Неўзабаве з’явілася на Беларусі і свая патронка, святая апякунка (спачатку Полацкай зямлі, пасля ўсёй Беларусі) — Еўфрасіння Полацкая.
Творчасць Кірылы Тураўскага
У другім духоўным цэнтры беларусаў — Тураве — праславіўся лепшы пісьменнік перыяду Старажытнай Русі, адзін з выдатнейшых пісьменнікаў усёй Еўропы эпохі Сярэднявечча — Кірыла Тураўскі.
Каб зразумець феномен «другога Златавуста» (Златавуст — візантыйскі пісьменнік УІ ст, з якім параўноўвалі Тураўскага), неабходна мець уяўленне пра зямлю, што яго нарадзіла. Увогуле разуменне таго, як арганізаваны тэкст, у чым яго прырода як твора слоўнага мастацтва, у значнай ступені залежыць ад шэрагу папярэдніх звестак пра тэкст і яго аўтара.
Назва горада (паводле падання, заснаванага легендарным князем Турам) сведчыць пра глыбокую яго старажытнасць (безадносна да таго, што сцвярджаюць археолагі), бо мае адпаведнасці ў назвах, раскіданых па ўсёй тэрыторыі Еўразіі: Турцыя, Туркестан, Турэнь (вобласць у Францыі), Тур (горад у Францыі), Турын (горад у Італіі), рака Тура ў Расіі, у самой Беларусі — пяць рэчак з назвай Тур, таксама рэчкі Тур’я, Тураўлянка, Турчанка, азёры Туроўе, Турасы, Тураўля, Турэцкае. А ў легендзе пра заснаванне вёскі Турэц на Гродзеншчыне згадваецца пра вельмі старажытныя часы і пра племя волатаў-паляўнічых, што некалі жылі тут. Мы звязваем усе гэтыя шматлікія назвы (іх, безумоўна, намнога больш) з рассяленнем індаеўрапейцаў, свяшчэннай жывёлай якіх (яшчэ да з’яўлення каня) быў бык-тур. Тур, а таксама, магчыма, і зубр — татэмная жывёла праіндаеўрапейцаў, хоць яшчэ ў палеаліце, мяркуючы па шэдэўрах першабытнага жывапісу, бык увасабляў мужчынскую апладняючую сілу, увогуле творчы пачатак Космасу, Неба. Арэал ушанавання быка-Неба ўражвае: уся Азія ды Еўропа, амаль уся Афрыка. У старажытных германцаў вярхоўны бог Тор азначаў «бык» і прадстаўляўся з рагамі (адсюль рагатыя шлемы германцаў-тэўтонаў). Другая назва быка — вол (ужо свойскай жывёлы) — увайшла ў імя надзвычай старажытнага бога ВОЛАСА-ВЯЛЕСА.
Усе гэтыя і многія іншыя факты ўказваюць на тое, што паселішча на месцы Турава было старажытным сакральным цэнтрам ушанавання бога Неба, які канкрэтна ўвасабляўся (у сваёй зямной іпастасі) у вобразе быка-тура. «Тураў — самы старажытны горад на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў». Геаграфічна Тураў размешчаны на сутыку рэчак Язда і Струмень, прытоку Прыпяці, сярод самага старажытнага на тэрыторыі Усходняй Еўропы масіву дуброў, якія захаваліся нават да сёння (мы лічым, што гэта было месца, свабоднае ад апошняга ледавіка, таму яно захавала вельмі своеасаблівыя рысы даледавіковай прыроды). Рэчкі, што абцякалі горад, таксама вызначалі яго воблік. Яшчэ ў У ст. да н. э. рачная сетка нашай радзімы ўразіла грэчаскага гісторыка Герадота, хоць ён да таго пабываў ужо ў многіх землях. Сапраўды, ніякая іншая асаблівасць нашай краіны «не аказала такога разнастайнага, глыбокага і прыкметнага ўздзеяння на жыццё нашага народа, як гэтая рачная сетка» [М. Ключэўскі]. У міфалагічным аспекце рэчкі — адзін з найбольш шануемых прыродных аб’ектаў, месца выканання многіх абрадаў. Рака звязана з ідэяй лёсу.
Гады жыцця Кірылы Тураўскага дакладна невядомыя. Сёння прапаноўваюцца такія даты: 1130–1190. Вызначаная дата смерці — 1190 г. (раней лічыўся 1172 г) дазваляе лічыць Кірылу Тураўскага магчымым аўтарам «Слова пра паход Ігаравы». Дакладна ж яго аўтарству належыць восем «словаў»-казанняў, некалькі павучальных аповесцей і прыпавесцяў, два каноны, каля трыццаці вершаў. «Словы» Кірыла складаў з нагоды розных хрысціянскіх святаў: «Слова на Вербніцу», «Слова на Вялікдзень», «Слова на Ушэсце». Вершы-малітвы складаліся на кожны дзень тыдня і чыталіся пасля набажэнстваў уранні, удзень і ўвечары.
Асноўныя мастацкія прынцыпы тураўскіх «слоў» — рытарычная ампліфікацыя: нагнятанне сінонімаў, параўнанняў, метафар, цытат. Гэтым дасягаецца выключная экспрэсіўнасць аўтарскай думкі. Каб наблізіць слухачоў да евангельскай падзеі, ён ужывае дзеясловы ў цяперашнім часе, словы «ныне» і «днесь». Гэта адзін з першых у нашай літаратуры прыём абыгрывання часу.