Выбрать главу

Ноч шапоча русалкам: «Засніце».

Ёсць замова ад РУСАЛКІ: «Вадзяніца, лесавіца, шальная дзявіца! Адвяжыся, адкаціся, у мой двор не кажыся. Ступай у раку глыбокую, на асіну высокую. Асіна, трасіся, вадзяніца, уйміся! Я закон прынімаў, златы крыж цалаваў…»

У вобразах маладой прыгожай дзяўчыны ўяўлялі нашы продкі і ПАЛУДНІЦУ, што сімвалізавала сонечны ўдар, інакш кажучы, была звязана не з вадой, як РУСАЛКА, а з агнём. ПАЛУДНІЦЫ з’яўляліся на палях апоўдні (апоўдзень і апоўначы — час сакральны), звычайна летам. Яны сачылі за тым, каб апоўдні ніхто не працаваў (нельга было і купацца), а інакш — каралі сонечным ударам. У некаторых рэгіёнах яны і кралі дзяцей, якіх маці-жняяркі пакідалі без нагляду на мяжы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ПАЛУДНІЦА — гэта дзённае, «лёгкае» аблічча КІКІМАРЫ, набліжаюць іх і да РУСАЛАК.

Да іншых духаў прыроды адносяць ПАДВЕЯ — вецер, віхуру, смерч. Украінцы яго ўвасаблялі ў вобліку волата з тоўстымі вуснамі, праз якія добра дзьмуць. Жыло і паданне, што ў вобліку віхуры блукае па свеце чалавек, пракляты сваімі родзічамі. Уласна, ён нябожчык, але душа яго пакутуе паміж небам і зямлёю. Беларусы называлі ПАДВЕЕМ таго духа, што круціўся ў віхуры. Ад яе здараўся параліч сэрца, таму так яшчэ называлі і хваробу.

Вельмі небяспечна было крыўдзіць ПАДВЕЯ, бо ён раскідвае стагі і скірды, зрывае стрэхі з дамоў. Для абароны ад яго раней выкарыстоўвалі розныя замовы, пра якія сёння забыліся.

У рэгіёнах, што мяжуюць з Расіяй, верылі, што віхура, смерч — вяселле нячысцікаў. Калі кінуць нож у сярэдзіну смерчу, ён стане крывавым, бо параніць мноства злых духаў, а яны баяцца жалеза. У Максіма Багдановіча ёсць цудоўны верш «Завіруха», які ўвасабляе вобраз Падвея:

У бабны дахаў вецер б’е,

Грыміць па ім, звініць, пяе,

І спеў льецца ўсё мацней, –

Гулянку справіў пан Падвей.

У нашых класікаў вобраз ветру ўвогуле сустракаецца вельмі і вельмі часта — у самых розных выглядах. Вецер — асноўны пасрэднік паміж зямлёй і небам, галоўны прадстаўнік натурафіласофскай стыхіі «паветра», найбольш дынамічны. Але менавіта ПАДВЕЙ — не проста вецер, а смерч, віхура, завіруха.

У многім супрацьлеглы ПАДВЕЮ персанаж — ЖЫЖАЛЬ (ЖЫЖ) — бог ці дух полымя і кавальскай справы. Паводле рэшткаў міфаў, што захаваліся ў беларусаў, менавіта ён выкаваў шыкоўныя залатыя і сярэбраныя калясніцы для СОНЦА і ПОЎНІ.

У язычніцкіх рэлігіях іншых народаў існуюць багі, функцыі якіх супадаюць з функцыямі ЖЫЖА. Гэта, прыкладам, грэчаскі ГЕФЕСТ. Але ён бог антрапаморфны. У беларусаў ЖЫЖАЛЬ — сам агонь. Ён адорвае людзей святлом і цяплом. Але асабліва апякуе кавалёў. А да кавалёў раней ставіліся з выключнай павагай, як да самых умелых з рамеснікаў, сапраўды творчых людзей. Не будзем забываць, што, паводле грэчаскага філосафа Гесіёда, нават эпоха, у якую мы жывём, называецца Жалезнай. Ды і праўда — наша цывілізацыя тэхнагенная, заснаваная на метале. Беларусы верылі, што ЖЫЖАЛЬ паходжвае пад зямлёю і выпускае з сябе агонь. Калі ходзіць паціху, зямля саграваецца, калі хутка, зямля загараецца (торф гарыць).

Ушанаванню ЖЫЖАЛЯ прысвечана адно з самых прыгожых язычніцкіх святаў — «Жаніцьба Пасвета» (ПАСВЕТ — хатні агонь). Адзначалася яно ў верасні (у дзень асенняга раўнадзенства), калі яшчэ даволі цёпла, але цемра апускаецца ўжо рана, і людзі адчуваюць патрэбу ў асвятленні сваіх хат. Пасвет — самаробны падвясны свяцільнік. У ім звычайна гарэлі дзве свечкі. Людзі прыносілі ў ахвяру гэтаму маленькаму хатняму богу-агню алей, а часам і нешта іншае, спявалі ў яго гонар абрадавыя песні, упрыгожвалі свяцільнік кветкамі, гірляндамі. Часткова культ хатняга агню захаваўся ў хрысціянскім звычаі паліць ладанкі перад абразамі.

У славян былі свяцілішчы і нязгаснага агню ў запаветных дубровах, гаях, дзе жрацы-вешчуны «кармілі» яго паленнем, жывіцай. Называлі нязгасны агонь ЗНІЧ. У свяшчэнныя дубровы нельга было ўвайсці чужынцу. ЗНІЧ выкарыстоўваўся для рытуальнага ачышчэння жылля, скарбу, свойскіх жывёл, людзей. І попел яго лічыўся гаючым — яго давалі як лекі. Па характару гарэння ЗНІЧА варажылі, прадказвалі надвор’е. Адно з такіх культавых месцаў, напрыклад, знаходзілася ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна, дзе на высокім узгорку Дзевіч-гары археолагі раскапалі язычніцкае капішча.

Згаданымі персанажамі далёка не вычэрпваецца сістэма ніжэйшай міфалогіі славян (беларусаў). Так, беларускі даследчык міфалогіі і фальклору Уладзімір Васілевіч у сваёй кнізе «Беларуская міфалогія» толькі ў раздзеле «Лясныя духі» прыводзіць звесткі пра наступныя персанажы: «Лесавік», «Пушчавік», «Гаюн», «Гаёўкі», «Дабрахочы», «Купальскі дзядок», «Змяіны цар», «Вужалкі», «Зазоўка», «Расамаха». У раздзеле «Вадзяныя духі»: «Вадзянік», «Русалкі», «Азярніцы», «Баламуцень», «Сарэны», «Ядзеркі». У раздзеле «Балотныя духі»: «Балотнік», «Багнік», «Аржавень», «Кадук», «Лазавік», «Хапун», «Лойма». Існуюць і іншыя персанажы, якія насяляюць падзем’е, паветра і іншыя ўзроўні прасторы, ландшафты Беларусі.