У Максіма Багдановіча намаляваны вельмі каларытны воблік ВАДЗЯНІКА:
Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай,
І гадамі грэюся — сплю на дне ракі.
Твар травой аблутаны, быццам павуцінай,
Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.
Часта ВАДЗЯНІК уладарыць над РУСАЛКАМІ. Вобраз РУСАЛКІ ў розных славянскіх народаў значна адрозніваецца. У заходніх славянаў гэта гарэзлівыя і вясёлыя стварэнні, у Паўночнай Расіі — злосныя і помслівыя істоты, не дзяўчаты, а страшныя жанчыны з доўгімі валасамі, уласна — жонкі ВАДЗЯНІКОЎ. У паўднёвых славян РУСАЛКІ называюцца САМАДЗІВАМІ і ВІЛАМІ, у заходніх — БАГІНКАМІ, ва ўсходніх — ВАДЗЯНІЦАМІ, ГУШКАЛКАМІ, ЛАСКАТУХАМІ, МАЎКАМІ, КУПАЛКАМІ, КАЗЫТКАМІ, ВАДЗЯНАМІ і МАРАНАМІ. Для БАГІНКІ часам характэрны птушыныя лапы замест ног, а ў САМАДЗІВЫ і ВІЛЫ — капыты. Усе яны аднолькава маладыя, прыгажыя, у белым адзенні, умеюць лётаць. БАГІНКІ неяк звязаны з ветрам, здольны пасылаць буру, град; калі разгуляецца навальніца, значыць БАГІНКІ святкуюць нейкае свята.
Усходнеславянскія РУСАЛКІ — вобраз цікавы, у многім сінтэтычны: яны неяк звязаны і з расліннасцю, і з вадой. Адначасова іх можна назваць духамі прыроды і душамі памерлых. Напачатку, бясспрэчна, гэты былі, як і ў антычных грэкаў, локусы месца або расліны, духі розных дрэў, рэчак і крынічак — падобна ДРЫЯДАМ, НАЯДАМ. З цягам часу пачалі лічыць, што РУСАЛКІ — дзяўчаты-тапельніцы або памёршыя нехрышчонымі дзеці. (Гэты матыў выкарыстаў Аляксандр Пушкін у драматычнай паэме «Русалка».) Звычайна яны хаваюцца ў цёмнай вадзе, але ў час русальнага тыдня, калі вада максімальна глыбока праграваецца сонцам, перасяляюцца з рачных і азёрных глыбіняў у лясы, лезуць на дрэвы (у Аляксандра Пушкіна ва ўступе да паэмы «Руслан і Людміла» — «Русалка на ветвях сидит»). Паводле вераванняў старажытных славян, душы продкаў неяк звязаны з дрэвамі (ці не таму, што ў эпоху палеаліту памерлых памяшчалі на дрэвы, дзе іх клявалі птушкі?). Больш за ўсё РУСАЛКІ любяць вярбу і бярозу, ноччу яны гушкаюцца на вецці і водзяць вясёлыя карагоды. Там, дзе яны весяліліся, трава зелянейшая і расце лепш.
РУСАЛКІ, як і германскія УНДЗІНЫ, вобраз эратычны. Часам у ясныя летнія ночы яны сядзяць на камянях і расчэсваюць свае доўгія зялёныя валасы. Відаць, ад іх валасоў ідзе нейкая незвычайная энергія, якая прыцягвае юнакоў. Грэчаскія СІРЭНЫ прыцягвалі да сябе маракоў-падарожнікаў спевамі і знішчалі іх. Звычайна РУСАЛКІ таксама зацягваюць свае ахвяры — хлопцаў — у ваду і топяць іх. Праўда, народныя паданні дапускаюць каханне паміж чалавекам і РУСАЛКАЙ. Гэты матыў лёг у аснову выдатнай паэмы класіка ўкраінскай літаратуры Лесі Украінкі «Лясная песня». Выкарыстаў легенды пра РУСАЛАК і Адам Міцкевіч у баладах «Свіцязянка», «Рыбка». На Украіне на беразе Дняпра ёсць лес, які называецца «гай русалак».
РУСАЛКІ баяцца крыжа, круга, часнака, ладана. Але лепшы сродак супраць іх — палын.
Пры ўсёй разнастайнасці вобразаў гэтых духаў прыроды для іх у прынцыпе характэрны аднолькавыя рысы: вечная маладосць, асаблівая актыўнасць у перыяд росквіту раслін, сувязь з вадою, любоў да музыкі і танцаў, заманьванне людзей у ваду і пад.
Да вобразаў РУСАЛАК часта звярталіся мастакі і пісьменнікі, якіх прыцягвала спалучэнне ў гэтых фальклорных персанажах таямнічасці і прыгажосці, паэтычнасці і трагізму, кахання і смерці. Вельмі часты вобраз у нямецкіх рамантыкаў, знакамітай стала казка дацкага класіка Ганса Хрысціяна Андэрсена «Русалачка» (яе скульптура — сімвал Капенгагена), сустракаецца персанаж і ў рускіх пісьменнікаў: Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Аляксандра Блока, Марыны Цвятаевай. Прыкладаў у беларускай літаратуры шмат. Прывяду некаторыя. У п’есе Канстанцыі Буйло «Кветка Папараць» якраз дзейнічаюць РУСАЛКІ: «З горкі ўніз да Хама спускаюцца русалкі. Валасы іх распушчаныя; белыя свабодныя вопраткі спадаюць да зямлі; на шырокіх рукавах доўгія разрэзы, на галовах — зелень. Наперадзе ідзе адна і трымае ў руцэ Кветку Папараць». У вершы ЯнкіКупалы «Русалка»:
У ціне, як бледны месяц засвеціцца,
Будзе русалка плаваць, кружыцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе з ёй над крыніцай.
У Максіма Багдановіча:
Месяц белы цягне з возера срэбныя сеці.
У іх русалкі заблуталі косы, –
Рвуць і блытаюць срэбныя ніці;
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,