Выбрать главу

Не белая лябёдачка

Ваду памуціла,

Няшчасную дзяўчыначку

Доля замуж заключыла.

Або ў рускай песні:

Ах, кабы на цветы не морозы,

И зимой бы цветы расцветали.

Ах, кабы на меня не кручина,

Ни о чем бы я не тужила.

Надзвычай вытанчаныя параўнанні ў кітайскай паэзіі:

Мы прощались с тобой,

И снег был похож на цветы,

Ты сегодня вернулся,

А цветы так похожи на снег.

Найбольш распаўсюджаны ў фальклоры двухсастаўны паралелізм. Але часты і аднастастаўны як вытворны ад двухсастаўнага. Як ён утвараецца? Некаторыя сімвалы сталі настолькі прывычнымі, што тая частка, дзе распавядаецца пра чалавека, можа адсутнічаць: чытачы і слухачы і так зразумеюць, пра што гаворка. Прыкладам можа быць вядомая руская народная песня (у яе, праўда, ёсць аўтар — Іван Сурыкаў) пра рабіну, што хоча да дуба перабрацца: ясна, што маюцца на ўвазе адзінокія людзі. Каліна ў беларускім фальклоры — сімвал цнатлівасці, чысціні, прыгажосці. Сокал, голуб, галубка, лебедзі ў вясельнай паэзіі — жаніх, нявеста. У кітайскай паэзіі сімвал расстання — адлятаючыя гусі.

Паралелізм як важнейшы прыём характэрны для ўсёй сусветнай паэзіі. Але ў кожнага народа свая сістэма параўнанняў, вывучэнне якой дае даволі поўнае ўяўленне пра светаадчуванне таго ці іншага народа. Напрыклад, у беларускім фальклоры дзяўчына параўноўваецца з вярбой, калінай, рабінай, бярозай — дрэўцамі тонкімі, прыгожымі, як бы па самой сваёй прыродзе найбольш паэтычнымі, а з жывёльнага свету — з «лябёдушкай», бялюткі колер якой сімвалізуе чысціню, з зязюляй, што звязана з вясною, росквітам прыроды. У кітайскай паэзіі дзяўчына таксама параўноўваецца з іваю, а ў індыйскай — з кароваю як увасабленнем усёй прыроднай прыгажосці.

На паэтычным паралелізме пабудаваны ўсе загадкі, бо ў іх гаворыцца пра адно, а маецца на ўвазе іншае: «Белыя кветачкі ўвечар квітнеюць, а ранкам вянуць» (зоркі).

Тропы ў літаратуры таксама, як правіла, звязаны з адухаўленнем з’яў прыроды. Іх безліч. Напрыклад:

Чорныя хмары па небе плывуць –

Чорныя думы заснуць не даюць.

Я.Купала

Сонца ціха скацілася з горкі.

Месяц белы заплаканы свеціць.

М.Багдановіч

У сённяшніх маладых паэтаў гарадскога паходжання часам адбываецца замена паэтычных сродкаў — з прыродных на урбаністычныя, тэхнагенныя. Гэта не ў традыцыях беларускай паэзіі, але, безумоўна, неабходна для абнаўлення нацыянальнай паэтычнай лексікі.

Такім чынам, анімізм — выток паэтычнай вобразнасці фальклору і прыгожага пісьменства. Але ад анімізму паходзяць і рэлігійныя ўяўленні, перш за ўсё звязаныя ў паняццем душы. Тут працэс развіцця чалавечай свядомасці ішоў наступным чынам. Ад шчырага адухаўлення прыроды, ад надання чалавечых якасцяў раслінам ды жывёлам, ветру ды грому было недалёка да думкі, што дзеяннямі ўсіх з’яў прыроды кіруюць адпаведныя духі. Прасочым гэта на прыкладзе расліннага свету.

Спачатку дрэвы разглядаліся як самастойныя жывыя істоты, што маюць душу (на думку беларусаў, дрэвы ажываюць ў сакральны час — на Купалле). Затым дрэвы — жытло духаў, якія адтуль ужо свабодна выходзяць і зноў вяртаюцца. У грэчаскай міфалогіі захаваліся імёны німфаў, дрыядаў як духаў пэўных з’яў прыроды, розных дрэў, напрыклад, німфа РЭХА — маці ЯМБА, у гонар якога названы паэтычны памер; ДАФНА, што адвергла самога бога АПАЛОНА, — дрэва лаўр. У славянскай міфалогіі РУСАЛКІ, МАЎКІ, ЛАСКАТУХІ, БАГІНКІ, САМАДЗІВЫ практычна ўжо згубілі сувязь з адпаведнымі аб’ектамі прыроды і разглядаюцца як самастойныя духі, для якіх увесь лес — храм. Але і над імі ёсць уладары, напрыклад, ЛЯСУН. А ў грэчаскай міфалогіі — бог ПАН, надзвычай аўтарытэтны, шануемы, але ўсё ж — не алімпійскі. Больш высокі ўзровень — алімпійскія багіні флоры і фаўны ДЭМЕТРА і АРТЭМІДА. Іх маці РЭЯ — паверхня зямлі, уласна прастора, а бабуля ГЕЯ — Зямля як планета. Так фарміраваліся ўяўленні пра розныя ўзроўні, пра іерархію духаў прыроды і багоў. Наяўнасць падобнай іерархіі сведчыць пра развітую міфалагічную сістэму, якую стварыў той ці іншы народ.

З анімізмам звязаны культ Прыроды ў нашых продкаў — вельмі багаты і разнастайны. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што, нягледзячы на 1000-гадовае панаванне хрысціянства, на атэізм ХХ ст., ён, гэты культ, захаваўся ў нашай свядомасці да сённяшняга дня. Няма такой вёскі ў Беларусі, дзе б тамтэйшыя жыхары не паказалі вам асаблівыя мясціны, звязаныя з нячысцікамі: ВАДЗЯНІКОМ, РУСАЛКАЙ, БАЛОТНІКАМ. Усё гэта — праяўленне анімістычнага мыслення. Усе з’явы прыроды жывыя — жывыя да такой ступені, што персаніфікуюцца ў выглядзе пэўных істот, якіх звычайна называюць «вобразамі народнай дэманалогіі», або «духамі прыроды», або «духамі локусаў». Праўда, у славян духі прыроды ў некаторай ступені зліліся з культам продкаў. Акрамя таго, і цяпер для народа няма мёртвага ў прыродзе: жыве вера, што камні растуць, што рабіна помслівая, што дрэвы звязаны з лёсам чалавека.