Выбрать главу

На час жыцця Скарыны і Гусоўскага прыпадае як фарміраванне беларускай народнасці (у межах Вялікага княства Літоўскага), так і фенаменальныя з’явы ў сусветным маштабе: свае шэдэўры стварылі Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікельанджала; Калумб адкрыў Амерыку; Марцін Лютэр паўстаў супраць каталіцкай царквы і распачаў Рэфармацыю, а вялікі паляк Мікалай Капернік распрацаваў сваю геліяцэнтрычную сістэму і адкрыў пачатак навуковай рэвалюцыі.

Францыск Скарына ў сваёй асобе ўвасобіў і пераходнасць, і галоўным чынам сінтэтызм эпохі. Апошнія доследы беларускіх даследчыкаў (У.Агіевіч, С.Падокшын) паказалі глыбокую цікавасць Скарыны да эзатэрычных тэорый, надзвычай папулярных у тую эпоху. Больш за тое, Скарына належыў да рэлігійнага ордэна паўпераў (тампліераў) — храмоўнікаў, цесна звязаным з купецтвам і лекарствам. Афіцыйна ордэн тампліераў не існаваў, знішчаны французскім каралём Філіпам Прыгожым у 1307 г., але фактычна былі пакараны смерцю толькі ўладары ордэна, надзвычай магутнага і багатага ў ХІІІ ст., а радавыя яго члены рассяліліся па ўсёй Еўропе і аднавілі ордэн пад рознымі іншымі назвамі (напрыклад, ілюмінатаў); у ХУІІІ яго непасрэднымі пераемнікамі сталі масоны.

Гэта была ідэалогія, якая імкнулася да спасціжэння таямніц прыроды шляхам аб’яднання эзатарычных вучэнняў Усходу і Захаду. Скарына, як паказаў Агіевіч, «пасля пранікнення ў таямніцу мудрасці і ведаў не здолеў адмовіцца ад спакусы перадаць іх „людзям рускім паспалытым“. Галоўным чынам гэта адбілася ў сімволіцы яго гравюраў і ў літаратурнай творчасці — акравершах, у якіх вялікі філосаф дэманстраваў, знаменаваў, сімвалізаваў свае чалавечую еднасць з Богам і адначасова выяўляў (але зашыфравана) сваю творчую індывідуальнасць. Глыбока ўспрыняўшы р энесансны светапогляд, у тым ліку, эзатэрычную традыцыю, Скарына творча перапрацаваў яго ў накірунку ўсходнеславянскага менталітэту, выкарыстаўшы родную мову як сродак трансляцыі нацыянальных культурных каштоўнасцей, а таксама універсальныя па сваёй сутнасці сімвалы для перадачы архетыпічнага зместу».

Другі вялікі беларускі геній эпохі Адраджэння — Мікола Гусоўскі — усё ж больш мастак, чым філосаф. Але, як і Скарына, ён увасабляў новы тып асобы, адзначаны свецкасцю, сілаю волі, разнастайнасцю інтарэсаў і імкненняў, наватарскай творчасцю.

Мастацтва эпохі Адраджэння, назіраць, спасцігаць якое мог Гусоўскі, асноўвалася на дакладным падражанні прыродзе, падняўшыся да неверагоднага тэхнічнага майстэрства ў рэалістычнай перадачы натуры. Эпоха кватрачэнта, падчас росквіту якой (а яна сама — росквіт Рэнесансу) Гусоўскі якраз знаходзіўся ў Італіі, — «гэта аналіз, пошукі, знаходкі, гэта свежасць, сіла, але часта яшчэ наіўнае, юнацкае светаадчуванне». Менавіта такое ўражанне пакідае і паэма М. Гусоўскага «Песня пра зубра».

У сваіх поглядах Гусоўскі асноўваўся на эмпірычна-апісальным і лагічна-вербальным метадзе Арыстоцеля, які працягваў панаваць у навуковых установах Еўропы. Прынамсі гэты метад найбольш і адпавядаў мастацкім задачам Гусоўскага.

Сын збяднелага баярына-паляўнічага, Гусоўскі, як піша Ул. Калеснік, фарміраваўся ў асяроддзі, «у якім трывала жылі патрыярхальныя традыцыі і прадаўнія павер’і, прыкметы, нават асобныя „прафесійныя“ прымхі… Мікола Гусоўскі засвоіў загадкавы свет паляўнічых міфаў, прыкмет і павер’яў і напоўніў імі аўтарскія адступленні паэмы». Паэма прасякнута любоўю да роднага краю — лясоў, што і сёння складаюць асноўнае багацце Беларусі, да жывёльнага свету, разнастайнасць якога Гусоўскі яскрава паказаў у паэме. «Ён спазнаў буйныя норавы паўнаводных рэк, слухаў сказы лясных волатаў-дубоў, загартоўваўся ў пагонях за зверам».

Мастацкая вобразнасць паэмы ў перакладзе Ул. Шатона, найбольш блізкім да арыгіналу, засноўваецца, на нашу думку, на архетыпе жывой зямлі — Маці-Зямлі. Напрыклад, зубр «памірае ад ран, поячы кроўю зямлю», «гэты лясны перапеў будзіць аж сэрца зямлі», «кроўю снягі накармі, глеба тлусцее няхай», «сочыцца, толіць зямлю кроў седака і каня», «многа б нявіннай крыві там паглынула зямля». Характар метафар сведчыць аб праяўленні ў іх надзвычай архаічнай ідэі пра ахвяраванні Зямлі, якія ляжалі ў аснове ўсіх старажытных містэрый. Падставай для такіх ахвярапрынашэнняў была вера ў тое, што жывое (а зямля, бясспрэчна, жывая) можа нарадзіць толькі ад жывога, «напіўшыся крыві», як у Гусоўскага. Ахвярапрынашэнні неабходны для перыядычнага абнаўлення Космасу. Ідэя ахверавання са старажытных міфалагічных сістэм перайшла ў хрысціянства. «Закон Ахвяры ляжыць у аснове ўсіх сусветных сістэм і на ім пабудаваны ўвесь Космас. Ён — у самім корані эвалюцыі і толькі ён робіць эвалюцыю зразумелай… У хрысціянстве тая ж ідэя заключана ў выразе: „Агнец, закланны ад стварэння Свету“; словы гэтыя не могуць мець іншага значэння, як толькі тое, што свет не можа ўзнікнуць, пакуль Бог не прынёс ахвяру. Гэта ахвярапрынашэнне азначае абмежаванне Сябе для таго, каб праявіцца».