Часам татэмныя продкі сапраўды дапамагалі народу ці нават асобнаму чалавеку. У кітайскай казцы «Уладар гранатавага дрэва» ў беднага чалавека ў садзе пастаянна кралі гранаты; гаспадар падсцярог злодзея — ім аказаўся ліс. З таго часу ліс пачаў служыць чалавеку, прычым яго подзвігі вельмі падобныя да дзеянняў асноўнага персанажа сюжэта еўрапейскай казкі «Кот у ботах». Ліс, кот, конь, воўк у славянскіх казках — татэмныя продкі, таму і служаць героям.
Пярэваратні.
Татэмізм — не толькі вера ў жывёльнага продка (ад шлюбу з чалавекам), але і вера, што некаторыя члены роду, племені здольныя ператварацца ў татэмную жывёлу, быць пярэваратнямі, ці, па-беларуску, ваўкалакамі. Князь Усяслаў Чарадзей быў якраз ваўкалакам. Ён — герой рускіх былін, «Слова пра паход Ігаравы», сучасных твораў Леаніда Дайнекі, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова, Алеся Разанава і інш.
У паўночных народаў Сібіры і сёння шырока распаўсюджаны міф пра чалавека-аленя, чалавека-лася, які можа быць то чалавекам, то жывёлай. У індзейцаў Паўднёвай Амерыкі да нашага часу захаваўся надзвычай старажытны абрад «чалавек-птушка», а сярод геагліфаў плато Наска ёсць і малюнак такой істоты — «чалавек-сава». У кітайцаў пярэварацень, як правіла, ліса. Кітайцы — народ глыбока старажытны і высокацывілізаваны, таму і матыў пярэваратніцтва ў іх знаходзіцца ўжо як бы на іншай ступені развіцця. Напрыклад, у многіх казках чалавек можа пражыць з жонкай усё жыццё і толькі неяк выпадкова даведацца, што яна на самай справе — ліса, значыць, унутры сябе — звер, мае жывёльную душу.
У Еўропе ўсё ж найбольш вядомыя ваўкалакі. Прычым сустракаліся яны намнога часцей, чым, напрыклад, вупары. Тыя паходзяць з даволі лакальнага рэгіёна — з Трансільваніі (Румынія), а ваўкалакі распаўсюджаны па ўсёй Еўропе: ад Францыі да Беларусі. Упершыню гэта з’ява апісана «бацькам гісторыі» Герадотам у V ст. да н. э. Ён па Дняпру даплыў да тэрыторыі цяперашняй Беларусі і пачуў тут пра мясцовы таямнічы народ неўры — нашых продкаў. Раз на год неўры ператвараліся ў ваўкоў. Ясна, што іх татэмам быў воўк і раз на год яны адзначалі свята, яму прысвечанае, калі апраналіся ў воўчыя скуры, уяўляючы сябе ваўкамі.
Неўры, Усяслаў Чарадзей, ваўчыца-карміцелька РОМУЛА і РЭМА — рэшткі нейкай надзвычай старажытнай і дзіўнай з’явы. Магчыма, магі дапатопнай цывілізацыі ўмелі змяняць сваю малекулярную структуру і, сапраўды, ператвараліся ў жывёл. Ёсць, праўда, даволі празаічнае тлумачэнне: нараджэнне дзяцей з атавістычнымі прыкметамі — воўчай поўсцю, хвастом, пасткай — магло нарадзіць сюжэт пра ваўкалакаў. І ўсё ж феномен, бясспрэчна, больш складаны.
Пярэваратні — героі каласальнай колькасці фальклорных і літаратурных твораў. З ваўкалакамі звязана псіхічная хвароба лікантропія, калі чалавек час ад часу адчувае сябе жывёлай. Прыступ страшны, ён праяўляецца не толькі псіхічна, але і фізічна: выцягваецца твар, пачынаюць хутка расці пазногці, б’е ліхаманка, з’яўляецца прага крыві. Паказальна, што хворыя пакутуюць на прыступы заўсёды падчас поўні. Дарэчы, ваўкі і сабакі вельмі не любяць поўні, выюць на яе. У ХVI ст. у Францыі была нават эпідэмія лікантропіі, выкліканая атручваннем спарыннёй, у якой потым знайшлі моцны наркотык.
Народныя казкі напоўнены вобразамі пярэваратняў. Асабліва шырока ў розных народаў былі распаўсюджаны сюжэты пра нявестаў ці жаніхоў у вобразах лягушак, лебедзяў, лісіцаў, мядзведзяў, змеяў і інш. Даволі часты гэты матыў і ў літаратурных казках, напрыклад, «Каліф-бусел» Карла Гаўфа, «12 лебедзяў» Ганса Хрысціяна Андрэсена. Кніга «Метамарфозы» старажытнарымскага паэта Авідзія Назона — гэта больш за 200 сюжэтаў шматлікіх ператварэнняў людзей у жывёл, дэльфінаў, птушак, дрэвы і кветкі. Беларускія і ўкраінскія былічкі літаральна напоўнены матывамі пра магчымасць вядзьмарак ператварацца ў розных жывёл. У вёсцы, адкуль родам мая маці, таксама жыла такая вядзьмарка, якая, паводле ўпэўненасці ўсіх жыхароў вялікага і даволі блізкага да Гомеля сяла, любіла ператварацца ў свінню: яе нават фашысты падчас акупацыі баяліся. Такі ж матыў трапіў і ў літаратуру — адзін з найбольш распаўсюджаных яго варыянтаў у Еўропе наступны: ведзьма-пярэварацень, атрымаўшы ў выглядзе звера рану ад чалавека, аказваецца жонкай гаспадара маёнтка з такой жа ранай. Здольнасці ведзьмакоў ў казках часта азначаюць не што іншае, як уменне разумець мову птушак і звяроў і ператварацца ў іх. Напрыклад, у беларускай казцы вядзьмак перакідваецца ў ваўка, шчупака, пеўня, а яго вучань — у каня, ярша, ястраба.