Выбрать главу

Паказ-аднаўленне фальклорных і этнічных пластоў нацыянальнага быцця, дзе яшчэ жывыя элементы міфалагічнага светасузірання (А.Міцкевіч, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі).

Прытчавасць, лірыка-філасофская медытацыя, арыентаваная на архетыповыя канстанты чалавечага і прыроднага быцця: дом, хлеб, дарога, вада, гара, любоў і г.д. (Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, сучасныя пісьменнікі постмадэрнізму).

Міф больш характэрны для архаікі, але наш час таксама напоўнены міфамі, толькі мы не разумеем, што гэта міфы. Міфалогія вельмі жывучая, можна сказаць, несмяротная форма фантазіі. Міфалагічны светапогляд існаваў заўсёды і не знікне ніколі. Нават у наш прагматычны час людзі працягваюць верыць у цуд, а такая вера і ёсць праяўленне міфалагічнай свядомасці. Міфы — найперш псіхічныя, псіхасацыяльныя феномены, таму міфатворчасць — частка і дзяржаўнай палітыкі. Наша жыццё і па сёння застаецца пад уладай магаў-міфатворцаў. Ідэалогія і палітыка вельмі шырока выкарыстоўваюць міфалогію і яе сімвалы. Часам гэта праяўляецца ўскосна, напрыклад, у рэкламе. Стваральнікі рэкламы прама гавораць: каб прадаць нейкі тавар, неабходна стварыць яму міф, легенду (а таварам, на жаль, сёння робіцца ўсё, нават чалавек-творца). Але ў цэлым, у глабальным плане, міфалогія дапамагае знайсці нацыянальную ідэю, правільна зразумець уласную харызму (тое, што надае народу адметнасць) і асноўныя этнічныя архетыпы, рацыянальна ўсвядоміць і інтуітыўна адчуць свае гістарычнае і геапалітычнае прызначэнне.

Звычайна лічыцца, што навуковы светапогляд — антыпод міфалагічнага. Але і сама навука напоўнена міфамі. Уласна, развіццё навукі — гэта пастаяннае адмаўленне адных міфаў і замена іх іншымі. Толькі тое, што можна праверыць практыкай, — не міф. Інакш кажучы, калі на аснове таго ці іншага закона, адкрытага навукай, можна пабудаваць прыбор, механізм, машыну, і яны будуць працаваць, — толькі тады можна гаварыць пра сапраўдную навуку, пра пазнанне законаў прыроды.

Сучасны даследчык міфалогіі адзначае: «Міфалогія — гэта асаблівы, таямнічы, вечны свет, створаны чалавекам для таго, каб растлумачыць прыроду, космас і самога сябе, каб зразумець тую сілу, якая усім кіруе… Міфалогія такая разнастайная і шматаблічная, як уласна чалавек і яго культура… У міфалогіі патаемная, неадназначная, сімвалічная і вельмі прыгожая мова, што адлюстроўвае мудрасць, шуканні, спакусы, страх і надзеі незлічоных пакаленняў» [Ю.М.Антонян]. Мы ж лічым, што міфы — гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа — Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца непазнанае, містычнае называецца сакральным — таксама адно з галоўных у міфалогіі паняццяў.

Міф адлюстроўвае рэальнасць, але адлюстроўвае вельмі своеасабліва. Ён ніколі не адэкватны рэальнасці — гэта не фатаграфія; міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых формаў пазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што заўсёды і ва ўсім абапіраецца на звышнатуральнае, містычнае і аперыруе імі. Міфалогія — знакавая сістэма, сімвалічная «мова», у тэрмінах якой чалавек мадэліраваў, абагульняў з’явы свету. Усё ў свеце міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Паводле такога ж прынцыпу пабудаваны метафары ў мове. Міф заўсёды абагульняе, але — праз канкрэтнасць.

Міф — з’ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюль. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф — тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, закадзіравана ў нашых генах, значыць, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

Міф — расповяд пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі. Міф — нітка, якая злучае мінулае, сучаснае і будучае.

Міф — своеасаблівая мова, што апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за нашымі пачуццямі. Ён запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямёнаў, нацый), фарміруе нацыянальны светапогляд.

Міф — неабходны элемент ва ўсіх маральных кодэксах. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

Міфалогія — комплекс уяўленняў, які надае жыццю сэнс. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.