Выбрать главу
Пытанні для засваення і самакантролю:

1. Паняцце анімізму.

2. Культ расліннасці ў старажытных народаў.

3. Значэнне анімістычнага мыслення для ўтварэння тропікі фальклору і мастацкай літаратуры.

4. Духі прыроды (духі локусаў) у славян.

5. Успомніце расповяды старых людзей пра незвычайнае ў мясцінах, адкуль вы родам.

6. Прывядзіце прыклады адухаўлення розных з’яў прыроды ў беларусаў.

Магія і рытуал

Магія здаецца праблемай ненавуковай. На самай справе ў апошні час магіяй цікавяцца самыя сур’ёзныя навукі: фізіка, біяфізіка, этнапсіхалогія і інш. Акрамя таго, чаму мы лічым, што навука ведае ісціну ў апошняй інстанцыі? Калі б гэта было так, не існавала б мастацтва, якое звязана не столькі з матэрыяй, колькі з духам. Сёння гавораць, што ў глыбокай архаіцы (напрыклад, у Старажытным Егіпце, Старажытным Кітаі) магія была галоўнай навукай таго часу, навукай навук, супернавукай. Магія — важнейшая асаблівасць старажытнага мыслення і практычнай дзейнасці. Адпаведна магіяй можна лічыць: 1) устанаўленне сувязі паміж рознымі прадметамі і з’явамі рэчаіснасці, часам вельмі далёкімі; 2) імкненне чалавека паўплываць на прыроду і на іншых людзей з дапамогай адпаведных дзеянняў, рытуалаў. Згодна англійскаму даследчыку-этнографу Д.Д. Фрэзеру, існуе некалькі відаў магіі:

— кантактная — простая форма перадачы энергіі праз дотык;

— ініцыяльная — уздзеянне на аб’ект на адлегласці;

— кантагіёзная — дзеянне накіравана не на аб’ект, а на яго замену (валасы, пазногці, след і інш.);

— імітатыўная — дзеянне накіравана на адлюстраванні аб’екту ў выглядзе лялькі, партрэта, скульптуры, фота (такі прадмет у навуцы называецца індуктарам);

— вербальная — дзеянне праз слова.

З магіяй звязаны і гаданні (мантыка), што маюць на мэце не выклікаць нейкія падзеі, а толькі даведацца пра іх. Іншая блізкая да магіі з’ява — вера ў прыкметы.

Магія мае значэнне лячэбнае, агрэсіўнае, абарончае, ахоўнае, ачышчальнае і інш.

Магія — практычны спосаб існавання рэлігійных вераванняў.

Магія ўключае ў сябе вельмі многае. Разгледзім названыя віды магіі ў дачыненні да чалавека, таму што, сапраўды, менавіта магія ўздзеяння на людзей раптам адрадзілася ў ХХ ст. і знаходзіць вялікае пашырэнне, існуючы ў формах нечаканых і часта парадаксальных.

Магія чалавека:

Усім вядома такое паняцце як сурокі (энергетычны ўдар), гэта з’ява сусветная. Сурокаў або «дурнога вока» асабліва баяліся, ды і баяцца, у адносінах да дзяцей. Вельмі проста сурочыць дзіця або чалавека аслабленага. Славяне заўсёды больш баяліся цёмных вачэй, напрыклад, цыганскіх. Паўднёвыя народы, наадварот, баяцца вачэй светлых. Тое, што раней лічылася забабонамі, сёння знаходзіць навуковае тлумачэнне. Вока чалавека — маленькі лазер, таму і выпраменьвае нейкую біяэнергію. Звычайна дарослыя абаронены сваёй аўрай — энергетычным полем, якое сёння можна бачыць з дапамогай камеры Кірліяна. У дзяцей аўра яшчэ не сфарміравалася, кволая, таму на іх і ўздейнічае чужая энергетыка. Пра энергетыку вачэй ведалі старажытныя грэкі, якія гаварылі: «Вока не магло б глядзець на сонца, калі б само не было сонцам». Адсюль вядомы старажытны знак — вока ў трохкутніку як сімвал сонца. Увогуле ж працэс бачання — духоўны акт. Пазбавіцца вачэй — значыць пазбавіцца розуму, мудрасці. Менавіта ў такім сэнсе неабходна разумець пазбаўленне сябе зроку Эдыпам у вядомай трагедыі Сафокла. Пара вачэй — фізічная норма. А вось трэцяе вока — паказчык божаскага паходжання. Індуісцкі бог ШЫВА сваім трэцім вокам спапяляў самыя розныя аб’екты. Парадаксальна, што мноства вачэй на малюнках — сімвал зорнага неба: так грэкі ўяўлялі персаніфікацыю неба АРГУСА. З вачамі, зрокам звязана багатая міфалогія.

Вельмі сур’ёзна стаіць праблема і з валасамі чалавека. З глыбокай старажытнасці людзі вераць, што ў валасах заключана жыццёвая сіла, асабліва гэта тычыцца жанчын (у мужчын важнае значэнне мае і барада). У магіі адрэзаныя ці выпаўшыя валасы, таксама як і сліна, пот, пазногці, след, кроў, успрымаліся як двайнік чалавека. Нашы бабулі вычасаныя валасы не раскідвалі, а заўсёды спальвалі, бо, трапіўшы ў чужыя рукі, яны маглі стаць зброяй чарадзея супраць гаспадыні валасоў. Асабліва містычна настроеныя жанчыны збіралі вычасаныя валасы, і іх клалі ім у труну.