Ёсць цікавыя прыклады такога сюжэта і ў іншых жанрах прыгожага пісьменства: з іх самыя характэрныя — навела «Локіс» класіка французскай літаратуры Проспера Мерыме і апавяданне «Жалезная поўсць» рускага класіка Івана Буніна.
Многія роды паходзяць ад іншых жывёл, напрыклад, старажытная каралеўская дынастыя Цэйлона — ад ільва; бураты — ад шлюбу шамана з дзяўчынай-лебедзем; некаторыя народы Каўказа лічаць сваім продкам маці-рыбу. Амаль усе міфалагічныя імператары Кітая народжаны ад незвычайных істот, напрыклад, ад драконаў або ад мядзведзяў. Як мы памятаем, Усяслаў Чарадзей, як і Змей Вогненны Вук, прапродак сербскага народа, таксама нарадзіўся ад вогненага змея. Прычым ва ўсіх выпадках з татэмным продкам захоўваецца нейкая містычная сувязь. У Англіі і Францыі на працягу стагоддзяў вялі летапісы родаў. З іх выявілася, што часам кланы і сем’і мелі пэўных вестуноў смерці. Так, вядомы род Гармарстонаў быў здаўна звязаны з лісамі. Нават у знешнасці прадстаўнікоў гэтага роду было нешта лісінае. Перад смерцю кожнага з членаў роду заўсёды — дзе б чалавек ні знаходзіўся — з’яўляўся ліс. У іншых родаў — ваўкі, буслы і пад. Ясна, што гэта — душы продкаў, якія прыходзілі за чарговай душой. Прычым душа продка абавязкова паўставала ў выглядзе татэмнай жывёлы ці птушкі. У нашага народа таксама бытуе вера пра душы продкаў у выглядзе птушак. Ёсць прыкмета: птушка залятае ў хату перад смерцю каго-небудзь з яе жыхароў. У сваіх успамінах пра Івана Мележа я расказала, як у момант яго смерці ў акно лецішча (мы суседзі ў дачным пасёлку) білася нейкая невядомая, даволі вялікая, птушка.
У народных казках захаваліся дастаткова выразныя рэшткі татэмізму. Прытым, што ёсць моманты цяжка вытлумачальныя. Напрыклад, у казках тыпу «Іван — конскі сын» (у рускіх — «Іван — каровін сын») тры хлопцы зачынаюцца ад чароўнай рыбы і нараджаюцца ў царыцы, паварыхі і кабылы (каровы), прычым найбольш разумны і дужы якраз Іван, народжаны жывёлай.
Паходжанне ад татэмнай жывёлы падкрэслівалася нават у адзенні: шлем Аляксандра Македонскага і шлемы вікінгаў былі з рагамі; у некаторых рэгіёнах Расіі, Беларусі і Украіны жанчыны павязвалі хусткі такім чынам, што ўтвараліся рожкі. Асабліва відавочна паходжанне ад жывёлы падкрэслена ў геральдыцы (гербах радавітых сем’яў, а таксама гербах гарадоў і краін).
Як бачым, уяўленні, што ўзніклі тысячы ці нават дзесяткі тысяч гадоў таму назад, існуюць да нашага часу, і сёння мы ўсё менш схільны лічыць іх толькі забабонамі.
Ахвярапрынашэнне татэму.
У асабліва небяспечныя для племені моманты (эпідэмія, вайна) татэмнай жывёле прыносілі ахвяры — да бярлогу ішлі з падарункамі, прасілі дапамогі. Найлепшая ахвяра заўсёды чалавек — дзіця або цнатлівая дзяўчына. Мядзведзь — герой многіх еўрапейскіх казак, напрыклад, «Тры мядзведзі», «Маша і мядзведзь». Яны здаюцца нявіннымі. На самай справе першапачатковы сэнс міфалагем, што ў іх аснове, — страшны. Дзяцей адводзілі ў лес у якасці ахвяры продку роду. Але мядзведзь — звер не крыважэрны, дзяцей, як правіла, не чапаў, і яны вярталіся дадому. Такое ахвярапрынашэнне мела на ўвазе часам і шлюб (гл. вышэй).
У многіх народаў была забарона на забойства татэма — свайго продка. Так, асобныя групы хантаў і мансі лічылі сваімі продкамі шчупака, наліма, лебедзя, чайку, гагару, ястраба. Іх нельга было забіваць, ужываць у ежу. Выпадкова забіўшы такую істоту, паляўнічы ці рыбак прасіў прабачэння і прыносіў ёй ахвяры.
У амерыканскіх ацтэкаў богу-ягуару прыносілі ў год 15000 чалавечых ахвяр. Можна меркаваць, што МІНАТАЎР у вядомым грэчаскім міфе — таксама тая пачвара (першапачаткова бык — увасабленне бога ПАСЯЙДОНА), якому прыносілі ахвяры, каб не было землятрусаў, частых на Крыце.