Адно з важнейшых дасягненняў Новага часу — раздзяленне быцця на свет «фізічнай рэальнасці», з аднаго боку, і на асаблівы «свет чалавека», з другога боку. У гэтым былі і плюсы і мінусы. Да таго — у эпоху Антычнасці, Сярэднявечча — індывід разумеўся як арганічная частка Прыроды, Космасу, а сам Космас — як праяўленне нейкага транцэндэнтальнага пачатку, які забяспечвае свету адзінства і лад. Гэта адчуванне адзінства — каласальны плюс міфа-паэтычнага мыслення, якое працягвала дзейнічаць і ў Новы час. Але кожная вобласць патрабавала вывучэння і ў сваёй спецыфіцы. Яшчэ з ХУІІ ст. пачалося развіццё прыродазнаўчых навук, што ўсё больш драбніліся. Кожная навука мела свой прадмет вывучэння, і новая навука — літаратуразнаўства — таксама адчувала патрэбу ў вывучэнні таго грунту, на якім узрастала слоўная мастацкая творчасць. Рамантыкі першымі пачалі вывучаць і збіраць скарбы народнай культуры, шырока выкарыстоўваць міфы ў сваёй творчасці, яны ж зрабіліся і тэарэтыкамі літаратуры.
Сярод першых па часе школ, напрамкаў у літа ратуразнаўстве — міфалагічная — адна з самых магутных у ХІХ-ХХ стст. Ля яе вытокаў стаяць браты Я. і В. Грым, якія не толькі збіралі і апрацоўвалі народныя казкі, але былі і тэарэтыкамі літаратуры. У найбольш вядомай сваёй рабоце «Нямецкая міфалогія» Я. Грым ставіць пытанне пра вывучэнне міфалогіі і фальклору, гаворыць пра стасункі міфа, легенды, казкі, аб сувязі іх з рытуалам, сцвярджае адзінства індаеўрапейскіх моў і арыйскай міфалогіі. Славянская міфалогія, на думку аўтара, блізкая да германскай і скандынаўскай. Праўда, у славянскай значна менш паданняў пра карлаў, эльфаў, гномаў, чым у германскай, але затое пра волатаў — больш. «У цэлым славянская міфалогія намнога больш стыхійная і пачуццёвая, чым германская». І ён жа адзначае, што славянскія народныя паданні і казкі багацейшыя за нямецкія. Адным з першых сярод навукоўцаў Грым звярнуў увагу на тое, што Божая Маці замяніла сабою язычніцкіх багінь, а многія хрысціянскія святыя — язычніцкіх божышчаў другога і трэцяга рангаў, напрыклад, месца героя-змееборцы занялі святы Георгі і архангел Міхаіл.
Рамантызм народжаны бурнай пераломнай эпохай. Гэта адмоўная рэакцыя на французскую буржуазную рэвалюцыю і тэндэнцыі ў ідэалогіі, якія пачала насаджаць буржуазія. Антыгуманным тэндэнцыям рэчаіснасці, утылітарызму і эгаізму рамантыкі супрацьпастаўлялі ўзвышаны духоўны свет асобы, якая імкнецца пераадолець сваю адчужанасць і набыць паўнату жыцця ў глыбока творчым далучэнні да вечных каштоўнасцей прыроды, гісторыі, культуры.
Рамантыкі перараблялі міфы антычныя, біблейскія, сярэднявечныя, пры гэтым вельмі свабодна маніпуліравалі традыцыйнай міфалогіяй, перамешвалі розныя матывы і вобразы. Асабліва нетрадыцыйнай была міфатворчасць Э.Т.А. Гофмана, М. Гогаля і Э. По. Праз іх казачную фантастыку праглядвае нейкая глабальная міфічная мадэль свету, а гэта пачало надзвычай цаніцца ў мадэрністскай літаратуры ХХ ст. Натурфіласофскія погляды рамантыкаў выклікалі ў іх цікавасць да ніжэйшай міфалогіі, так званых духаў прыроды, або духаў локусаў. У цэлым менавіта ў міфалогіі рамантыкі бачылі выяўленне гармоніі Прыроды, Космасу, імкнуліся сцвярджаць гэтую гармонію насуперак тэндэнцыі да пазітывізму, драбленню навук, аналітызму.
Сярод найярчэйшых зорак рамантычнай еўрапейскай літаратуры адно з галоўных месцаў належыць Адаму Міцкевічу. Безумоўна, А. Міцкевіч — перш за ўсё вялікі польскі паэт, але нельга яго выключаць і з беларускай літаратуры, гэта паэт беларуска-польскага памежжа, як і Ян Чачот, Ян Баршчэўскі. У творчасці гэтых песняроў найлепш адбіўся менавіта беларускі фальклор і прырода той зямлі, якая іх узрасціла, — Беларусі.
А. Міцкевіч нарадзіўся ў надзвычай жывапісным кутку Беларусі, народныя беларускія казкі і легенды чуў яшчэ ў дзяцінстве ад прыгоннага селяніна Блажэя, у маладосці разам з Чачотам хадзіў па вёсках, засценках, кірмашах і збіраў народныя паданні. Асабліва яго ўразілі легенды, звязаныя з возерам Свіцязь, якія ён пачуў ад старога рыбака у самую шчаслівую пару свайго жыцця — часе кахання да Марылі Верашчакі. Менавіта думаючы пра Марылю, Міцкевіч піша балады «Люблю я», «Рыбка», «Курганок Марылі», «Дудар». Непасрэдна са Свіцяззю звязаны тры балады — «Свіцязянка», «Свіцязь», «Рыбка». Выкарыстоўваючы паданні аб узнікненні возера Свіцязь, Міцкевіч стварае арыгінальную легенду аб тым, як жанчыны гераічнага горада Свіцязі, не ў сілах змагчы ворага, моляць Бога аб смерці, і той затапляе іх горад возерам. Заліванне святога горада вадою — матыў, надзвычай распаўсюджаны ў міфах многіх народаў (можна назваць хоць бы рускую легенду пра горад Кіцеж). Яго паходжанне — ад міфаў пра патоп або пра затапленне біблейскіх гарадоў Садома і Гаморы, але пераасэнсаваных Міцкевічам у станоўчым духу: не за грахі Бог карае, а ратуе такім чынам ад ворага. Міцкевіч нібы хоча сказаць: там, пад вадою, — сапраўдная Беларусь, а тое, што на паверхні — яно не спрадвечнае, спаганенае, змененае чужынцамі.