Выбрать главу

Такім чынам, Усяслаў ў якасці ваўкалакі надзелены здольнасцю да матэрыяльных метамарфоз і аддзяленню душы (думкі, хітрасці) ад цела, што дапамагае яму фантастычным чынам пераадольваць прастору і час. Вось чаму Усяслаў і ўвайшоў у гісторыю як Чарадзей. Прычым менавіта Усяслаў з’яўляецца цэ нтральным героем паэмы, а іншыя персанажы (нават Ігар — як бы галоўны герой) — толькі яго своеасаблівыя двайнікі. У сцэне пабегу з палону Ігар таксама ператвараецца ў розных жывёл (гарнастай, гогаль, воўк, сокал), што надае яго руху незвычайную хуткасць. Усяслава і Ігара аб’ядноўвае і аддзяленне душы: думка лунае ў прасторы: «Игорь мыслию паля мьретъ отъ великаго Дону да малаго Донца». На думку Б. Гаспарава, Ігар набывае такія якасці, бо вяртаецца праз мяжу, якая аддзяляе царства жывых ад царства памерлых, інакш кажучы, з ім адбываецца цудоўнае ператварэнне-уваскрэсенне.

У пачатку тво ра гаворыцца і пра трансфармацыі Баяна, які «растькашется мыслию по древу, сьрымъ вълкомъ по земли, шизым орлом подъ облакы». Увесь гэты малюнак праецыруецца на міфалагічны вобраз Сусветнага Дрэва, а сам Баян, паколькі ён унук Вялеса, выступае ў якасці паэта-жраца-шамана, які не прасторы імгненна перасякае і не мяжу паміж рознымі светамі, а час, дасягаючы сваёй думкай да самай глыбокай даўніны.

У цэлым усе тры персанажы, валодаючы трыма сферамі быцця (вадой — хтанічнай сферай, зямлёй і паветрам), уяўляюць як бы тры іпастасі ваўкалацтва, пр ычым Усяслаў здольны трансфармаваць матэрыю і пераадольваць рэальную прастору, Ігар, як і кожны персанаж чародзейнай казкі, ажыццяўляе пераход з іншасвету ў рэальную прастору (мяжой з’ўляецца, як і ў фальклоры, рака), а Баян лунае ў створаным ім самім свеце фантазіі (сёння мы б сказалі — у віртуальнай прасторы). І так з таго часу адбываецца з усімі мастакамі.

У рэальнай гісторыі У сяслаў Полацкі церпіць паразу ад братоў Яраславічаў — сваіх родзічаў — на рацэ Нямізе. Апісанне бою на Нямізе можна аднесці да самых пранікнёна-паэтычных і ў той жа час глыбока трагічных мясцін «Слова». Метафары, ужытыя тут, звязаны з земляробчым цыклам работ: сеў-жніво, касьба, малацьба. У апісанні бою два метафарычных рада (бой як жніво-касьба і смерць як аддзяленне душы ад цела) зліваюцца ў адзіную вобразную сістэму. Уключэнне ў малюнак бою-пагібелі усіх земляробчых работ, якія маюць дачыненне да розных сезонаў, надаюць усёй карціне міфалагічную семантыку цыклічнасці. Цыклізм жа характарызуе усю сукупнасць ўяўленняў нашых продкаў пра жыццё-смерць-новае ўваскрэсенне.

У цэлым сімвалы ў паэтыцы «Слова» не толькі ўпрыгожваюць твор, але і ствараюць у чытача пэўнае ўражанне пра патаемны сэнс апісаных падзей. Пры гэтым міфалагічныя элементы складаюць у творы адзіную структуру. Асобныя міфалагізаваныя элементы не проста суіснуюць, а ўступаюць у шматлікія сувязі паміж сабою, своеасабліва трансфармуюцца, перакладваюцца ва ўсё новыя формы-малюнкі, ствараючы адзіную сетку, якая пакрывае увесь твор і падпарадкоўвае сабе логіку развіцця рэальных падзей. Міфалагічны падтэкст тут з’яўляецца тым фонам, на які праецыруецца змест твора ў цэлым і асобныя яго дробныя дэталі, што надаюць гэтаму зместу другі, метафарычны план. Больш складанага твора ў нашай літаратуры няма. Шкада, што традыцыі яго, хоць і выкарыстоўваліся шырока, але ў многім павярхоўна і яшчэ далёка не вычарпаны.

Сімвалізацыя рэчаіснасці дзеячамі эпохі Адраджэння

Развіццё нацыянальнай свядомасці беларускага народа, яго самабытнай культуры звязана з імёнамі эпахальнага маштабу — Ф. Скарынам і М.Гусоўскім. Абодва — выдатныя дзеячы эпохі Адраджэння на Беларусі.

Эпоха Адраджэння — ў поўным сэнсе слова сінтэтычная, бо аб’яднала адноўленую грэка-рымскую антычную культуру з хрысціянскай, якая развівалася на працягу ўсёй эпохі Сярэднявечча. У той жа час Адраджэнне — эпоха пераходная, звязаная з рэфармацыяй Царквы і з пераходам да новых грамадска-гаспадарчых адносін.

Прыйшоўшая з мінулага (з антычнасці0 традыцыя прынесла з сабою новы погляд на чалавека, на прыроду, на Бога. Зноў адрадзілася цікавасць да Прыроды, кожны куточак якой хаваў у сабе таямнічыя сілы і містычна прыхаваныя сэнсы. У адрозненне ад вучоных таго часу — схаластаў, што надавалі галоўнае значэнне эмпірычнаму і канкрэтнаму, гуманісты эпохі Адраджэння шукалі ў кожным канкрэтным факце нейкі архетыповы сэнс, выкарыстоўвалі міфы ў якасці сродку пранікнення ў патаемную сутнасць рэчаў. Класічную міфалогію пачалі разглядаць як самастойную тэалогію, як высакародную рэлігійную ісціну, вынайдзеную людзьмі, што жылі да Хрыста. У гуманістычным светапоглядзе ўсё існае абагаўлялася: чалавек, прырода, класічная спадчына.