Цэнтральная фігура неба — сонца. Лацінскае «sol» — сонца — выяўляе ідэю хвалі жыццятворных сіл, што ідзе з нябёсаў на зямлю. У праваслаўнай традыцыі Бог называецца Адзіным Духоўным Сонцам. Але з сонцам параўноўвае Сімяон і цара, і яго дзяцей, і галоўнае — Ерусалім і Полацк у сваіх панегірычных вершах: «Слонцем ты естесь, царю, бо Русь просветилесь, // Кгды хмуры еретиковы от нас отдалилесь. // Слонце се бо твое око на всих поглядает, // Яко слонца круг в небе сей мир просвещает». Або: «Слонце всім равно светла узычает»; «Чтож есть Мария новорожденна // Слонцем ест, ибо от слонца спложенна». Вобразам Еўфрасінні Полацкай «еліко небо солнцем украшенно».
Сімяон Полацкі лічыў, што навука павінна садзейнічаць умац аванню аўтарытэта царквы, пераконваць у божаскай прыродзе самога пазнання. Бачны свет — не толькі метафара, але і прытча: Полацкі часта звяртаецца да сімвалічна-эмблематычных асэнсаванняў, дзе міфалагемы, безумоўна, з’ўляюцца асновай вобразнасці. Напрыклад, ён цудоўна абыгрывае паняцце «мора» і імя Марыя, разумеючы адзінства іх на вельмі глыбокім узроўні: Зямля як усеагульная Маці (Маці Божая Марыя) — гэта і вада, водная планета (таму невыпадкова ў славян — Маці Сырая Зямля): «Мария с тобою, а ты за Мариею, // Пройдем море, маю в Марие надею. // …Справит то Мария, бо она водами, // Поветрем владает, нават и небами».
У цэлым Сімяон Полацкі абапіраўся на звыклы рэквізіт вобразаў, матываў і рэлігійных уяўленняў (звяртаўся да матыву Сусветнага Патопу, дзе толькі Царква — каўчэг выратавання, а таксама да вобраза Сусветнага Дрэва). Але часам ужываў і нязвыклыя ў праваслаўнай традыцыі тропы, як правіла, заснаваныя на народнай традыцыі, напрыклад, «снопу пшеніцы чрево пріровнано Хрыста», або «время днем і ночью по кругу всегда ходіт»; «круг вечность значіт»; «время быстролетное быстрымі оленямі днем і ночью скачет». Апошні вобраз асабліва старажытны, бо яшчэ ў эпоху палеаліту Космас уяўляўся Аленем-залатыя рогі.
Абыгрываючы сімволіку лічбаў, Сімяон піша пра З законы прыроды, 4 часткі дня, 4 поры года, 4 стыхіі, 4 эпохі (у тым ліку, пра Залаты век, калі «земля матерью была»), 5 пачуццяў, 7 свабодных навук, 8 цудаў свету, 12 месяцаў. Падобныя эмблематычныя вершы, надзвычай характэрныя для эпохі Барока, закладвалі трывалую алегарычную традыцыю ў беларускай літаратуры. Форма ўвогуле мела каласальнае значэнне для Полацкага як барачнага пісьменніка, бо менавіта форма, на яго думку, з’яўляецца адзіным бачным адбіткам Сусветнага Розуму. Адсюль арнаменталізм у апісаннях жывёл, рэальных і міфалагічных, птушак, гадаў, рыб, дрэў, травы, каштоўных камянёў. Часам арнаменталізм дасягае такой высокай ступені, што цэласнае ўяўленне пра з'’яву, прадмет драбніцца ў выкручастых звівах сюжэту. Нават па знешняму выгляду яго вершы — у форме крыжа, арла, зоркі, сэрца і пад.
Стыль барока як бы збіраў, «калекцыяніраваў» тэмы і сюжэты, імкнуўся да іх разнастайнаці, але не да глыбіні. Пейзаж у Полацкага ўжо прысутнічае і нават даволі багаты, але прыгладжаны, прыбраны, пазбаўлены адзнак часу і нацыянальнай прыналежнасці. І ўсё ж Сімяона можна лічыць прадаўжальнікам натурфіласофскай лініі ў беларускай літаратуры, якая ідзе ад М. Гусоўскага.
«Мир сей приукрашенный книга есть велика» — сцвярджаў Сімяон Полацкі. Пра разгадванне Кнігі Прыроды ў пачатку ХХ ст. загавораць на поўны голас пісьменнікі-класікі.
Міфалагічныя кампаненты ў беларуска-польскіх рамантыкаў
У ХІХ ст. пачынаецца перыяд Новай беларускай літаратуры, якая парывае з багаслоўскай традыцыяй (секулярызацыя) і насуперак ёй актыўна звяртаецца да міфалогіі, прычым не столькі да антычна-класічных яе формаў (звязаных у асноўным з травестыяй), колькі да элементаў так званай ніжэйшай міфалогіі, або народнай дэманалогіі. Але пры гэтым ў значнай ступені губляецца паэтычная фігуратыўнасць і эмацыянальнасць, характэрная для творчасці Кірылы Тураўскага і Сімяона Полацкага, пачынаюць пераважаць нейтральна-апісальныя элементы, хоць колькасць асвоеных міфалагічных матываў і вобразаў значна павялічваецца.
Надзвычай важны этап у асваенні міфалагічнай спадчыны — эпоха рамантызму, якая вядзе сваю гісторыю ад Енскай школы рамантыкаў (1796), а ў беларускай літаратуры ахапіла перыяд 20-40-х гадоў ХІХ ст. З рамантыкаў пачынаецца і ўласна літаратуразнаўства як спецыфічна навуковая галіна. Рамантыкі зрабілі ў эстэтыцы сапраўдны рэвалюцыйны пераварот, адмовіўшыся ад нарматыўнай паэтыкі Арыстоцеля, якая была асновай літаратуры на працягу больш чым 2000 гадоў, і звярнуліся да эстэтыкі Платона. Рэвалюцыя ў паэтыцы, у мастацкіх сродках была толькі часткаю таго культурнага перавароту, які аддзяліў антычную і сярэднявечную цывілізацыю ад цывілізацыі Новага часу.