Выбрать главу

Іншы падобны эпізод звязаны з імем самага шануемага рускага святога Сергія Раданежскага. У сярэдзіне ХІV ст. ён пасяліўся ў глухім лесе, паклаўшы пачатак у далейшым знакамітай Троіцка-Сергіевай лаўры. У тых мясцінах тады было поўна змеяў, і паломнікі, якія ва ўсё большай колькасці прыходзілі да Сергія, пакутвалі ад іх. Святы наклаў закляцце, загадаў змеям пакінуць троіцкія лясы. З тых часоў раён вакол Лаўры радыусам прыкладна 20 км абведзены як бы нябачнай рысай, якую не пераходзіць ні адна рэптылія. Закляцце трывала адбілася ў іх генетычнай памяці — гэта, бясспрэчна, адна з самых вялікіх загадак быцця.

У Саратаўскай вобласці таксама ёсць мясціна, на якую здаўна было накладзена закляцце: гэта луг, пасярод яго сцежка — па адзін бок ад яе водзяцца вужы і змеі, па другі — не, а калі іх перакідваюць туды — хуценька ўцякаюць. У нас у Беларусі нават у ХХ ст. захаваліся мясціны, дзе на ноч можна было спакойна пакідаць пасвіцца свойскую жывёлу — накладзена было закляцце ад ваўкоў. Лічыцца, што магутны вядзьмак можа закляццем, псіхалагічным бар’ерам абараніць ад драпежнікаў вялікі абсяг тэрыторыі. Можна было б растлумачыць гэты дзіўны факт веданнем жрацамі-язычнікамі асаблівых геапатагенных зон, якія не выносяць жывёлы. Але тады закон распаўсюджваўся б і на свойскую жывёлу, якая яшчэ больш чуллівая да такіх мясцін. Значыць, старадаўнія вешчуны сапраўды ведалі нейкія незвычайныя замоўныя словы, разлічаныя менавіта на мядзведзяў і ваўкоў. Самыя дзейсныя тэксты падобных закляццяў звычайна ніколі не распавядалі збіральнікам фальклору — яны перадаюцца з вуснаў у вусны і толькі блізкім родзічам. Ды і веданне тэкстаў — яшчэ не ўсё: гэта прыкладна тое ж, што вывучэнне правіл дарожнага руху пры няўменні вадзіць машыну. Акрамя ведання закляццяў, неабходна валоданне і вельмі няпростымі псіхалагічнымі прыёмамі (уменнем уваходзіць у асаблівы стан свядомасці), ды і наяўнасць пэўных генетычных паказчыкаў.

Гіпнатычна ўздзейнічалі на жывёл многія выдатныя людзі ў гісторыі. Напрыклад, вялікі філосаф Піфагор (VI ст. да н. э.) позіркам спыняў статак раз’юшаных быкоў. У Старажытным Рыме, дзе плябеі патрабавалі, як і сёння, «хлеба і відовішчаў», часта ў цырках, скажам, у Калізеі наладжвалі прадстаўленне з раздзіраннем хрысціян дзікімі звярамі, якіх спецыяльна для гэтага звозілі з усяго свету. Аднак часам сярод хрысціян знаходзіліся святыя людзі, да якіх драпежнікі падыходзілі і лашчыліся, лізалі рукі на вачах у тысяч гледачоў. Натуральна, што такія факты дадавалі прыхільнікаў да Святой Царквы.

Ужо ў наш час любы гаспадар любімага сабакі ці ката можа расказаць шматлікія гісторыі пра асаблівую чуйнасць іх сяброў-жывёл да настрояў і станаў людзей. Тое, што мы лічым асаблівай містычнай сувяззю паміж чалавекам і жывёлай, бясспрэчна, яшчэ нейкія непазнаныя законы прыроды, поўнай таямніц і загадак.

Татэмізм — з’ява надзвычай старажытная, але настолькі важная, што захавала сваё значэнне і ў пазнейшыя эпохі. Рэшткі яго не зніклі да нашага часу.

Татэмізм знаходзіць наступныя праяўленні ў культуры:

Татэмныя жывёлы звязаны з кулінарным мастацтвам, з асаблівымі харчовымі прыхільнасцямі (і наадварот, табу на ежу) розных народаў, напрыклад, забарона ў іудаістаў ўжываць свініну і трусоў; беларусы не елі рыбу сама.

Рэшткамі татэмізму можна лічыць і адметнасці ў адзенні. Напрыклад, рагатыя шлемы ў вікінгаў і ў тэўтонскіх рыцараў. У французскай Брэтані яшчэ ў пачатку ХХ ст. у кожнай вёсцы насілі асаблівыя галоўныя ўборы, якія называліся імем якой-небудзь жывёлы. Асабліва выразны татэмістычны характар носіць абрадавае адзенне ў вельмі многіх народаў Афрыкі і Азіі. У племені масаяў толькі юнак, які прайшоў ініцыяцыю (своеасаблівы экзамен), меў права насіць у выглядзе плашча львіную скуру. Некаторыя ўпрыгожанні таксама паходзяць ад амулетаў-абярогаў, якімі часта выступалі зубы, рогі, когці, часткі скуры татэмных жывёл.

Дэкаратыўнае мастацтва многіх народаў захавала моцную сувязь з татэмізмам: упрыгожанні ў выглядзе жывёл, птушак на дамах («канёк» на стрэхах славянскіх хат; капітэлі калонаў у выглядзе галоў быкоў у Грэцыі; рогі аленяў, ласёў, зуброў на франтонах; скульптуры львоў каля ўваходаў палацаў і інш.), арнамент; матывы вышыўкі (пеўні, алені); дэкаратыўнае аздабленне прадметаў побыту. Існаваў нават асаблівы «звярыны стыль» скіфскага мастацтва, але і пазней адлюстраванне жывёлы застаецца ў арсенале дэкаратыўнага мастацтва і так званай анімалістычнай скульптуры. Шырока прадстаўлены жывёлы і ў геральдыцы.