З уяўленнямі пра тое, што душа чалавека пасля яго смерці пагружаецца ў ваду, звязаны надзвычай пашыраныя паданні і былічкі пра істот, што жывуць у вадзе — русалак. Увогуле вада спрадвек разумелася як жаночая існасць. У егіпецкай міфалагічнай сістэме схематычнае адлюстраванне возера азначала таямнічасць і загадкавасць, а таксама ідэю ўзроўняў. У той жа час паверхня возера мае значэнне люстэрка (менавіта так ў «Свіцязі»), а гэта азначае самасузіранне, развагу, адчуванне вечнасці, злучэнне неба і падзем’я: «Не можаш адрозніць у срэбным сутонні // Дно возера ўжо ад зеніту. // Як быццам вісіш ты ў нябесным бяздонні, // У нейкім разліве блакіту».
У баладзе «Свіцязянка» дзяўчына, што стала русалкаю, карае былога каханага за здраду сваёй клятвы. Па прычыне здрады канчае самагубствам і Крыся ў «Рыбцы», прытым ператварае пана-ашуканца з яго новай жонкай у камяні. У індуістскай міфалогіі рыбы — абсалютна свабодныя стварэнні, якім не пагражае патоп. Ці не так падсвядома, на ўзроўні архетыпаў, выражалася мара Міцкевіча пра свабоду? Увогуле ж творы Міцкевіча цудоўна ілюструюць народную этыку, зафіксаваную ў міфалагічнай свядомасці, сцвярджаюць непазбежнасць пакарання за грахі. У той жа час у іх — цікавасць Міцкевіча да смерці як невядомага аспекту быцця (містычныя настроі Міцкевіча асабліва праявяцца пазней, у Парыжы). Тая ж цікавасць выключна яскрава праявілася ў паэме «Дзяды», дзе аднаўляецца беларускі памінальны абрад і зноў узнікае матыў віны і кары.
Беларускі міф і фальклор у творчасці Адама Міцкевіча — гэта фактар аб’яднання пісьменніка і народа, чалавека і радзімы, беларускай і польскай нацый. Нішто так не яднае народы, як агульныя сімвалы.
Важную ролю ў творчай біяграфіі А.Міцкевіча адыгралі балады на польскай мове яго сябра Яна Чачота. У васьмі баладах Чачота польскія фалькларысты налічылі 12 паданняў і народных казак, 10 матываў з народных вераванняў і звычаяў, у значнай ступені беларускіх. Праўда, фальклорныя творы Чачота не аказалі значнага ўплыву на беларускі літаратурны працэс.
Яшчэ адзін польскі рамантык з Беларусі — Ян Баршчэўскі. Яго твор «Шляхціц Завальня», можна меркаваць, ствараўся пад прыкметным уздзеяннем Э.Т.А. Гофмана, М.Гогаля, украінскага пісьменніка А.Сомава, але неабходна назваць яшчэ адну крыніцу, пра якую не згадвалі даследчыкі, — раман польскага пісьменніка Яна Патоцкага (1761–1815) «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе». Менавіта Патоцкага можна лічыць заснавальнікам навуковага славяназнаўства. У той жа час ён — цікавы пісьменнік-містык. Асабліва варта звярнуць увагу на мастацкую структуру яго рамана, надзвычай складаную, — больш складаную, чым казкі «1001 ночы», чым «Дэкамерон», — створаную паводле прынцыпу куфэрка, у які ўкладзена многа іншых куфэркаў (расповеды розных герояў). У кнізе Баршчэўскага больш акрэсленая рама: сюжэт і кампазіцыя аб’яднаны вобразам самога Шляхціца і яго сядзібай, дзе падарожнікі і знаёмыя гаспадара распавядаюць свае гісторыі — а вось у іх ужо ў кожнага свая прастора, свой час — мінулае, сучаснасць, будучыня.
Як і іншыя рамантыкі, Баршчэўскі перамяжае фантастыку з яркімі рэальна-бытавымі малюнкамі. Таямнічае тут паўстае як выток драматычных звіваў ў лёсе чалавека, робячыся сінонімам кашмарнага, трагічнага. Міфапаэтычнае ўспрыняцце рэчаіснасці злучаецца ў Баршчэўскага са свядома асабістай, менавіта мастакоўскай пазіцыяй. Безумоўна, міф тут — прыём, сродак, але нельга не заўваж ыць па кнізе Баршчэўскага, як глыбока яшчэ Беларусь пагружана ў язычніцкае мінулае, і самую міфалогію тут можна разглядаць як народнае ўсведамленне прыроды і душы, праяўленае ў пэўных вобразах.
Цэнтральная мі фалагема ў Баршчэўскага — менавіта чалавечая душа як галоўная каштоўнасць свету. Яе прадаюць нячысцікам за грошы або дзеля жаніцьбы з каханай дзяўчынай («Пра чарнакніжніка і Цмока…», «Ваўкалак»). Дзейнічае ў кнізе і душа ўсяе краіны — Плачка. Паляўнічыя за душой — чарнакніжнік-вядзьмак, а праз яго сам д’ябал, які ўвасабляецца не толькі ў выглядзе Цмока, але і ў вобразе Белай Сарокі. Згодна народных вераванняў украінцаў (але можна меркаваць, і беларусаў), «Сарока створана чортам і правіць яму за каня», у хрысціянскай традыцыі — уласна ўвасабленне д’ябла, пра што і кажа аўтар: «… З поўначы, шугаючы полымем, ляцеў цмок, і іскры сыпаліся з яго; пэўна, нёс золата для нейкай душы, што пабраталася з д’яблам».