Выбрать главу

Праз ахвярапрынашэнне быка, які сімвалізаваў Неба, як бы злучаліся Неба і Зямля. І зусім невыпадкова ў канцы твора М. Гусоўскі звяртаецца да Божай Маці, якая прыняла на сябе функцыі архаічнай Багіні Зямлі: «Бог цябе выбраў калісь, шкадуючы лёс чалавечы, // Нібы свяціла падняў, каб ратавала другіх».

Такім чынам, Гусоўскі працягвае лінію, якая ідзе ад апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах». Але гэта архетып. Між тым Гусоўскі і свядома звяртаецца да народных павер’яў, паданняў, адзначаючы: «Дзіваў нагледзеўся шмат, па нашай зямлі пахадзіўшы». Менавіта міфалагізацыя пушчы, згадванне пра аднавокага 200-гадовага зубра, пра жорсткі метад выпрабавання ведзьмаў, пра глушца, мяса якога дабратворна дзейнічае на розум, стварае ўражанне дзівоснасці лясістай краіны. Прычым лес у Гусоўскага выступае як бы ў трох іпастасях: лес прыроданавуковы (у духу часу) з надзвычай праўдзівымі апіса ннямі і навуковымі здагадкамі (зубр «мо, вось на поўначы быў перад патопам яшчэ»); лес язычніцкі, поўны чараў і дзіваў; і лес, так бы мовіць, хрысціянскі, маючы на ўвазе пазіцыю самога аўтара, шчырага верніка, які лічыць, што «трэба лясам аддаваць перавагу заўсёды». Паэма прасякнута ідэяй пакланення прыродзе, усяму сусвету як ідэалу гармоніі, але ў той жа час тут вялікае месца надаецца тэме змагання за веру Хрыстову.

Ад М. Гусоўскага ідзе натурфіласофская лінія ў беларускай літаратуры і паэтызацыя зубра як сімвала Маці-Радзімы. Метафары паэмы яшчэ ў значнай ступені звязаны з архаічным татэмістычным светапоглядам, з анімістычнымі ўяўленнямі нашых продкаў.

Алегарычныя вобразы ў творчасці Сімяона Полацкага

У ХУІІ ст., эпоху Барока, беларуская літаратура развівалася ў цеснай і плённай узаемасувязі (гарызантальнай і вертыкальнай) з суседнімі славянскімі літаратурамі. З’яўляючыся па свайму геаграфічнаму становішчу «унутрыславянскай», яна садзейнічала збліжэнню і ўзаемаўзбагачэнню літаратур усходніх і заходніх славян. Пасрэдніцкая роля Беларусі асабліва прыкметная ў распаўсюджанні першага агульнаеўрапейскага стылю барока, а таксама асветніцкіх ідэй. Але каб быць пасрэдніцай, гэта значыць, успрымаць новыя павевы і перадаваць іх далей, беларуская літаратура сама павінна валодаць значнымі мастацкімі каштоўнасцямі. Вышэйшае дасягненне беларускай культуры гэтага перыяду — творчасць Сімяона Полацкага. Ён увёў у рускую літаратуру эстэтычную сістэму барока, распрацаваную ім па-філасофску, этычна і эстэтычна.

У творчасці Сімяона Полацкага найважнейшае месца адведзена навуковым (схаластычным) ідэям, заснаваным, як і ў выпадку з М.Гусоўскім, на эмпірычнай тэорыі Арыстоцеля. У паэтыцы многіх еўрапейскіх вучоных (Піка дэ ля Мірандола, Эразм Ратэрдамскі, Грыгоры Скаварада, Міхаіл Ламаносаў) схаластыка выконвала канструктыўную ролю. Так і «Сімяон выкарыстоўваў даступныя яму прыродазнаўчыя веды ў якасці паэтычных тропаў». Шырока распаўсюджана думка, што Сімяон Полацкі, хоць і быў праваслаўны пісьменнік, але «узрос на лацінскай заквасцы і многае пераняў з вопыту заходнеўрапейскага барока». Сярод яркіх прымет эпохі была цікавасць інтэлектуалаў Еўропы да астралогіі. Аддаваў ёй даніну і Сімяон. Яго сістэма тропікі ў многім грунтуецца на астральнай сімволіцы, глыбока распрацаванай яшчэ ў эпоху Антычнасці. Астралогія — своеасаблівы сімбіёз міфалогіі (як касмагоніі) і астраноміі (як навукі), надзвычай развітай, як ні парадаксальна, у многіх старажытных культурах (Егіпет, Вавілон, Кітай). Арыстоцель, так шануемы Сімяонам, гаварыў, што думка пра багоў узнікла ў людзей ад двух пачаткаў: ад таго, што адбываецца з душою, і ад нябесных з’яў. Шмат якія вучэнні і традыцыі гаварылі пра жывы Сусвет. У духу астральнай (міфалагічнай) традыцыі Сімяон славіць Неба як месцазнаходжанне Адзінага Бога, і святыя душы, што ўтвараюць уласна Космас. У «Метрах», вершах беларускага перыяду творчасці, якімі Сімяон Полацкі славіць рускага цара Аляксея Міхайлавіча, адчуваецца стагоддзямі адпрацаваны метафарызм: «Светила светла на небе сияют, бег истецают»; «Небо вовеки ест Богу престолом».