлу ці лоўлю яе, танец перад ёю, замовы, маленні да яе. Напрыклад, веснавое свята мядзведзя, якое і ў ХХ ст. захавалася ў некаторых рэгіёнах Італіі, называлася, магчыма, «камедыяй» — і менавіта такое свята стала асновай віда драмы — камедыі: спачатку, пераапрануўшыся ў скуры, парадзіравалі рухі, павадкі жывёл, а пасля і людзей: травесція, безумоўна, аснова камедыі. Цікава, што ў ХІХ ст. у Беларусі захавалася такое ж свята з падобнай назвай — «камаедзіцы», прысвечанае выхаду мядзвядзя з бярлогу 24 сакавіка. Звычайна фалькларысты тлумачаць назву ад выразу «камы есці»: гарохавыя камы як быццам любімая ежа мядзведзя. Але я лічу, што перад намі ўсяго толькі народная этымалогія ўжо забытага значэння, а слова — намнога больш старажытнае, агульнае з лацінскім (і такіх слоў шмат, прычым не запазычаных, а менавіта агульных). У іншых народных абрадах ад старажытнай травесціі засталіся жывёльныя маскі на Каляды, ушанаванне «духа поля» ў абрадзе Дажынак. Падчас вяселля маладыя абавязкова павінны сядзець на скуры (кажуху) — гэта як далучэнне да духу продка.

Рэлігіі многіх народаў захавалі моцную сувязь з татэмізмам. Напрыклад, старажытная егіпецкая рэлігія ўяўляла сваіх багоў з чалавечым целам і з жывёльнай (птушынай) галавою або прама ў выглядзе жывёлы (БАТ — кошка, АПІС — бык, СЕРАПІС — кракадзіл і пад.). Нават у надзвычай развітай грэчаскай міфалогіі захавалася мноства рудыментаў татэмізму: ЕХІДНА, СФІНКС, СІРЭНЫ, КЕНТАЎРЫ, МІНАТАЎР, КЕКРОП і інш. Часта багоў суправаджалі ці былі ім прысвечаны адпаведныя жывёлы ці птушкі: ЗЕЎСУ — арол, АФІНЕ — сава, ГЕРЫ — зязюля, ЭСКУЛАПУ — змяя і інш. Хрысціянства як найбольш «мазгавая», філасафічная з рэлігій захавала мала такіх рудыментаў: Агнец Божы, Дух Святы ў выглядзе голуба.

У прыгожым пісьменстве жывёлы паўстаюць у сваіх шматлікіх функцыях: удзельнічаюць у сюжэце (Расінант з «Дон Кіхота» Сервантэса); праз іх вочы ў своеасаблівым ракурсе паўстае чалавечае грамадства («Каштанка» А. Чэхава, «Халстамер» Л. Талстога); лепш раскрываюцца характары персанажаў-людзей («Белы ікал» Д. Лондана,