Яшчэ адной характэрнай асаблівасцю твораў Тураўскага з’яўляецца частае згадванне ў іх з’яў прыроды. Так, у «Слове на Фаміну нядзелю» (першую пасля Вялікадня) Стары Запавет аўтар параўноўвае з зімою, а Новы — з вясною. Як прырода абнаўляецца пасля зімы, так і вера ў Хрыста абнаўляе чалавека. «Днесь весна красуется оживляючи земное естьство, и бурьнии ветры тихо повевающе плоды гобьзують, и земле семена питающи зеленую траву рожаеть». Заўважым, што зусім па-язычніцку зямля ў Тураўскага «нараджае». Вясна ж як сімвал нараджэння таксама ўзыходзіць да вельмі архаічных часоў, да міфаў пра паміраючага і ўваскрасаючага бога прыроды. У Кірылы Тураўскага вясна нагадвае пра аднаўленне чалавецтва верай у Хрыста. Тураўскаму характэрна цэласнае адчуванне навакольнага свету, усіх касмічных рытмаў. Старажытнае міфалагічнае абагаўленне святла заканамерна перайшло ў яго творчасці да паняцця «божаскае святло», якое якраз утвараюць разам узятыя яго вобразы вясны. Такім чынам, Кірыла Тураўскі-пісьменнік разумее хрысціянства як касмічную літургію, для яго характэрна містычнае яднанне з касмічнымі рытмамі, асветленымі ўжо містэрыяй Хрыста.
Малітвы Кірылы Тураўскага таксама ўражваюць багаццем і разнастайнасцю спосабаў арганізацыі паэтычнай мовы. Зноў узнікае тэма святла і цемры, а таксама часу. Паняцці «неба» і «зямля» маюць і тут сімвалічнае напаўненне. Неба — гэта перш за ўсё абсалютнае ўвасабленне «верху», члена адной з асноўных міфалагічных апазіцый, Зямля — «ніз». Сэнсавая пара «неба — верх» сінанімічная выразу «Божая ўлада». Да слова Бог Тураўскі далучае цэлы шэраг ўласнаўтвораных эпітэтаў: «едіный», «мілостівый», «безгрешен», «безсмертный», «чіст», «непорочен», «незлобівый», «премудрый». Прыметнік «безначальне» (вечны, без канца і пачатку) указвае на існаванне Бога адносна часу: ён ніколі і нікім не быў створаны, а існаваў вечна. Эпітэты «неодержіме», «неабсяжне» паказваюць на адносіны Усявышняга да прасторы: ён існуе паўсюдна і да канца непазнавальны. Бог — самая асноўная і важная для нашага разумення крыніца святла. «Божае святло» — гэта сімвалічнае ўяўленне пра гуманную сутнасць Стваральніка Свету. Ужывае Кірыла Тураўскі ў малітвах і паняцце «Божественный Дом», што азначае, на нашу думку, увасабленне ўсіх духоўных каштоўнасцей чалавека.
Трэці важнейшы жанр у творчасці Кірылы Тураўскага — прытчы (прыпавесці): «Прытча о человеческой душе и о теле», «Слово о расслабленном», «Повесть о белоризце — человеке и о монашестве». Асноўны метад пісьменніка — алегарычна-сімвалічнае тлумачэнне Новага Запавету. Можна сказаць, што менавіта ў Кірылы гэты метад дасягнуў найвышэйшай дасканаласці. Прычым Тураўскі свабодны ў выкарыстанні багаслоўскіх крыніц і часам увогуле звяртаецца да нехрысціянскіх тэкстаў. Надзвычай важным для тэмы дадзенай работы ўяўляецца з’яўленне ў Кірылы Тураўскага жанру прытчы, для якога найбольш характэрна глабальнае абагульненне, сімвал, формы выяўлення універсальнага, архетыповага зместу, як у міфе. Да алегорый, «казак жыцця» шырока пачнуць звяртацца пісьменнікі нацыянальнага Адраджэння (З. Бядуля, Ядвігін Ш., Я. Колас). Прытча дапамагае праз канкрэтны прыклад выйсці на максімальнае абагульненне.
Кірыла Тураўскага неабходна чытаць у арыгінале, бо ў перакладзе асаблівасці яго мовы, стылю істотна губляюцца. На беларускую мову яго творы перакладзены Ул. Кароткім і Ж. Некрашэвіч-Кароткай. Творы Тураўскага атрымалі неверагодную папулярнасць ужо пры яго жыцці, а таксама і ў пазнейшыя эпохі. На думку сучаснага даследчыка У. Колесава, «ажно да Дзяржавіна ў рускай літаратуры не з’яўлялася пісьменніка такой сілы, значнасці і вышыні маральнага пачуцця». Але Кірыла Тураўскі — пісьменнік перш за ўсё беларускі. Многія дасягненні яго стылю вызначылі найбольш характэрныя асаблівасці нацыянальнай літаратурнай традыцыі.
Міфалагізм «Слова пра паход Ігаравы»
Пра выдатнейшы твор усходнеславянскага прыгожага пісьменства — «Слова пра паход Ігаравы» — створана незлічоная колькасць навуковых прац. Незалежна ад таго, разглядае той ці іншы аўтар «Слова» як аповесць, паэму ці ўзор аратарскага мастацтва, у межах такога аналізу «Слова» паўстае як твор рэальна-апавядальнага характару. Усе яго элементы, звязаныя з міфалогіяй, звычайна асэнсоўваюцца як своеасаблівая арнаментыка, што накладваецца на ланцуг рэальных падзей. Між тым розныя вобразы і сітуацыі, насычаныя міфалагічным падтэкстам, займаюць у тэксце «Слова» намнога большае месца, чым было вызначана папярэднімі даследаваннямі. Апошнія доследы семіётыкаў зрабілі магчымым паглядзець на «Слова» як на твор, міфалагічны па сваёй сутнасці. Так, Б. Гаспараў лічыць матыў пярэваратня не ўстаўным эпізодам, прысвечаным Усяславу, а стрыжнёвым у творы. Ён прадстаўлены ў шэрагу іншых эпізодаў, якія тычацца і самога Ігара, і Баяна. Але нас найбольш цікавіць Усяслаў.