Тэма продажу душы нячыстаму — універсальна еўрапейская, вобразы ж Плачкі і Сарокі, хоць таксама сустракаюцца ў другіх народаў, маюць выразна нацыянальную спецыфіку.
Адзін з важнейшых аспектаў кнігі — даследаванне лёсу таго беларуса, які пайшоў на службу да нячыстай сілы. Тэма душы асабліва трагічна раскрываецца на прыкладзе вобразаў ваўкалакаў. У навеле «Вужына я карона» апавядальнік распавядае: «Сустракаем мы двух ваўкоў… Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Януш павярнуўся да мяне і закрычаў: „Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі заб’еш якога, дык душа гоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за гэта і пан адкажа перад Богам“». У другой навеле «Ваўкалака» як бы сам былы ваўкалака Марка распавядае пра сябе (дарэчы, тут якраз выкарыстаны прыём «куфэрца», запазычаны ў Патоцкага, бо расказ аднаго ўстаўлены ў расповяд другога, а той — у расказ трэцяга): «Блукаў па гарах і лясах у абліччы страшнага звера. Думкі і пачуцці ў мяне асталіся чалавечыя, памятаў пра мінулае». Матыў ваўкалацтва, пярэваратніцтва ўзнікае ў творы неаднаразова, праз яго, як і ў «Слове пра паход Ігаравы», аўтар выяўляе сваё адчуванне катастрафічнасці свету, народнае разуменне дабра і зла, жыцця і смерці, веру ў магчымасць перамяшчэння з чалавечага свету ў іншасвет. Характэрна, што абярэгаў ад ваўкалацтва амаль не існуе, і гэта вечны напамін чалавеку, як лёгка страціць чалавечае і набыць жывёльныя рысы. З другога боку, на нашу думку, воўк як жывёла-сімвал ў найбольшай ступені адпавядае беларускаму лясістаму краю. Пры гэтым нельга забываць, што ён — увасабленне драпежніцтва — ужо і прыручаны як сабака, які якраз увасабляе дружалюбства да чалавека: прырода, стаўшая на службу да чалавека.
Такім чынам, беларуска-польскія пісьменнікі-рамантыкі надзвычай шырока выкарыстоўвалі народную беларускую міфалогію, значна ўзбагаціўшы гэтым скарбонку тэм, матываў і вобразаў.
Элементы міфалагізму ў беларускай літаратуры другой паловы ХІХ стагоддзя
Літаратура на беларускай мове пачынаецца ў ХІХ ст. фактычна з творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча і з травестыйных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Звычайна, гаворачы пра міфалогію, згадваюць менавіта названыя паэмы, але пры гэтым не ўлічваецца жанр — жанр пародыі, фактычна буфанады, дзе багі не выступаюць у сваёй галоўнай ролі персаніфікацый пэўных прыродных з’яў ці душэўных рухаў, а з’яўляюцца звычайнымі літаратурнымі персанажамі. Праўда, на гэтым і трымаецца камічны эффект, але нас дадзены мастацкі прыём не цікавіць.
Іншая справа, што ў «Тарасе на Парнасе» выкарыстана надзвычай своеасаблівая форма ўмоўнасці, цікава структурыруецца твор паводле часу і прасторы. Ратуючыся ад мядзведзя, Тарас ляціць у яму, ляціць невядома колькі часу (як гераіня Л.Кэрала ў «Алісе ў краіне цудаў») і трапляе на той свет: «Ляцеў ці доўга я ці мала, // Таго ніяк я не ўцямлю».
Такі шлях у іншасвет — надзвычай характэрны для міфаў і казак, у тым ліку, літаратурных, дзе герой ці гераіня спускаюцца ў лабірынт, у калодзеж, у яму, у якіх сустракюцца звычайна з Мінатаўрам (іншай пачварай), з Марозам, з бабуляй Мяцеліцай і падобнымі персанажамі, якія можна разглядаць і як праяўленні негатыўнай прыроды самога чалавека, нетраў яго падсвядомасці. Тарас між тым трапляе ў Рай, да таго ж яшчэ на гару, якая сімвалізуе не толькі іншасветнае быццё таленавітых душ, але і цэнтр свету. Самога Тараса можна разглядаць як своеасаблівага «культурнага героя» (у пачатку твора ён яўна ідэалізуецца) — так, у антычнай міфалогіі на Алімп трапляе Праметэй, толькі Тарас вяртаецца не з агнём Цывілізацыі, а з агнём, кажучы фігуральна, Творчасці. Пра падарожжа ў іншасвет (у другое вымярэнне) прыгожае пісьменства гаворыць хоць і рэдка, але затое ў творах геніяльных (дастаткова згадаць «Эпас пра Гільгамеша», «Божаскую камедыю» Дантэ, «Ружу Свету» Д.Андрэева), аднак толькі яшчэ ў Сервантэса ў адным з малавядомых твораў герой трапляе на Парнас.