Неўзабаве Чапроўская, несучы карзіну, дачыльгікала сюды. Кульгала, абапіраючыся на кавеньку, але ішла досыць хутка.
—Якая ты белая...— не павітаўшыся, занепакоілася яна, не зводзячы позірку з Яніны.— Блажыць?
—Відаць, перагрэлася на сонцы, дык вот крыху i пабялела, — паспрабавала ўсміхнуцца Яніна, але ўсмешка яе была не зусім вясёлая i гарэзная, як звычайна бывав пры добрым настроі.
—Ці не на сабе цягнеце вы сырняк? — здзівілася Чапроўская.— А дзе ж ваш конь? Ды во i вупражы нідзе ніякай не бачу...— i з падазронасцю зірнула на ix абаіх.
—Уцёк ад нас Рыжы, — стараючыся не пазіраць матцы ў вочы, сказала Яніна.— Ведама, чуж-чужаніца, як толькі сарваўся з прывязі, дык i марсянуў дадому. Ці нават i ў свет белы.
—Дык самі цягаеце такі ценжар? — пахітала галавою Чапроўская, а пасля i папікнула: — Ці не падурэлі вы?! Цягнучы за каня, i падарвацца можна. Ты ж, — зірнула на Яніну, — дзяўчына, а ты, — перавяла позірк на яго, — яшчз ж нядаўна на жаўтуху хварэў, печань у цябе слабая... Падарвяцё змоладу, так перасільваючыся, здароўе — белы свет мілы не будзе... Скідай, хлопец мой, бервяно во гэтае, самае тоўстае, потым яго забярэш...
Васіль паслухаў, залез на бярвёны, стаў адною нагою на пярэднюю ручку, другою — на сярэдняе бервяно, ухапіўся рукамі за камель крайняга бервяна i папхнуў яго між ног назад, пакуль не скінуў з перадка. Пасля, злезшы, зайшоў за задок калёс, яшчэ, вышэй задняй ручкі, надняў узняты канец бервяна i скінуў яго долу, нагою адкаціў на ўзбочыну. Пакуль ён рабіў гэта, Чапроўская ўсё ўшчувала ix абаіх. У яе словах была праўда, але, канечне, няможна было цяпер, у такіх умовах, жыць па гэтай праўдзе. Хочаш ці не хочаш, але мусова трэба было якраз не спаць у шапку i не асцерагацца. Праўда, кабеты пасля злёгку падпіхнулі, i ён калёсы з двума бярвёнамі пацягнуў без вялікай натугі. Чапроўская ішла ззаду i ўсё ці то дакарала Яніну, ці пра нешта ў яе строга дапытвалася. Колькі разоў азірнуўшыся, Васіль бачыў, што Яніна нібы без ахвоты адказвае i ідзе, апусціўшы галаву.
На хутары Васіль з рэўнасцю чакаў, што скажа старая Чапроўская пра зямлянку — пра іхнюю сумесную работу ды пра іхняе першае ў іхнім жыцці сумеснае жытло. Але тая нічога не сказала, толькі з ахвотаю схавалася ад спякоты ў зямлянку, дастала з карзіны i выклала на стол звязаную хустку з яйкамі, абвязаны збанок (мусіць, з малаком), слоік смятаны, а таксама i боханчык вайсковага чорнага хлеба.
—Сядзьце, з'есце трохі, — лагодна ўжо прамовіла Чапроўская.
—Дзякую, мама, — сказала Яніна, — няхай Васіль перакусіць, а я прылягу, — i легла на палок.
—А што ж вы тут ясцё? — запытала Чапроўская.
—Ды не галадаем, мама.
—Бачу, што надта сытыя... Аж «ляўціць» усё i на адным, i на другім... Шчокі ўпалі, вачэй не відаць...
—Хлеб i тушонка, праўда, скончыліся, — прызналася Яніна, — але картофлю-самасейку капаем, булён ці шчаўе варым... Я нават шчаўе на зіму крышу...
