Выбрать главу

У сучасных малых народаў, напрыклад, кетаў Сібіры захавалася ўжыванне татэмнай жывёлы (мядзведзя) толькі раз у год — падчас спецыяльнага свята, якое прызвана сімвалізаваць сувязь племені з татэмным продкам. Яны вераць, што забіты ў пэўны час і ўжыты ў якасці харчу мядзведзь набывае статус рытуальнай ежы, што дае людзям сілу мядзведзя. Прыкладна тое ж назіраецца ў іншых этнасаў свету.

Нават рэлігіі захавалі што-нішто ад логікі татэмізму. Напрыклад, таемнасць еўхарыстыі (прычышчэння) у хрысціянстве: з’еўшы кавалачак прасфоры (цела Хрыста) і лыжку віна (Яго крыві), мы як бы раствараем Яго Існасць у сваім целе і, значыць, далучаемся да хрысціянскай абшчыны, ачышчаем і ўзвышаем душу.

З другога боку, існуюць народы, якія, наадварот, забаранялі (і нават сёння забараняюць) есці татэмную жывёлу: гэта адно з першых табу (забарон) ў гісторыі чалавецтва. Найбольш яркі прыклад: забарона на ўжыванне ялавічыны ў Індыі, паколькі карова тут — свяшчэнная жывёла. Чаму ўзнікла забарона есці свініну ў Старажытным Егіпце, сёння не зусім ясна. Але табу перайшло ад Егіпта да яўрэяў і арабаў. У германскіх, балцкіх, славянскіх народаў свіння, наадварот, рытуальная ежа, скажам, на шчадрэц. У немцаў на Раство абавязкова прысутнічае на стале ўпрыгожаная свіная галава, у нас — розныя вырабы са свініны. Харчовыя прыхільнасці — вельмі важная адзнака народнай культуры.

2. Малочная сувязь чалавека ды жывёлы.

Ускормліванне чалавекам татэмнай жывёлінкі захавалася толькі ў аднаго этнаса — айнаў, што жывуць у Японіі і на Курыльскіх астравах. Менавіта яны — абарыгены названых мясцін, а зусім не мангалоіды (японцы) і не рускія. Айны маюць дачыненне да белай расы, але з дабаўленнем палінезійскіх рыс. Гэта народ-унікум, генезіс яго невядомы, мяркуюць, што ён — адзін з самых старажытных этнасаў на Зямлі, які перажыў Сусветны Патоп. Чыстых айнаў засталося нямнога — 16000 чалавек, і паселены яны ў рэзервацыях, бо ў гарадах існаваць не могуць. У кожным паселішчы айнаў абавязкова жывуць і мядзведзі — татэмы народа. Маленькіх медзведзянятак жанчыны павінны ўскарміць сваім малаком…

З іншага боку, выхаванне дзяцей жывёламі захавалася не толькі ў міфах, гістарычных паданнях, але вядома і ў гісторыі, нават у ХХ ст. (каля 20 выпадкаў). Знаходзілі дзяцей, ускормленых малпамі, мядзведзямі, нават антылопамі (знойдзены ў іх статку 10-гадовы хлопчык бегаў з хуткасцю 48 км у гадзіну), але найчасцей — ваўкамі. У беларуска-літоўскіх летапісах ХV-ХVІІ стст. апісана некалькі выпадкаў, калі ў лясах, што належалі Радзівілам, у бярлогах і ваўчыных норах аказваліся чалавечыя дзеці. Іх прывозілі ў Вільню ці Кракаў, але яны, як правіла, хутка паміралі. Ужо ў ХІХ ст. такіх дзяцей пачалі вывучаць даследчыкі, напрыклад, так званага «дзікага чалавека з Аверні». Знойдзены ў ваўкоў, ён пражыў у чалавечай супольнасці да 40 гадоў, але вывучыў усяго некалькі дзесяткаў слоў. Цікава, чаму «маўглі» ў асноўным выхаваны ваўкамі? Гэта ж найвялікшая загадка прыроды: інстынкт маці ў ваўчыцы перамагае жывёльную крыважэрнасць! Ваўчыцамі ўскормлены заснавальнікі Рыма РОМУЛ і РЭМ, персідскі цар Кір, рускія волаты УСЫНЯ і ГАРЫНЯ.

Багасловы часта разважаюць і спрачаюцца на тэму: ці ёсць у дзяцей-«маўглі» душа?

Шлюбная сувязь паміж чалавекам і жывёлай.

Генетычна яна, безумоўна, немагчымая, але ж мы гаворым пра міфалагічнае мысленне: чалавек эпохі архаікі верыў у магчымасць такой сувязі.

На тэрыторыі Еўропы і Азіі найбольш часты матыў — шлюб чалавека ды мядзведзя. На тое ёсць прычыны: мядзведзь надзвычай разумны, лёгка паддаецца дрэсіроўцы, добра прыжываецца ў чалавечых калектывах, здалёк трохі нагадвае чалавека, калі стаіць на задніх лапах. Мядзведзь у лясах Сібіры і Еўропы быў самым магутным зверам — чалавек хацеў быць да яго падобны. Таму толькі ў Заходняй Еўропе існуе 130 варыянтаў казкі пра шлюб жанчыны і мядзведзя. Асноўная фабула большасці казак наступная. Мядзведзь крадзе дзяўчыну або яна, заблукаўшы ў лесе, сама трапляе ў мядзведзяў бярлог, робіцца жонкай звера. У іх нараджаецца сын — ва ўсім чалавек, але надзвычай дужы; часам у яго могуць назірацца некаторыя жывёльныя прыкметы, як у беларускай казцы «Івашка — мядзведжае вушка». Сын расце, паводле вядомага казачнага выслоўя, «не па днях, а па гадзінах», урэшце бяжыць разам з маці з пячоры, дзе іх зачыняў мядзведзь. А пасля пачынаюцца ўласна прыгоды гэтага хлопца, які перамагае розных ворагаў і вызваляе прыгажунь. Вялікая колькасць плямёнаў Сібіры і народаў Еўропы вядзе сваё паходжанне ад такога шлюбу — нават манархічныя роды. Напрыклад, іспанскі каралеўскі род Урсіна (urs — мядзведзь), першы польскі легендарны кароль МЕШКА (Мішка), старажытная швецкая каралеўская дынастыя, адзін з дацкіх ярлаў (князёў), у якога якраз былі мядзвежыя вушы. У далейшым казка пра такі шлюб набыла больш высакародны, рамантычны выгляд, дзе заставаўся і мядзведзь (а пад мядзвежай скурай — прынц), як у «Бяляначцы і Ружачцы» з «Казак братоў Грым», а часам проста чудзішча (зачараваны прынц), як у «Прыгажуні і пачвары» Шарля Перо або ў «Пунцовай кветачцы» Сяргея Аксакава.