— Ну, пайшлі, дачка, на воз, — падышоў і ціха сказаў Гаптар.— Усё роўна ехаць трэба...
— Камця i вы, цёця, я ніколі нічога благога не скажу на Крычаты, — прамовіў я.
— Дзякуй, сынок, — пацалавала мяне ў лоб гаспадыня.— Будзь шчаслівы i не забывай нас. I будзь заўсёды такі разумны... Дасць бог, яшчэ ўбачымся...— яна ўзяла Камцю за руку i павяла да воза.
Нечакана падышоў да мяне Гаптар, падаў моўчкі руку, моцна паціснуў маю, не прамовіў i слова, зноў хутка-хутка пайшоў да калёс. Я зусім разгубіўся, стаяў i глядзеў, як яны паселі — гаспадар уперадзе, спіною да мяне, а жанчыны прымасціліся ззаду, тварам сюды.
Гаспадар цмокнуў, махнуў лейцамі, i конь крануўся. Заляскалі на возе цабэркі, зацерлася аб атосу пярэдняе кола, правае задняе кола было зусім крывое, ківалася ў бакі i шмаравала па лястцы.
Жанчыны сталі махаць рукамі — сваёй хаце і, відаць, мне. Следам за імі бег i шчанюк.
Я, разгублены i заплаканы, стаяў на чужым пустым двары i адчуваў, як штосьці вялікае, дарагое, моцнае выплывае з маёй душы, імкнецца туды, за лес, у якім схаваўся нагружаны клункамі воз...
— Ідзі, мурза, вымыйся, — зласнавата сказала мне маці, — такога бруднага з сабою не вазьму, не хачу, каб чужыя людзі смяяліся ды пальцамі паказвалі.
Я даўно ведаў, куды збіраецца ісці сёння мама, вельмі хацеў пайсці з ёю i цяпер моўчкі выслухаў, як яна папракала мяне. Я знаў, што другім разам дасталося б ад маці матуза па спіне ці яна прыстрашыла б: калі я такі непаслухмяны, неахайны, то пакараюць — абстрыгуць маю чупрыну, будзе галава голая, як бубен, i ніколі мне новага, людскага чаго не купяць. Словам, з гэтай часіны возьмуцца за мяне, бо далі неразумную патолю, i я стаў вялікім раздуронцам...
Але маці цяпер не напомніла гэтага, не пастрашыла, i я ўзрадаваўся, пабег да студні, выцягнуў вядро вады. Выліў яе ў доўгае i глыбокае карыта, адарваў галінку палыну i адагнаў пчол, якія пачулі вільгаць i прагнулі асвяжыцца, лезлі да вады, тады намыліў «запушчаныя» рукі, «чорныя, з куранятамі» ногі i пачаў церці ix пяском i сухадзяроўкаю, заплюшчваючы ад болю вочы.
Калі рукі мае i ногі не так пачысцелі, як пачырванелі, зайшліся ад сцюдзёнай вады, я пакінуў драць ix і, ступаючы на пятках, вярнуўся ў хату.
— Людское дзіця адзенуць, i яно дзень чысценькае ходзіць, а ты ды Ганя... Не цэніце вы маёй працы, не шкадуеце рук маіх, — гневалася маці i здзірала праз галаву маю брудную кашулю, — толькі ведаю — дзянёчак цэлы ля вас таптацца: карміць, абмываць ды пераадзяваць.
Я стаяў, моўчкі нацягваў свежыя штонікі, апусціўшы галаву, слухаў маці: праўда была яе. Перад полуднем я ўжо мяняў майку, скідаў брудную i надзяваў чысценькую, але нядаўна, як прагнаў карову на пашу, сустрэўся ca сваім лепшым сябруком, суседам Антонікам, капаў з ім «акопы», добра прапацеў, пасля мы не паладзілі i абсыпалі адзін аднаго пяском...
Нехаця я надзеў штонікі: не любіў ix. Былі яны выцвелый, кароценькія, на шлейках, зусім «дзяціныя», а я даўно ўжо хацеў доўгія, па костачкі, з кішэнямі, «мужчынскія», каб у ix зацягваўся рэмень. Антонік, як i я, скончыў гэтым летам чатыры класы, але мае цёмна-сінія «дарослыя» порткі, хваліцца, пасміхаецца, што ў мяне такіх няма.
Я многа прасіў маці купіць i мне такія штонікі, бо ўжо, гаварыў ёй, не малы, саромлюся насіць «майткі» на шлейках ці шаравары на гумцы. Маці абяцала «расстарацца», але пасля забывалася, распорвала бацькавы зношаныя фрэнчы i штаны, выразала з ix цэлыя, не працёртыя кускі i сшывала з ix мне «портачкі», якія былі зноў без кішэняў. I я не быў рады ім, чакаў той любай часіны, калі буду мець «мужчынскае» новае адзенне...
I вось сёння гэты дзень настаў: маці збіраецца ісці ў суседняе мястэчка купляць мне касцюм. Гэта будзе мой першы «куплены» касцюм: сёлета я скончыў «школку» ў сваёй вёсцы i пайду «ў людзі» — у пяты клас суседняй дзесяцігодкі, i бацька з маці рашылі, што не выправяць мяне ў чужую вёску неахайным, горшым за людскіх дзяцей, «выкамбінуюць» мне яшчэ новыя чаравікі i паліто.
Дзед Караль часта гаворыць, што i цяпер я «разумны»: умею чытаць, пісаць, складаць вяскоўцам заявы, лісты, чытаю пра навіны ў газетах, i ён кажа, што мне ўжо i гэтай навукі хопіць, да нядаўняга ў вёсцы ніхто далей чацвёртага класа не вучыўся. Як бацька i маці, я дзеда не слухаю, хачу яшчэ вучыцца, мару стаць лётчыкам — высока i ca свістам лётаць, збіваць варожыя самалёты, пускаць белы дым па небе i калі-небудзь пакатаць маму i сястрычку, яны ніколі не ляталі на самалёце, толькі што бачылі яго ў небе...