Выбрать главу

Феномен пярэваратняў ляжыць у аснове, як ні парадаксальна, вельмі важнай культурнай з’явы — параўнанняў у фальклоры і ў літаратуры. Троп фарміруецца проста: спачатку «чалавек-птушка» (мог быць чалавекам, а мог і птушкай), пасля — «чалавек як птушка». Раней набор татэмаў быў шырокі — розныя жывёлы ды птушкі. Адсюль у народнай творчасці: «хлопец як сокал», «дзяўчына — лебедзь белая». У «Слове пра паход Ігаравы» Усевалад параўноўваецца з турам, Ігар — з гарнастаем, ваўком, сокалам, Яраслаўна — з зязюляй. Адна з самых вядомых рускіх казак (дарэчы, надзвычай старажытная) — «Царэўна-лягушка». Аналагі яе ў Кітаі — «Дзяўчына-паўлін» або «Лягушка-імператар» (днём — рэптылія, ноччу — юнак). Ёсць падобныя і ў шмат якіх іншых народаў. Бясспрэчна, маглі ўтварацца параўнанні і паводле іншага прынцыпу, але найбольш старажытныя — ад татэмізму.

Рэінкарнацыя.

Адна з трактовак бессмяротнасці чалавека — рэінкарнацыя, перасяленне душы з цела ў цела, паняцце, характэрнае не толькі для міфалогіі, але і для рэлігіі, філасофіі. У некаторых сусветных рэлігіях (індуізм, будызм) рэінкарнацыя — асноўная ідэя, галоўны дагмат. Хрысціянства не прызнае рэінкарнацыі, але Усяленскі сабор асудзіў яе толькі ў VІ ст., значыць, да таго і хрысціяне верылі ў перасяленне душ. Большасць філосафаў антычнасці лічылі рэінкарнацыю (метампсіхоз) рэальнасцю. Так, Піфагор сцвярджаў, што душа праходзіць паступова праз усе царствы прыроды, бывае ў целе і млекакормячай жывёлы як апошняй інстанцыі на шляху да чалавека (а да таго — птушкі, рэптыліі, рыбы, насякомага, расліны, каменя). І наадварот, пасля смерці чалавека душа пераходзіць у цела татэмнай жывёлы. У нашага народа таксама захаваліся рэінкарнацыйныя ўяўленні — вера ў перасяленне душы ў птушку, матылька. На могілках прынята карміць птушак — душы памерлых. У іншых народаў душы пераходзяць не толькі ў птушак (у англічан — канкрэтна ў воранаў), але і ў пчол, змеяў, іншых жывёл. Сярод маракоў да нашага часу шырока распаўсюджана павер’е, што душы загінуўшых на моры ператвараюцца ў марскіх птушак: буравеснікаў, альбатросаў, чаек. Забойства такой птушкі прарочыць няшчасце, як у вядомай баладзе французскага паэта Шарля Бадлера. Толькі на вельмі позніх ступенях развіцця міфалагічнай свядомасці душа пачала ўяўляцца нябачнай сутнасцю. А ў старажытных цывілізаваных народаў (егіпцян, кітайцаў) душа нават складалася з некалькіх частак, якія і называліся па-рознаму, напрыклад, у Егіпце «ка», «ба», «анх».

Магічная сувязь.

Пра сімбіёз чалавека і жывёлы, пра нейкія таемныя сувязі паміж імі, пра ўздзеянне асобных людзей на жывёл сведчаць шматлікія факты. Напрыклад, у 60-я гады ХХ ст. сусветны друк шмат пісаў пра судовыя працэсы супраць асобных прадстаўнікоў афрыканскіх плямёнаў «кракадзілаў». Людзі і жывёлы жывуць там спрадвек у поўнай згодзе, дзеці купаюцца разам з кракадзіламі, лезуць ім, не баючыся, у пасткі, бо ў рэптыляў на генетычным узроўні трывала занатавана: людзей менавіта гэтай крыві — не чапаць. Затое з дапамогай названай жывёлы знішчалі ворагаў з іншых плямёнаў.

Лічыцца, што змеі абсалютна некантактныя ў адносінах да чалавека. Але недзе на іншым узроўні, не на ўзроўні банальнай дрэсіроўкі, такі кантакт аказваецца магчымым. Так, падчас вакханалій у эпоху антычнасці на востраве Крыт і ў Грэцыі вакханкі вешалі сабе на шыі змеяў, падперэзваліся імі і так бегалі па палях і лясах. (Гэта занатавана ў пластыцы — малой скульптуры: так званыя «жрыцы са змеямі».) І сёння ў некаторых краінах ёсць секты, удзельнікі якіх падчас малельных спеваў і танцаў прыходзяць у экстаз — на іх сыходзіць Дух Святы, і сведчаннем таму з’яўляецца пачуццё асаблівай абароненасці: святар адкрывае тэрарыум, які знаходзіцца тут жа, у зале, і перадае з рук у рукі атрутных змеяў. Асабіста я лічу, што пад час экстазу ў людзей змяняецца іх біяполе, і асаблівыя выпраменьванні як бы наркатызуюць рэптылій, таму яны і бяскрыўдныя. Але ёсць факты і іншага парадку.

У навуковай этнаграфічнай літаратуры шырока вядомы такі выпадак. У СССР у страшным 1937 годзе паступіў загад: загнаць у канцлагеры або расстраляць усіх шаманаў (барацьба з цемрашальствам!), а іх тады яшчэ было многа ў Сібіры. Адзін з шаманаў у Бураціі не стаў чакаць арышту, а збег у тайгу. Там склаў хатку і жыў паляваннем. Нехта данёс на яго, і за ім прыехалі чацвёра чэкістаў на конях. Ён убачыў іх здалёк на сопцы, выйшаў з хаткі і неяк па-асабліваму свіснуў. І тут жа да яго з усіх бакоў хуценька папаўзлі змеі — невядома адкуль. Калі чырвонаармейцы пад’ехалі, яго абляпіў суцэльны клубок гадаў. А ён з усмешкай сказаў чырвонаармейцам: «Ну, бярыць мяне цяпер». Тыя — звычайныя рускія хлопцы — так спужаліся, што тут жа павярнулі коней і панесліся назад. Пасля яны ледзь не трапілі пад трыбунал за тое, што не прывезлі ведзьмара. Але ён выжыў. Сёння ж феномен шаманства вывучаюць самыя сур’ёзныя вучоныя.