Выбрать главу

Іісус у адлюстраванні Лукі — вобраз, поўны незямной міласэрнасці і дабрыні ў адносінах да няшчасных і загнаных. Прыпавесці пра добрага самарыцяніна, пра блуднага сына і адпушчэнне грахоў распусніцы вучылі многія пакаленні любові да блізкіх, усёдараванню і міласэрнасці. Іншыя прыпавесці (пра багацея і Лазара, пра багатага юнака і пра ўдовін грошык), а таксама эпізод з выгнаннем гандляроў з храма характарызуюць Хрыста як вернага сябра беднякоў і суддзю ўладароў, паноў, ганіцелей простых людзей. Трэцяе Евангеллё прасякнута атмасферай пяшчоты, далікатнасці, ласкі, асабліва ў адносінах да жанчын і дзяцей.

Лука дае радавод Хрыста ад Адама як Першачалавека. Расповяд пра жыццё Хрыста тут найбольш падрабязны, асабліва паэтычныя радкі пра падзеі, звязаныя з нараджэннем Хрыста, што і зразумела, бо пра іх распавядала сама Дзева Марыя.

Паводле трактоўкі Лукі, прадказанае Царства Божае — не царства ў літаральным сэнсе, а духоўнае адраджэнне чалавецтва.

Даследчыкі звычайна называюць Евангелле паводле Лукі самым паэтычным і мастацкім з усіх. Яго стыль выключна тактоўны, слоўнік надзвычай багаты, пабудова фраз самая правільная, сінтаксіс рытмічны і натуральны. Акрамя таго, Лука — таленавіты апавядальнік. Сцэны з жыцця Ісуса напоўнены драматычным напружаннем, яны дынамічныя і пластычныя.

Тры згаданыя Евангеллі характарызуюцца пэўным адзінствам, нейкім агульным поглядам на свайго Настаўніка і яго жыццё на Зямлі. Каб падкрэсліць роднасць Евангелляў паводле Мацвея, Марка і Лукі, навукоўцы назвалі іх «сінаптычнымі», а аўтараў іх «сіноптыкамі» (ад грэч. слова «сінопсіс», што азначае «агульны пункт погляду», «агульная думка»). Евангелле паводле Іаана кардынальна адрозніваецца ад сінаптычных. Падлічана, што Іаан сыходзіцца з сіноптыкамі толькі ў 8 % тэксту. Ён звяртае ўвагу не на чалавечы бок сутнасці Хрыста, а менавіта на Божаскі. Ён і пачынае Дабравесце з указаннем на тое, што Хрыстос ёсць Слова спрадвечнае, тое, якое спачатку «было ў Бога» і само «было Богам», той Логас, праз які ўтварылася ўсё Існае. Сам Хрыстос тут пра сябе неаднаразова гаворыць: «Я — святло», «Я — хлеб жыцця», «Я не са свету гэтага».

Евангелле паводле Іаана складаецца з 21 главы і прысвечана ў асноўным знаходжанню Ісуса ў Іудзеі.

Іаан — сын заможнага рыбака з Генісарэцкага возера, ён слухаў казанні Іаана Хрысціцеля. З’яўленне Хрыста, у якім Хрысціцель адразу прызнаў Месію, надзвычай уразіла юнака Іаана, ён з таго часу суправаджаў Ісуса, зрабіўшыся яго любімым вучнем. Ён — адзін з трох бліжэйшых апосталаў, якім дадзена было прысутнічаць пры ўсіх важнейшых падзеях зямнога жыцця Збавіцеля. Разам з Пятром, калі ўсе апосталы ў страху разбегліся, ён прабраўся ў двор першасвятара Ерусалімскага храма і чуў пачатак суда над Хрысгом. Затым ён бясстрашна стаяў каля крыжа і прыняў ад раскрыжаванага Настаўніка даручэнне клапаціцца аб Яго Маці. Яму аднаму з першых было дадзена пераканацца ва ўваскрэсенні Хрыста.

Пра далейшы лёс Іаана вядома з небіблейскіх крыніц. Разам з Пятром ён прапаведаваў у Ерусаліме, падвяргаўся ганенням з боку іудзейскіх жрацоў. Ён быў у Рыме якраз падчас страшных праследаванняў хрысціян з боку імператара Нерона, сам падвяргаўся катаванням: быў кінуты ў кацёл з кіпенем, але выйшаў з яго яшчэ больш здаровым і маладым. Пазней яго адправілі ў ссылку на паўпусты востраў Патмас, дзе перад ім з’явіўся сам Хрыстос, са слоў якога Іаан запісаў Апакаліпсіс. У далейшым да скону жыцця Іаан жыў у Эфесе — адным з самых вялікіх гарадоў таго часу, адкуль сачыў за дзейнасцю ўсіх навакольных хрысціянскіх абшчын, змагаўся з гностыкамі і ерэтыкамі. У Эфесе Іаан і напісаў сваё Евангелле, прычым першапачаткова пазнаёміўшыся з першымі трыма і прызнаўшы, што ў іх усё правільна. Іаан перажыў усіх сваіх сабратоў-апосталаў і памёр ужо ў пачатку II ст. — адзіны з усіх вучняў Хрыста — сваёй смерцю. Яго грабніца-пахавальня з таго часу — месца паломніцтва хрысціян.

Евангеллі нельга назваць літаратурай. Гэта не творы, якім індывідуальныя аўтары свядома надалі пэўную кампазіцыйную форму. Да Евангелляў як да боганатхнёных твораў неабходна падыходзіць з іншымі крытэрыямі, хоць нельга было не адзначыць тыя мастацкія сродкі, якімі карысталіся евангелісты, каб данесці важную інфармацыю да простага чалавека.

Хоць сіноптыкі апісваюць больш чалавечы бок у Хрысце, паказваючы яго ў асноўным як Сына Чалавечага, а Іаан, наадварот, вылучае Божаскую сутнасць, гэта не азначае, што ў сіноптыкаў адсутнічае Божае, а ў Іаана — чалавечае ў Хрысце. Сын Чалавечы і ў сіноптыкаў — Сын Божы, якому дадзена ўлада на Небе і на Зямлі. Сын Божы ў Іаана — таксама і сапраўдны Чалавек, які ідзе на шлюбнае баляванне, па-сяброўску гутарыць з Марфай і Марыяй і плача каля труны іх брата — свайго сябра Лазара. (Ажыўленне Лазара апісана толькі ў Іаана.) Такім чынам, сіноптыкі і Іаан дапаўняюць адзін аднаго і толькі ўсе разам даюць ідэальны вобраз Хрыста, які прынёс у свет зусім новыя ідэі, заснаваныя на чысціні сэрца і братэрстве людзей.