В.Дунін-Марцінкевіч шырока выкарыстоўваў фальклор, часта апісваў у сваіх творах народныя абрады, асабліва Купалле («Купала»), згадваў і некаторыя міфалагічныя персанажы, напрыклад, казачных сабак Стаўры і Гаўры. Але ў творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча міф — якраз у найбольшай ступені прыём, пазбаўлены філасофскага напаўнення.
У цэлым развіццё беларускай літаратуры ў ХІХ ст. ішло па шляху ўзмацнення не ўмоўнага, а рэальнага планаў. Але нават у буйнейшага мастака-рэаліста другой паловы ХІХ ст. Ф. Багушэвіча сустракаецца шэраг фальклорных вершаў, якія сістэмай вобразаў своеасабліва паўтараюць «Шляхціца Завальню»: дзейнічаюць у іх чорт, ведзьмы. А ў працяг традыцыі апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» Багушэвіч малюе ў вершаваным апавяданні «Быў у чыстцы» іншасвет, толькі ў адрозненне ад «Тараса на Парнасе» тут паказваецца не Рай, а Чыстка.
Найбольш цікавы з фальклорных вершаў Ф.Багушэвіча — «Хцівец і скарб на святога Яна». У творы адразу некалькі міфалагічных матываў: пра продаж душы чорту, пра заклятыя скарбы, пра таемны лес, пра кветку-папараць. Лес тут — у духу народных казак — таксама ўвасабляе іншасвет: «У тым лесе заклятым не расло нічога, // Праз яго ніколі не ішла дарога, // Баяліся людзі ў той лес заходзіць…»
Такі таямнічы лес у міфалогіі азначае пераход, калі душа сустракаецца з нечым пагібельным і невядомым; вобласць смерці. У чароўны лес — другое вымярэнне — трапляюць, як у некаторых замовах на зло, паўзком, «ды наперад задам», праз лаз, як яшчарка ці гад. У лесе хцівец — пры дапамозе чорта і ведзьмы — здабывае кветку-папараць, якая даруе яму самыя разнастайныя і багатыя веды літаральна пра ўсё ў свеце (тое, да чаго імкнуліся ўсе містыкі) — сапраўдны Скарб, ды толькі хціўцу патрэбна іншае — золата. Кветка сама — як расплаўленае золата зямлі («кветачка, як слоньца»), толькі, на нашу думку, гэта «чорнае» сонца — тое сонца, якое прасоўваецца кожную ноч пад зямлёю на ўсход і выходзіць на паверхню зямлі — у працэсе свайго падарожжа — толькі раз на працягу года: на Святога Яна (на Купалле), калі днём свяціла стаіць у зеніце. Але ўсё ж Папараць — сонца, хоць і сонца надзіра, а не зеніта. Вось чаму яна — сімвал шчасця ў беларусаў — сімвал надзвычай глыбокі. Сімптаматычна, што ён як бы заканчвае сабою развіццё беларускай літаратуры ХІХ ст., як сімвал Кнігі (у Сімяона Полацкага) фактычна заканчваў развіццё літаратуры Сярэднявечча, якое прайшло ў нас менавіта пад знакам пісьменнасці. Гэтым двум сімвалам — Прыроды і Культуры — суджана аб’яднацца неўзабаве — у беларускай літаратуры самага бліскучага свайго перыяду — пачатку ХХ ст.
Такім чынам:
Беларуская літаратура ХІХ ст. прасякнута міфалагічна-фальклорнай стыхіяй. Паралельна яшчэ існаваў, плённа развіваўся ўласна аўтэнтычны фальклор, і літаратура чэрпала непасрэдна з гэтай крыніцы. Пры гэтым міфалагічная семантыка трапляла ў прыгожае пісьменства іменна праз фальклорныя жанры, але без глыбокага асэнсавання аўтарамі. Увогуле ў ХІХ ст. даволі распаўсюджаным было вузкапрагматычнае стаўленне да фальклору: пісьменнікам здавалася, што праз фальклор яны «апускаюцца» да селяніна, будуць яму больш зразумелымі. Між тым магістральны шлях развіцця літаратуры — у злучэнні сакральнасці і глыбокага філасафізму з арнаменталізмам, багаццем матываў і вобразаў — галоўным дасягненнем прыгожага пісьменства ХІХ стагоддзя.
Спасылкі
1 Цытата гэтая і наступныя даюцца з «Камароўскай хронікі». ►
2 Гарэцкая Г. Дзядзька Гурык // Полымя. 1993. № 1. С. 160–182. ►
3 Гарэцкі Р. Першы арышт // Літ. і мастацтва. 1993. № 34 і 35. ►
4 Адамовіч А. Браму скарбаў сваіх адчыняю… Мн., 1980. С. 22–23. ►
5 Дубовец С. Макснм Горецкий. Неюбилейное слово // Неман. 1993. № 2. С. 92–94. ►
6 Горецкая Г. Открытое письмо в редакцию журнала «Неман» // Неман. 1993. № 10. С. 167–169. ►
7 Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990. С. 437 ►
8 Гарэцкі М. Скарбы жыцця // Полымя. 1993. № 2. С. 22. ►
9 Гарэцкі М. Творы. С. 431. ►
10 Гарэцкі М. Творы. С. 432. ►
11 Гарэцкі М. Творы. С. 407. ►
12 Гарэцкі М., Горецкий Л. На імперыялістычнай вайне. Письма с Фронта. Мн., 1987. С. 160, 163, 164, 167, 172. ►
13 Арсеннева Н. Я не палітык. ніколі ім не была // Роднае слова. 1993. № 1. С. 17–22. ►
14 Сухі А. З юначых гадоў // Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984. С. 63–65. ►
15 Гарэцкі М. Творы. С. 161. ►
16 Пецюкевіч М. З тых далёкіх часоў // Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. С. 87–88. ►
17 Ганчарык М. Даўняе, роднае // Максім Гарэцкі: Успаміны, ар-тыкулы, дакументы. С. 66–70. ►
18 Гаўрук Ю. Сустрэчы ў Горках і Мінску // Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. С. 75–79. ►