—Зерне пражым, — дадаў Васіль, не могучы паадолець сліну, што гнала i гнала ў рот, калі ўбачыў такі вабны, смачны цешчын пачастунак.— Яблыкі-скараспелкі ходзім у Ляджа рваць... Там не згарэла, уцалела колькі яблынь... Увосень грыбоў на зіму насушым, грыбныя поліўкі будзем варыць...
—Адным словам, як паны жывяцё, — усміхнулася Чапроўская.
—Ды не прападзём, мама, — сказала Яніна.— Жылі людзі ў зямлянках, будзем жыць i мы.
—Я за свой век аж чатыры разы ў зямлянках жыла, — уздыхнуўшы, загаварыла госця, села пры стале.— Першы раз жыла, калі яшчэ малая была. Тады наша, яшчэ дзедава, хата ад маланкі згарэла — агонь палавіну Янковіч як языком злізаў. Пасля гэтага мы выбраліся з вёскі, пачалі жыць у Ляйтарках. Вось там, калі пачалася тая, першая, вайна з немцамі, нашу новую хату царскія салдаты на мост разабралі, змусілі зноў рабіць зямлянку. На трэці раз загналі ў зямлянку немцы, на чацвёрты — палякі... Цяпер вот, калі выганіць Кажушка, прыйдзецца пяты раз у зямлю рыцца...— горка пахітала галавою, зірнула нібы невідушча, — Іншы раз калі падумаеш, успомніш усё, дык аж дзіва альбо страх бярэ: божа, колькі чаго выпала на долю, колькі чаго можна выцерпець... A колькі яшчэ чаго наперадзе будзе... Босыя, без кала ł двара, без жаднай жывёлінкі, без гаспадара...
—A хіба Васіль ужо не гаспадар? — запытала Яніна, лежачы на палку i, здаецца, ужо ачуньваючы, — Хіба благую зрабіў зямлянку? Хіба не змайструе пазней хату?
—Зямлянка ў вас i праўда неблагая. Відаць, Вацік як быў у партызан, дык навучыўся ў ix, — усміхнулася Чапроўская, крышку падбадзёраная дачкою. Але тут жа, нешта ўспомніўшы, зноў засмуткавала, нават панікла.— Я i з-за вас, дзеці, начэй не сплю, але...— Зусім спахмурнела.— Бачу: будзеце жывыя — будзеце жыць. Не прападзіцё, як вы кажаце. А вот з-за Янака ўтрая мяне цяпер сон не бярэ...— Заплюскала вачыма, не стрымала слёз.— Я спачатку, калі вы прыйшлі i сказалі, што ён вытварыў, не паверыла. Думала: можа, нагаварылі людзі, бачылі ці не бачылі, а плятуць. Калі ўцёк, дык не павінен ён абы з кім туляцца, лаўкі, як кажаце, абіраць, на начальства цяперашняе кідацца... Аж учора чуем уночы стук у шыбіну. Выйшаў Кажушка ў сенцы i тут жа зноў ідзе ў хату. Вас, кажа мне, кліча Янак. У мяне i ногі памлелі, сэрца абарвалася: ускочыў-такі ў пастку, пайшоў па сабачай сцежцы недавярак... «Сыночак ты мой, сыночак, — кажу яму ў хаце, — хай бы ты лепш не радзіўся ці малы памёр... Што ж ты сам губіш сябе? Мяне без пары ў магілу гоніш? Род наш знеслаўляеш?! Яня з Вацікам вунь на бацькаўшчыне ўжо сваёй, жыць як людзі пачалі, а ты... Ды ў той час, калі ўжо Брэсце на нашым баку...»— «Такая ўжо мая доля, мама, — адказвае, — Няма ўжо мне ходу назад. У арміі мяне расстраляюць. I Вяршок расстраляе, калі я сыду ад яго... Буду пакуль што хавацца, а потым, можа, з'еду куды...» — «Ідзі, злыдзень, — кажу, — да Васюкова, папрасі, каб заступіўся. Не ўхаваешся i не збяжыш, не ўратуешся нідзе...» Колькі ні прасіла, ні ўгаворвала, не паслухаў. Узяў чыстую бялізну i пайшоў з хаты ў ноч... Куды, чаго пайшоў, адзін чорт ведае...