Выбрать главу

Духі локусаў — гэта духі, якія жывуць у пэўным месцы і апякуюць яго. Сярод іх ледзь не самы вядомы — ЛЯСУН-ЛЕСАВІК, герой неверагодна вялікай колькасці былічак. Асаблівасць былічак у тым, што яны распавядаюць пра сустрэчы рэальных людзей з міфічнымі істотамі (або гавораць пра тое, што здалося рэальнаму чалавеку, але гэта таксама ўяўляе вялікую цікавасць для псіхалагічнай навукі).

У асноўным ЛЕСАВІК мае чалавечы воблік, але ён вострагаловы, як усе нячысцікі, і мае блакітную кроў. Акрамя таго, калі ён прадстаўляецца звычайным чалавекам, кумам ці сватам сустрэчнаму, неабходна глядзець, ці адкідвае ён цень: нячысцікі ценю не маюць і не пакідаюць слядоў.

Лічыцца, што ЛЕСАВІК не столькі шкодзіць людзям, колькі жартуе з іх, але жартуе груба, злосна. Па іх віне блудзяць па лесе, аднак ЛЕСАВІК усё ж не завядзе чалавека на прамую пагібель, як ЧОРТ. Каб выратавацца ад ЛЕСАВІКА, неабходна вывернуць адзенне, бо ў яго самога — усё навыварат, або яго рассмяшыць. Баіцца ён ліпавага палена, солі і агню, лаянкі (вось прычына жывучасці лаянкі). Наадварот, свіст у лесе яму вельмі падабаецца.

ЛЕСАВІК — аналаг богу ПАНУ ў грэкаў, ВОЎЧАМУ ПАСТАРУ ў паўднёвых славян, ЛЯСНОМУ ДУХУ ў эстонцаў — гаспадар лесу і дзікіх звяроў. Ён жа карае за вольныя і нявольныя грахі чалавека, напрыклад, за пракляцці дзяцей — забірае іх.

ЛЕСАВІК — герой многіх літаратурных твораў. Напрыклад, у Максіма Багдановіча:

Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун

Пачынае няголасна граць…

Або:

Стаяў калісь тут бор стары

І жыў Лясун у тым бары.

Зрубалі бор — лясун загінуў…

У Янкі Купалы:

Барадой лясун ківае,

Шалы нетраў спавівае.

У апошні час сярод міфолагаў папулярная версія, выказаная крыптазаолагамі, якія вырашылі, што ЛЯСУН — рэліктавы гаманоід, нейкае сярэдняе звяно паміж чалавекам і прыматам або неандэрталец (які лічыцца, дарэчы, homo sapiens). Калі нават сёння, як быццам, існуюць іх папуляцыі, то тым больш верагодна, што іх сустракалі нашы продкі.

Уваходзячы ў лес, пастарайцеся не злаваць ЛЕСАВІКА — не крыўдзіце лясных насельнікаў, якіх ён апякуе. Варта нават прынесці яму невялікую ахвяру: пакладзіце кавалак хлеба ці блін на пянёк, і ЛЯСУН (сам Лес) аддзячыць вам сваімі дарамі — грыбамі ды ягадамі.

Яшчэ ў пачатку ХХ ст. беларусы верылі ў ВАДЗЯНІКА, як у сваё ўласнае існаванне. Ды і ў наш час дзяцей, каб не лезлі глыбока ў ваду, дарослыя палохаюць «вадзяным дзедам». ВАДЗЯНІК — гаспадар рэк, азёр, апякун рыбакоў, пчаляроў і млынароў, якія прыносілі нячысціку ахвяры: рыбу, грошы, мёд, чорнага пеўня, нават жывых коней (у старажытных індаеўрапейцаў менавіта коні былі прысвечаны марскому богу ПАСЯЙДОНУ). Беларускі ВАДЗЯНІК любіць ездзіць на соме ці сам ператвараецца ў сама — вось чаму ў народзе самоў не любілі ўжываць у ежу.

Сядзіць ВАДЗЯНІК у асноўным на дне, часам жорстка жартуе, цягне людзей ў вір, часам бушуе, ламае плаціны і млыны. На беразе каля небяспечных месцаў людзі абараняліся ад злога духа — ставілі каплічкі. Праўда, сярод ВАДЗЯНІКОЎ бываюць Вірнікі і Ціхоні, імёны якіх гавораць за сябе. Доўга пабыўшы на сушы, ВАДЗЯНІК гіне, як бы растае. Усё яго цела пакрыта доўгімі валасамі, якія зблізку аказваюцца ці тонкімі струменчыкамі, ці нечым накшталт водарасцей. Менавіта ў такім выглядзе ВАДЗЯНІК паўстае ў момант выхаду з вады.

ВАДЗЯНІКОЎ параўнальна няшмат — па адным на кожны вадаём: возера, раку, лужыну, калодзеж. Яны не могуць перасоўвацца цераз сушу і таму часта здараецца, што два ВАДЗЯНІКІ — рачны і калодзежны, што жывуць адзін ад аднаго ў дзесяці метрах, ведаюць адзін аднаго завочна, па голасу, ніколі не бачацца. Зрэшты, калі б і магчыма было перамяшчэнне ВАДЗЯНІКОЎ у чужую вотчыну, яны не маглі б вытрымаць уласцівасцяў чужой вады. Людзі карысталіся гэтым для вываду нячысцікаў, калі злучалі каналам два вадаёмы, адначасова знішчаючы абодвух ВАДЗЯНІКОЎ. З гэтага вынікае, што дух локусу — не што іншае, як персаніфікацыя пэўных уласцівасцяў вады.

У ноч на Івана Купалу з глыбінь выплываюць ВАДЗЯНІКІ і накіроўваюцца да млыноў, дурэюць там, круцяць колы, адкрываюць шлюзы. Перамолатая ў гэтую ноч мука мае важнае значэнне для беларуса: хлеб з яе, асвечаны ў царкве, на працягу года захоўвае такую сілу, што той, хто з’есць яго, не можа ўтапіцца. Млынары сябруюць з ВАДЗЯНІКАМІ і карыстаюцца іх паслугамі.